Прынцыповая пазіцыя беларускага боку заключаецца ва ўзмацненні парламенцкага вымярэння ў СНД і іншых інтэграцыйных структурах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Мілі Меджліса (парламента) Азербайджана Актаем Асадавым.
“Наша прынцыповая пазіцыя — ва ўзмацненні парламенцкага вымярэння ў СНД, гэтак жа, як у АДКБ і іншых структурах. Гэта наша жалезная пазіцыя”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў СМІ па рознаму інтэрпрэтуюць яго выказванні наконт Міжпарламенцкай асамблеі СНД. “Як быццам беларусы за тое, каб яе разагнаць, хоць мы былі ініцыятарамі ўзмацнення ролі Міжпарламенцкай асамблеі СНД. А калі яна будзе так працаваць, як цяпер, — нешта там абмяркоўваць, — гэта добра, што сустракаюцца, абмяркоўваюць, але павінен быць эфект ад гэтага”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, трэба ўзмацніць гэтую структуру ў СНД. “Як узмацняць, мы ўжо ведаем. Таму што парламентарызм у свеце вядомы даўно. Формы і метады работы парламентаў даўно вядомы — выбірай любы і прыстасоўвай да Міжпарламенцкай асамблеі СНД”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ён лічыць, што МПА СНД у тым ліку павінна мець такое вымярэнне, як кантроль за прынятымі рашэннямі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. “У нас гэтага не хапае. І ў гэтым плане ўзнікае неабходнасць больш цеснага кантакту з ведамствамі, у дадзеным выпадку СНД. Чаму міністру таму ці іншаму, або кіраўніку Савета міністраў замежных спраў, абароны, дзяржаўнай бяспекі не прыйсці і не далажыць дэпутату, як дзейнічаць будзем, асноўныя пагрозы, як выконваюцца тыя рашэнні, якія прыняты, — падзяліўся прапановамі Аляксандр Лукашэнка. — Думаю і парламент павінен валодаць пэўнымі функцыямі для прыняцця рашэнняў”.
Прэзідэнт адзначыў, што, калі ёсць жаданне выбудоўваць узаемадзеянне ў больш дэмакратычным ключы, трэба міжпарламенцкай структуры даваць больш правоў. “Не гатовы для гэтага — тады давайце адкрыта скажам, што вось пяць напрамкаў для парламента, і больш не трэба. Але гэта павінна быць сумленна і празрыста. Вось мы за што выступаем. А не за аморфную, па вялікім рахунку, мала каму патрэбную арганізацыю”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што па сваім вопыце добра ведае, што такое “дэпутацкі хлеб”. “І я ведаю магчымасці парламентаў. Так, многія скажуць, што ў Азербайджане і ў Беларусі парламенты не адыгрываюць такую ролю, як недзе на Захадзе. У парламента — заканадаўчай галіны ўлады — ёсць свае функцыі і абавязацельствы. Гэта вышэйшы заканатворчы орган. Яны павінны пісаць і, па-народнаму кажучы, ствараць законы, па якіх жыве грамадства, і вырашаць іншыя праблемы згодна з Канстытуцыяй”, — падкрэсліў А.Р.Лукашэнка.
“Думаю, што парламенты могуць у нашы адносіны прыўнесці значны ўклад. Я, напрыклад, вельмі прыслухоўваюся да таго, што гавораць кіраўнікі парламента, парламентарыі. Ведаю, Ільхам (Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. — Заўв. БелТА.) наогул у гэтым плане абсалютна дэмакратычны чалавек. Калі нешта карыснае (ён адукаваны чалавек, інтэлігентны), ён заўсёды прыслухоўваецца да гэтага, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Проста трэба гэта рабіць спакойна (займацца парламенцкай дзейнасцю. — Заўв. БелТА.). Без боек у парламенце, без усялякіх дэманстрацый, якія адхіляюць людзі і ў нас, і ў вас. Мы ж дакладна. Я помню, і забастоўкі былі ў парламенце, і яшчэ нешта. Але парламент не для гэтага”.
“У нас свой шлях, і нашы мэты вызначаны, і ролі галін улады таксама вызначаны — і судовай, і заканадаўчай, і выканаўчай. І ў вас, і ў нас прэзідэнты з’яўляюцца каардынатарамі дзеянняў гэтых галін улады”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і Азербайджана шмат напрамкаў супрацоўніцтва, краіны маюць самыя цёплыя і блізкія адносіны. “Мы абсалютна давяраем адзін аднаму. Мы ствараем сумесныя прадпрыемствы і гандлюем з трэцімі краінамі. Мы ідзём разам з вамі далей на Поўдзень, на Усход. І мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі ў эканоміцы. Гандаль у нас расце, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы гэта ні ад каго не ўтойваем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што бакі выбудоўваюць свае адносіны ў адпаведнасці з пажаданнямі народаў Беларусі і Азербайджана, дзеля росту іх дабрабыту. “У гэтых адносінах вы на нас можаце разлічваць. Вы нам людзі нечужыя. Вы нашы браты, мы ў адной дзяржаве жылі. І нам нават абсалютна не перашкаджае, што вы мусульмане, а мы хрысціяне”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў яшчэ раз перадаць Прэзідэнту Азербайджана самыя цёплыя словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва. “Мы будзем ісці тым курсам, які намі вызначаны. І перакананы, што нашы парламентарыі знойдуць сваё месца ў рэалізацыі гэтай дарожнай карты”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.