Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак”

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК.

Адразу пасля прылёту кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся схемай, па якой на прадпрыемства пастаўляецца драўняная сыравіна, наколькі яе дастаткова. Прэзідэнту далажылі, што па­трэбы растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце. Аляксандр Лукашэнка даў наконт гэтага неабходныя даручэнні. “Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашана ў бягучым годзе”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскім ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкасортную драўніну.

Як далажылі прэзідэнту, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкасортнай драўніны атрымлі­ваць запатрабаваны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытвор­часць.

“Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. — Заўвага БелТА.). Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Сульфатная беленая цэлюлоза высока запатрабавана на міжнародных рынках і важная для ўнутранага імпартазамяшчэння. Яна прымяняецца ў вытворчасці шпалер, упаковачных, пісчых і паліграфічных папер, кардону, вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння. На постсавецкай прасторы такіх сучасных вытворчасцей няма. Сёння Светлагорскі ЦКК — адзіны новы цэлюлозны завод у краінах СНД.

Старшыня канцэрна “Беллеспаперапрам” Юрый Назараў далажыў аб новых перспектыўных праектах у дрэваперапрацоўцы.

Прэзідэнт нагадаў аб пастаўленай задачы па максімальным адыходзе ад выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі: “Трэба ад гэтага адыходзіць. Трэба ўсё запакоўваць: булкі, піражкі і іншае — у паперу. У нас гэтага дабра хапае. Але з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку і іншыя матэрыялы”.

Прэзідэнт паведаміў аб прынятым рашэнні не пазней чым у бягучым годзе пабудаваць побач з заводам цэх, купіць неабходнае абсталяванне. “Яно не таннае. Напэўна, 80 млн еўра будзе кашта­ваць. Але мы пойдзем на гэтыя траты. Паставім машыну і бу­дзем пера­працоўваць тут цэлюлозу. І такім чынам з 400 тысяч т, якія вы вырабіце, 300—350 тысяч т мы перапрацуем тут на месцы і паставім сваім прадпрыемствам. На экспарт застанецца 50 тысяч т”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Другім напрамкам, які таксама не варта адкладваць, Аляксандр Лукашэнка назваў вытворчасць віскознай цэлюлозы. “Вы на гэтым прадпрыемстве гэта можаце зрабіць. Патрэбна асіна, вольха, якія ў нас сёння няма куды дзяваць, прападаюць. І таму нам трэба паскорыцца. Мы яе тут перапрацуем”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што віскозная цэлюлоза будзе запатрабавана тут жа, на суседнім прадпрыемстве ў Светлагорску. Цяпер гэтая сыравіна закупляецца па імпарце.

“Інакш кажучы, усё, што вы тут вырабляеце сёння, вы вырабляеце за добрыя грошы. Гэта нармальна. Вам трэба вяртаць крэдыт, які вы ўзялі, разлічвацца з бюджэтам”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён асабліва падкрэсліў важ­насць глыбокай перапрацоўкі сыравіны і атрымання высокаліквіднай гатовай прадукцыі. “Гэта зусім іншы ўзровень нашай краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, мэта яго прыезду ў тым, каб пераканацца, як было выканана даручэнне па будаўніцтве новага завода.

Што тычыцца папярэдніх праблем у супрацоўніцтве з кітай­скай кампаніяй САМСЕ па стварэнні вытворчасці, кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў той факт, што айчынныя спецыялісты ў выніку самастойна справіліся з асваеннем магутнасцей прадпрыемства. “Малайцы. За гэта вам вялікі дзякуй! Гэта другая мэта майго прыезду — падзяка­ваць вам за тое, што вы, адмовіўшыся ад нядобрасумленнага выканаўцы, зрабілі гэтае прадпрыемства самі і атрымліваеце сёння добрую прадукцыю”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У цэнтральным пункце кіравання Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з работнікамі завода. Адны­м з іх стаў егіпцянін Федзі Халіль, які ўжо каля 7 гадоў жыве з сям’ёй у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праз некалькі дзён будзе на радзіме ў гэтага работніка. “Мы цябе там успомнім. І нават прэзідэнту аль-Сісі (Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі. — Заўвага БелТА.) пра гэта скажу. Абавязкова пра цябе раскажу”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці перагледзець некаторыя падыходы і ўмовы, на якіх у Беларусь прыцягваюцца замежныя інвестыцыі.

