Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Граніцы павінны быць свяшчэннымі і недатыкальнымі”

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Беларусь — востраў бяспекі на Еўразійскім кантыненце. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы Беларусі органамі пагранічнай службы ў 2018 годзе.

“Мы выдзяляем нямала сродкаў для аховы дзяржграніцы. Беларусь — востраў бяспекі сёння ўжо на Еўразійскім кантыненце. Мы нясём значныя затраты, перашкаджаючы розным мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам пранікнуць ў Еўропу і назад на Усход. Выконваем важную міжнародную функцыю”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Але, скажу шчыра, міжнародная супольнасць, асабліва еўрапейцы, ды і расіяне маглі б фінансава больш актыўна паўдзельнічаць у тым, каб падтрымаць нашы намаганні па барацьбе з рознымі правапарушальнікамі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па яго даручэнні летась Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі праверыў практычную дзейнасць органаў пагранічнай службы. Ён пацікавіўся, як выконваюцца раней дадзеныя даручэнні. “Ад старшыні Дзяржпагранкамітэта хацеў бы пачуць аб сітуацыі на граніцы і выніках работы ў 2017 годзе. Якія карэктывы вы ўносіце ў сувязі з гэтым у ахову рубяжоў нашай краіны?” — задаў пытанне прэзідэнт.

Па выніках дакладаў кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы Беларусі ў 2018 годзе.

Рашэнне на ахову дзяржграніцы прынята з улікам новых элементаў абстаноўкі. У іх ліку — узмацненне сумежнымі дзяржавамі аховы знешняй граніцы Еўрасаюза ў сувязі з міграцыйным крызісам, а таксама павышэннем узроўню тэрарыстычнай небяспекі ў краінах Заходняй Еўропы; захаванне высокай рызыкі кантрабанднага перамяшчэння ў Беларусь зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і іншых сродкаў тэрору.

Прыярытэтнымі задачамі органаў пагранічнай службы вызначаны папярэджанне нелегальнага пранікнення ў Беларусь тэрарыстаў, экстрэмістаў, а таксама перамяшчэння сродкаў тэрору, экстрэмісцкай і іншай злачыннай дзейнасці; недапушчэнне нелегальнага перамяшчэння ў краіну кантрабандных грузаў і іншых тавараў; барацьба з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам; нарошчванне інфраструктуры на граніцы і прыгранічнай тэрыторыі.

Для вырашэння названых задач сумесна з мытнымі органамі прадугледжваецца ўдасканаленне парадку пропуску праз граніцу фізічных асоб і транспартных сродкаў, удасканаленне сістэмы маніторынгу абстаноўкі, укараненне ў дзейнасць органаў пагранічнай службы новых тэхналогій.

У рашэнні таксама ўлічаны змяненні ў структуры тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы, звязаныя з выстаўленнем новых падраздзяленняў на ўкраінскім і прыбалтыйскім напрамках.

Прэзідэнт лічыць неабходным удасканальваць сістэму процідзеяння пагрозам і выклікам бяспецы граніц Беларусі, абнаўляць формы далейшага развіцця пагранічнага ведамства. “Пагранічная бяспека, абстаноўка на рубяжах Беларусі — гэта найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Гэта звязана перш за ўсё з міжнароднай сітуацыяй вакол Беларусі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Вы ведаеце, што адбываецца ў Еўрасаюзе, усходняя граніца — мы нядаўна аб гэтым падрабязна гаварылі ў час абмеркавання нашых візавых праблем з Расійскай Федэрацыяй. Паўднёвая граніца — украінскі напрамак — знаходзіцца пад уплывам тых працэсаў, якія адбываюцца перш за ўсё ва Украіне, — адзначыў прэзідэнт. — Што тычыцца балтыйскага напрамку — тая рыторыка, якая гучыць у гэтых краінах, што нас прылічваюць разам з Расіяй ледзь не ў разрад агрэсараў, — гэтыя заявы таксама не праходзяць міма нашых вушэй. Словам, праблем хапае, хоць яны не з’яўляюцца абсалютна вострымі праблемамі, якія патрабуюць нейкага надзвычайнага рэагавання. Але порах трэба трымаць сухім, і граніцы, як і былі раней, так і цяпер павінны быць свяшчэннымі і недатыкальнымі”.

