Работу па спрашчэнні ўезду іншаземцаў у Беларусь неабходна прадаўжаць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за апошнія гады турыстычная галіна Беларусі зрабіла значны крок наперад. Гэта сфера стала адной з тых, што дынамічна развіваюцца.
“Сёння кожны можа выбраць адпачынак у нашай краіне на свой густ і атрымаць якасныя паслугі. Цікавасць да Беларусі ўзрастае. У сувязі з гэтым намі прыняты шэраг нарматыўных актаў, якія спрашчаюць уезд у краіну. Аднак работу ў гэтым напрамку нам трэба працягваць”, — перакананы прэзідэнт. На яго думку, трэба дабіцца таго, каб турыст без доўгіх роздумаў купіў білет у Беларусь і паехаў, ведаючы, што праблем з перасячэннем мяжы ў яго не будзе.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пытанні лібералізацыі візавага рэжыму для Беларусі, як і для любой іншай дзяржавы, вельмі актуальныя. “Міжнародны турызм ва ўсім свеце імкліва развіваецца, і мы заставацца ў баку ад гэтых працэсаў проста не можам па многіх прычынах. Паспяхова канкурыраваць у гэтай сферы можна толькі тады, калі будзе выпрацаваны аптымальны рэжым уезду замежных грамадзян у Беларусь”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час не трэба забываць і пра бяспеку, адзначыў ён. “Так, цяперашняя міграцыйная палітыка Еўрасаюза, а менавіта адсутнасць рэальнага кантролю за перамяшчэннем бежанцаў, пачынае ўжо даваць свой сумны плён. Перш за ўсё гэта рост тэрарыстычнай пагрозы ў рэгіёне. Таму, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, трэба помніць пра найважнейшае для нас — бяспеку грамадзян Рэспублікі Беларусь і тых, хто знаходзіцца ў той ці іншы момант у Беларусі. Бяспека — перш за ўсё, ніякімі грашыма ад турызму гэта не кампенсуецца”, — заявіў прэзідэнт.
“Нам неабходна дэталёва разгледзець усе аспекты спрашчэння візавага рэжыму з улікам сусветных тэндэнцый і прыняць абсалютна аптымальныя і ўзважаныя рашэнні ў інтарэсах Беларусі і, зразумела, нашых суседзяў. Мы не павінны ні ў якім разе ствараць праблем дзяржавам па перыметры Беларусі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Урад падрыхтаваў прапановы, накіраваныя на лібералізацыю візавага рэжыму Беларусі. У прыватнасці, гэта тычыцца павелічэння тэрміну знаходжання іншаземцаў пры бязвізавым уездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама іх знаходжання ў краіне без рэгістрацыі. Акрамя таго, плануецца прыняць дадатковыя меры для спрашчэння ўезду ў Беларусь на перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. У перспектыве разглядаецца магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму ўезду ў Беларусь з неіміграцыйнымі мэтамі на пэўны тэрмін праз любыя міжнародныя пункты пропуску для грамадзян шэрага дзяржаў.
Раней Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага ўезду на тэрмін да 10 дзён для замежных наведвальнікаў Аўгустоўскага канала, Гродна і Гродзенскага раёна, турыстычна-рэкрэацыйнай зоны “Брэст” (Белавежская пушча, Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).
Таксама дазволены бязвізавы ўезд на тэрмін да 30 дзён грамадзянам Катара, ААЭ, на тэрмін да 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт Мінск — грамадзянам 80 дзяржаў.
Без віз (да 180 дзён) могуць уязджаць інвестары і іншыя асобы па спісах, складзеных адміністрацыяй індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Акрамя таго, дэкрэтам № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду для замежных грамадзян, якія наймаюцца на работу рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а таксама для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ў ходзе нарады адзначыў, што рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для іншаземцаў выклікаюць насцярожанасць партнёра па Саюзнай дзяржаве.
“З лютага 2016 года беларуска-расійская мяжа набыла тайны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, самай дзіўнай граніцы ў Еўропе. З гэтага часу расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнацэнны пашпартны кантроль у адносінах да ўсіх асоб, якія перамяшчаюцца на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўраду, Міністэрству замежных спраў і іншым зацікаўленым ведамствам неабходна вырашаць гэтае пытанне, не спіхваючы на кіраўніка дзяржавы. “Гэта ненармальна, калі паміж дзвюма брацкімі дзяржавамі зноў аднаўляецца граніца, якую мы з такой цяжкасцю знімалі больш за 20 гадоў назад. Не ведаю, каму гэта трэба”, — сказаў ён.
Расійскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. “Але пра якую бяспеку можа быць размова, калі ў нас сумесныя спісы іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут адбываецца, робіцца, таму ўводзіцца граніца, не слушныя”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Больш за тое, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, паміж сілавымі ведамствамі Беларусі і Расіі наладжана вельмі канструктыўнае і сістэмнае супрацоўніцтва, яны праводзяць сотні сур’ёзных і эфектыўных сумесных аперацый. “Але трэба разумець і тое, што калі Расія ўзнімае гэтае пытанне, то пэўныя апаскі існуюць. Трэба з расіянамі весці наконт гэтага дыялог. Але закрывацца адно ад аднаго нельга, гэта будзе дрэнны прыклад. Ні беларускі народ, ні расіяне гэта не падтрымаюць і не ацэняць”, — упэўнены прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што трэба прадметна абмеркаваць, якія рознагалоссі захоўваюцца з расійскім бокам, якія меры неабходна прыняць, каб іх устараніць. “Паралельна трэба вырашаць і пытанні рэадмісіі, паколькі нелегалы едуць да нас у асноўным праз Расію. Аб гэтым сведчыць статыстыка, — канстатаваў прэзідэнт. — Гэтыя пытанні трэба вырашаць канструктыўна, за сталом перагавораў. На працягу 2018 года ўсе пытанні трэба зняць. І жыць нам дастойна, паказваючы прыклад усім у свеце, як могуць жыць дружалюбныя народы і дзяржавы”.