Прэзідэнт, у прыватнасці, звярнуў увагу на работу ва ўмовах свабодных эканамічных зон, калі дзяржава на працягу доўгага часу не атрымлівае ў казну практычна нічога ў выглядзе падаткаў. Вядома, ствараюцца дадатковыя рабочыя месцы, але гэтае пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ужо не так востра стаіць.

“Нам трэба арыентавацца на нешта істотнае. Калі ты хочаш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе прадпрыемствы: плаці падаткі, на прыбытак падатак, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак”.

“Гэта стратэгічнае пытанне. Хо­піць сюды цягнуць з усяго свету бізнесменаў, выхваляцца, што ў нас інвестыцыі. А ад гэтых інвестыцый краіна практычна нічога не мае. Не трэба параўноўваць з IT-паркам. Гэта супернайноўшае, на гэта кідаюцца ўсе. І каб іх тут утрымаць, вядома, гэты парк мы падтрымліваем, дапамагаем яму і іншае. Няхай працу­юць”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з калектывам Светлагорскага ЦКК і закрануў некаторыя актуальныя для жыцця краіны пытанні. Так, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія не абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў, але работа па дарожных картах прадоўжыцца.

“Мы будзем і далей праца­ваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне розных палітычных, наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжана 31-й дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. “Толькі эканамічныя пытанні па інтэграцыі, — растлумачыў прэзідэнт. — Але па сапраўднай інтэграцыі, а не так, як плявузгаюць у сродках масавай інфармацыі ў Расіі: яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя, а інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду”.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу над адзінымі падыходамі да падаткаабкладання: на яго думку, краіны павінны пераймаць карысны вопыт адна адной, каб стварыць самы сучасны кодэкс. “Хоць падаткаабкладальная база ў нас розная (у іх — ад нафты і газу, у нас — ад рэальнага сектара), розныя сістэмы, але давайце прапрацоў­ваць. У гэтым няма нічога дрэннага. І так па ўсіх напрамках”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь прадоўжыць закупляць нафту ў іншых краінах, нават калі яна будзе даражэйшая за расійскую.

У час перагавораў у Сочы Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін засумняваўся, навошта беларускаму боку купляць нафту ў іншых краінах. “Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэйшая за расійскую?” — спытаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадоўжыць дыверсіфікаваць закупкі. “Каб кожны год 31 снежня ў дванаццаць гадзін ночы не стаяць на каленях, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Так быць не павінна, і так не будзе”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, тым больш калі яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане. “Мы не просім танную нафту. Мы купім па су­светнай цане і перапрацуем. І гэта выгадна для кампаній”, — заявіў ён.

У Светлагорску кіраўнік дзяржавы незапланавана наведаў завод жалезабетонных вырабаў і кан­струкцый. Прэзідэнт запатрабаваў урэгуляваць сітуацыю з цякучасцю кадраў на некаторых прадпрыем­ствах краіны, а таксама прыняць дадатковыя меры ў пытанні ўмацавання вытворчай дысцыпліны.

“Жалезная дысцыпліна. Да двух не размаўляем”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ў рэгіёнах трэба прыняць меры для недапушчэння вялікай цякучасці кадраў. Аднак гэта не азначае, што нехта кагосьці будзе сілай трымаць на вытворчасці. У ход павінны ў тым ліку пайсці меры стымулюючага характару, але на выразных і зразумелых умовах. “Што за лятучкі такія? У савецкі час такога не было… Прыйдзі, працуй, вось бытоўка, вось душавая, вось табе зарплата (не падманваю, сам не краду). Якая ёсць. Больш будзем рабіць, больш бу­дзем зарабляць. Вось і ўся логіка”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.