Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што выбраны Прэзідэнтам ЗША Дональд Трамп мае магчымасць увайсці ў гісторыю сваёй краіны, вырашыўшы шэраг унутрыдзяржаўных праблем. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў віншавальным пасланні Дональду Трампу напісаў аб тым, што ён не прынізіў дэмакратыю, а своечасова ўзварушыў Амерыку, каб гэтую дэмакратыю захаваць. “Ён можа трапіць у гісторыю, калі сапраўды за час прэзідэнцтва ўзварушыць Амерыку, — заявіў беларускі лідар. — Людзі былі даведзены да таго, што рабочы клас за яго прагаласаваў, нягледзячы на тое, што ён багач. Гэта значыць, унутры Амерыкі наспелі вельмі сур’ёзныя праблемы. І яго галоўнай задачай будзе вырашэнне гэтых унутраных праблем. І не толькі за кошт друкавання долараў, таму што гэта таксама будзе мець негатыўныя наступствы”.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пэўны заняпад і апатыя ў ЗША бачны простым вокам. Ён успомніў аб сваім мінулагоднім візіце ў ЗША і негатыўных уражаннях ад убачанага пасля прылёту ў Нью-Ёрк. Гэта перш за ўсё тычылася знешняга выгляду і недагледжанасці тэрыторыі па шляху перамяшчэння. “Гэта не тая Амерыка, якую я бачыў гадоў дзесяць назад, — падкрэсліў прэзідэнт. — Людзі ж ацэньваюць стан спраў адразу, выходзячы з самалёта”.
Гаворачы аб той палітыцы, якую на прэзідэнцкай пасадзе будзе праводзіць Дональд Трамп, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна будзе крыху адрознівацца ад таго, што можна было бачыць з падачы СМІ. “Мы не былі ў яго на перадвыбарных сходах, у цэлым не бачылі і не чулі, што ён гаварыў, а СМІ скажалі яго заявы. Таму пажывём — пабачым. Але галоўнае — гэта ўнутраныя праблемы, якія яму давядзецца вырашаць, — лічыць беларускі лідар. — Трамп павінен быў быць прэзідэнтам у гэтай краіне, і ён стаў прэзідэнтам”.
Адначасова кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што не ўсё з заяўленага ў ходзе перадвыбарнай кампаніі будзе рэалізавана менавіта так. А адзін з прыкладаў — заявы аб будаўніцтве сцяны на граніцы ЗША. “Гэта было вобразнае выказванне (аб будаўніцтве сцяны. — Заўв. БелТА.), каб абараніць амерыканскае грамадства ад пранікнення розных непажаданых элементаў, — адзначыў беларускі лідар. — У чым Трамп не мае рацыі? Абсалютна мае рацыю. Але ён па-папулісцку выказаўся. Потым паправіў: “Не, дзе-нідзе будзе агароджа, а дзе-нідзе наогул нічога ставіць не трэба, таму што там ніхто ніколі не пойдзе”. Тое ж самае, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, тычыцца і рыторыкі ў адносінах да дзеючага Прэзідэнта ЗША Барака Абамы да і пасля выбараў.
Што тычыцца непасрэдна выніку выбараў у ЗША, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прадчуваў магчымасць перамогі Дональда Трампа яшчэ некалькі месяцаў назад, назіраючы за ходам выбарчай кампаніі. “Я адчуваў, што Трамп можа перамагчы перш за ўсё па той прычыне, што Амерыка яшчэ не гатова выбраць прэзідэнтам жанчыну”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён у цэлым лічыць, што ў прэзідэнцкай рабоце, у Беларусі гэта ці ЗША, вельмі вялікі менавіта мужчынскі складнік, асабліва што тычыцца пытанняў кіравання арміяй і вялікай нагрузкі.