Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Лішніх грошай сёння няма, таму трэба іх выкарыстоўваць рацыянальна, па–гаспадарску”

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Даручэнне прэзідэнта па мадэрнізацыі “Камунаркі” ў асноўным выканана. Пра гэта заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час зносін з працоўным калектывам прадпрыемства.

Як адзначыў прэзідэнт, 95% з намечанага па мадэрнізацыі ўжо зроблена, 5% яшчэ трэба будзе зрабіць. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што быў перыяд, калі прадпрыемства не проста губілі, яно фактычна не існавала. “Гэтую мадэрнізацыю, якую зараз ажыццявілі, ніводны прыватнік не праводзіў бы”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у полі зроку дзяржавы і далей павінны заставацца прадпрыемствы, якія маюць стратэгічна важныя напрамкі — займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання, што тычыцца і “Камунаркі”.
Прэзідэнт лічыць важным, што менавіта дзякуючы павышанай увазе дзяржавы ўдалося захаваць “Камунарку” і “Спартак”, прадукцыя якіх у цяперашні час шырока вядома і за мяжой добрай якасцю, паколькі яна — з натуральнымі інгрэдыентамі. Гэта звязана з тым, што ў краіне ўдалося захаваць дзяржаўныя стандарты. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра сітуацыю ў кандытарскай галіне, якая была пасля распаду Савецкага Саюза. У тыя гады з суседніх краін стала паступаць нямала прадуктаў, у тым ліку цукерак, вельмі сумніўнай якасці. “І тады маё рашэнне было захаваць дзяржаўныя стандарты. Мы іх захавалі, таму зараз беларускія прадукты харчавання — па-за канкурэнцыяй”, — упэўнены прэзідэнт. Што да ранейшай сітуацыі на “Камунарцы”, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: на жаль, некаторыя інвестары часам больш думаюць пра сваю выгаду, а не пра інтарэсы працоўнага калектыву. Ён растлумачыў, што менавіта гэтым матывавана яго папярэдняе рашэнне аб тым, каб выключыць з дзейнасці “Камунаркі” нядобрасумленнага інвестара.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне захавання рабочых месцаў на прадпрыемстве. Паколькі на “Камунарцы” ў асноўным працуе жаночы калектыў, то, безумоўна, рабочыя месцы тут павінны быць захаваны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што часы зараз няпростыя, але разам з тым яны не крытычныя і не катастрафічныя, цяжкасці рана ці позна мінуюць. “Трэба перастаць ныць і пачынаць працаваць. І трэба спыніць усялякую балбатню ва ўрадзе, што прыйдзе прыватнік — і вырашыць усе пытанні. Зараз жа трэба жыць і развівацца, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Лішніх грошай сёння няма, таму трэба іх выкарыстоўваць рацыянальна, па-гаспадарску”. Ён таксама адзначыў: “Трэба мець на ўвазе, што сітуацыя ўсюды рэзка змянілася. Нашы партнёры ў Расіі яшчэ ў горшай сітуацыі, чым мы, і дзякуй ім, што яны нам па вялікім рахунку дапамагаюць”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, маючы зносіны з працоўным калектывам СААТ “Камунарка”, расказаў, што з’яўляецца прыхільнікам паэтапнага павышэння пенсійнага ўзросту на 3 гады.
“Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палове. І так мы спакойна, за 6—7 гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады”.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што выхад на пенсію ў 55 і 60 гадоў застаўся толькі ў Беларусі і Расіі. “Не трэба думаць, што калі перадпенсійны ўзрост, то выкінуць на вуліцу. Калі не працуеш, цябе і не ў перадпенсійным узросце звольняць. Зараз трэба выкладвацца, — адзначыў прэзідэнт. — Але калі пенсіянер можа працаваць, добры спецыяліст і яшчэ можа падрыхтаваць сабе замену, то яму ўвогуле трэба даплачваць і як настаўніку, таму што падрыхтаваць спецыяліста — гэта вялікія грошы”.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў краіне вымушаны пайсці на такі крок. “Зарплата ў людзей невысокая і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з зарплаты. Калі не расце зарплата, а цэны ўсё ж такі рухаюцца, такім чынам, няхай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень зніжаецца, — сказаў прэзідэнт. — Стаіць пытанне: што рабіць? Змяншаць пенсіі? На гэта мы пайсці не можам. Нельга крыўдзіць людзей”.
“Для мяне як бацькі важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладалі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць вялікіх праблем і ў плане рабочых месцаў. “Створым мы рабочыя месцы і ствараем. Трэба напружыць тых кіраўнікоў, якія павінны ствараць рабочыя месцы, і самім ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб былі новыя месцы. Мы і гэты шлях задзейнічаем”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама будову самой пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час яму прапанавалі змяніць існуючую ў краіне пенсійную сістэму на накапляльную. Аднак ён не падтрымаў гэтай ініцыятывы, пры гэтым дазволіўшы яе на добраахвотнай аснове. “Можа быць, калі-небудзь наша грамадства стане сталым, каб разбурыць гэтую сістэму і пакінуць толькі накапляльную”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падчас сустрэчы таксама паабяцаў, што пытанне з тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі будзе вырашацца на карысць людзей. “Мы зробім так, як будзе лепш для людзей. Гэта я вам цвёрда абяцаю! Калі будзе немагчыма, я вам скажу пра гэта і раскладу ўсе гэтыя лічбы, паказчыкі. Усё роўна я буду на вашым баку”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.