Паводле слоў прэзідэнта, у Беларусі будуць удасканальваць сістэму процідзеяння пагрозам і выклікам бяспецы граніц, абнаўляць формы далейшага развіцця пагранічнага ведамства. “У найбліжэйшы час абстаноўка на граніцы карэнным чынам наўрад ці палепшыцца. Таму актыўнымі тэмпамі трэба працягваць абсталёўваць пагранічныя рубяжы, ствараць непасрэдныя нармальныя ўмовы для нясення службы пагранічнікамі, будаваць заставы, аснашчаць сучаснымі тэхнічнымі сродкамі дзяржаўную граніцу”, — даручыў прэзідэнт. “Мы нямала зрабілі і ў працэсе аптымізацыі за кошт скарачэння розных другарадных функцый, пасад і пераносу цэнтра цяжару на граніцу”, — дадаў ён.

Як патлумачыў па выніках даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо, Беларусь ідзе па шляху стварэння інтэлектуальнай дзяржграніцы.

Кіраўнік пагранведамства падкрэсліў, што ў пытанні ўдасканалення аховы знешніх рубяжоў упор робіцца на інтэлектуальны падыход і сучасныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць дыстанцыйна кантраляваць абстаноўку і выконваць задачы меншымі сіламі, чым гэта патрабавалася раней. “Многія парушэнні выяўляюцца дыстанцыйна. Наша мэта ў перспектыве — гэта інтэлектуальная граніца”, — сказаў ён.

Прэзідэнту было даложана аб выкананні тых задач, якія ставіліся перад органамі пагранслужбы на 2017 год. “Усе задачы мы выканалі. Калі гаварыць пра статыстыку, то на 20% больш затрымана парушальнікаў дзяржграніцы. Асабліва мігрантаў, якія ідуць у краіны ЕС. Калі ўзяць па затрыманні наркатычных рэчываў, то ў параўнанні з 2016 годам рост у 35 разоў”, — прывёў даныя старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Гаворачы пра ўзаемадзеянне з сумежнымі краінамі па пытанні забеспячэння пагранбяспекі, Анатоль Лапо адзначыў, што з Расіяй падпісана праграма добраўпарадкавання дзяржаўных граніц на 5 гадоў, якая прадугледжвае ў тым ліку будаўніцтва рубяжоў аховы, застаў. У гэтым плане ён звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення супрацоўніцтва ў гэтай сферы з партнёрамі з Еўрасаюза. “Гэтую работу трэба ўзмацняць. Каб нашы партнёры ведалі, што мы таксама абараняем іх рубяжы. Тая ж самая нелегальная міграцыя ў нас не застаецца — яна ідзе ў краіны Усходняй Еўропы. Трэба сумесна з гэтым злом змагацца”, — заявіў Анатоль Пятровіч.

“У бягучым годзе прэзідэнтам вызначаны задачы па прыярытэтах развіцця пагранічнага ведамства. Гэта і ўмацаванне бяспекі граніц на паўднёвым напрамку, будаўніцтва новых інжынерных збудаванняў, развіццё інфраструктуры. Галоўнае — не дапусціць пагаршэння пагранічнай бяспекі на нашых рубяжах”, — адзначыў старшыня Дзяржпагранкамітэта.

Адначасова ён падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды рады законапаслухмяным грамадзянам у пунктах пропуску. Так, у Нацыянальным аэрапорце павялічана колькасць змен, паступова абнаўляюцца і мадэрнізуюцца пункты пропуску, удасканальваецца іх інфраструктура і прапускная магчымасць.