Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка наведаў горад Чарнобыль Кіеўскай вобласці Украіны, дзе пабываў на Чарнобыльскай АЭС і размешчаных побач з ёй аб’ектах.
Аляксандра Лукашэнку сустрэў Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
Кіраўнікі дзяржаў усклалі карзіны кветак да “Сцяны памяці” мемарыяльнага комплексу “Героям Чарнобыля”.
Памятны мемарыял “Сцяна памяці” ўстаноўлены каля адміністрацыйнага будынка Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Мемарыял выкананы з чырвонага і белага каменя, увянчаны масіўнай аркай са звонам і крыжам.
Па перыметры збудавання размешчаны гранітныя таблічкі з імёнамі супрацоўнікаў станцыі, якія загінулі ў час ліквідацыі аварыі на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. На трохметровай арцы ўстаноўлены 200-гадовы звон, падораны станцыі настаяцелем Свята-Ільінскага храма горада Чарнобыля. Кожны год 26 красавіка гучыць памінальны звон.
Прэзідэнты Беларусі і Украіны наведалі Чарнобыльскую АЭС, азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага збудавання і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва, ушанавалі памяць загінуўшых ліквідатараў.
Кіраўнікам дзяржаў падрабязна расказалі аб унікальнай тэхналогіі, выкарыстанай пры ўзвядзенні новага ўкрыцця, а таксама далейшых планах па гарантаванні бяспекі на аб’екце.
“Пётр Аляксеевіч (Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. — Заўв. Бел ТА.) і ўвесь украінскі народ ведаюць нашу пазіцыю: мір і толькі мір. Украінцы ніколі для беларусаў не былі чужымі людзьмі. Падабаецца гэта камусьці ці не падабаецца (ва Украіне, а можа, і ў Беларусі. Добра, што амаль няма такіх у нас), але мы родныя людзі. Мы заўсёды жылі разам, асабліва на гэтай тэрыторыі. Нас ніхто не можа раздзяліць”, — заявіў беларускі лідар пасля наведвання Чарнобыльскай АЭС.
Звяртаючыся да Прэзідэнта Украіны, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы нават не гаварыце на тэму таго, што беларусы могуць зрабіць неяк інакш, чым робяць цяпер. Мы родныя людзі, мы можам толькі прыйсці да вас або, як я гаварыў, прыехаць на трактары, дапамагчы вам араць зямлю, калі гэта патрэбна”.
“Мы будзем працаваць толькі ў імя міру. У нас няма іншай мэты. І гэта не толькі мая пазіцыя, гэта пазіцыя ўсяго беларускага народа. Як мага хутчэй трэба спыніць гэтыя міжусобныя бойкі, спыніць высвятленне адносін са збро яй, глядзець з апаскай адно на аднаго. У нас цудоўная, залатая зямля, на якой заўсёды жылі ў дастатку нашы людзі”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць беларускага боку і ў далейшым садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню становішча ва Украіне. Ён таксама адзначыў, што ўкраінская зямля асабіста для яго таксама не чужая. “Таму мы будзем рабіць усё ў імя таго, каб у нас заўсёды быў мір і прыстойныя адносіны”, — сказаў ён.
“І беларусы, і ўкраінцы разумеюць, што чарнобыльская катастрофа не ведае межаў. Нашы дзяржавы стараюцца разам пераадольваць гэтую бяду. Рэалізаваны шэраг сумесных мерапрыемстваў у галіне радыеэкалагічнага маніторынгу, радыяцыйнага кантролю, сельскай, лясной гаспадаркі, каардынацыі навуковай, інфармацыйнай работы. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у рамках чарнобыльскіх праектаў міжнародных арганізацый, — сказаў таксама пасля наведвання АЭС Прэзідэнт Беларусі. — Аднак патэнцыял магчымасцей супрацоўніцтва Беларусі і Украіны выкарыстоўваецца далёка не ў поўным аб’ёме. Упэўнены, што нашы вучоныя, медыкі, эколагі — усе, хто ў Беларусі і Украіне працуе на ліквідацыю наступстваў аварыі, захаванне здароўя людзей на пацярпелых тэрыторыях, — могуць і павінны зрабіць значна больш”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Украіна цяпер распрацоўвае новую стратэгію пераадолення наступстваў катастрофы, плануе стварыць радыяцыйна-экалагічны бія-сферны запаведнік у чарнобыльскай зоне адчужэння. “Вы можаце разлічваць на нашу сумесную работу з выкарыстаннем вопыту Палескага запаведніка”, — запэўніў беларускі лідар.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, работа па пераадоленні наступстваў катастрофы дала сур’ёзны штуршок укараненню інавацыйных метадаў у аграпрамысловым комплексе, лясной гаспадарцы Беларусі. “Мы навучыліся жыць і працаваць на тых землях, якія раней здавалася немагчымым вярнуць да жыцця. Гатовы дзяліцца з Украінай сваімі ведамі і ў гэтай галіне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“У 2016 годзе сумеснымі намаганнямі мы змаглі дабіцца прадаўжэння міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН. Цікавасць сусветнай супольнасці да нашага горкага і разам з тым унікальнага вопыту па пераадоленні медыцынскіх, экалагічных, сацыяльных, эканамічных наступстваў катастрофы вельмі высокая”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што і раней, і цяпер часам робяцца спробы зрабіць так, каб пра чарнобыльскую трагедыю забылі. “Міжнародная супольнасць нібыта ўсё зрабіла для таго, каб тут быў парадак. Ды і ў нашых краінах праз некаторы час сёй-той пачаў забываць пра небяспеку”, — канстатаваў прэзідэнт.
Ён дадаў, што бакам каштавала нямала намаганняў, каб разам на галоўнай міжнароднай пляцоўцы — у ААН — даказаць усяму свету, што небяспека застаецца і з ёй неабходна змагацца заўсёды, пакуль наступствы катастрофы не будуць канчаткова пераадолены.
“Існуючы ў нас вопыт трэба выкарыстоўваць, у тым ліку ў сумесных праектах па адраджэнні пацярпелых тэрыторый. Таксама пры падтрымцы ААН і партнёраў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі дадаў, што на пераадоленне найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы дзяржавы накіроўваюць велізарныя сродкі. Толькі для бюджэту Беларусі на сённяшні дзень гэтая лічба перавышае $25 млрд. “Думаючы пра бяспеку будучых пакаленняў, мы накіроўваем сродкі ў ахоўныя мерапрыемствы на месцах, інвесціруем у чалавечыя рэсурсы, навуку, сучасныя тэхналогіі і вытворчасць”, — рэзюмаваў беларускі лідар.
Гаворачы аб чарнобыльскай катастрофе, Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што так ці інакш ад яе наступстваў пацярпелі мільёны людзей, у тым ліку сотні тысяч дзяцей. “Чарнобыль пракаціўся па ўсім рэгіёне, не робячы адрозненняў паміж дзяржавамі і граніцамі”, — адзначыў украінскі лідар.
“Для нас вельмі важна, і я ў гэтым упэўнены, што ўкраінска-беларуская граніца заўсёды будзе граніцай дружбы і добрасуседства, надзейнага партнёрства, граніцай міру. Ніхто і ніколі не пасварыць Украіну і Беларусь”, — падкрэсліў Пётр Парашэнка.
Ён таксама падкрэсліў подзвіг ліквідатараў, якія цаной уласнага жыцця спынілі катастрофу і выратавалі мільёны жыццяў.
Пасля наведвання Чарнобыльскай зоны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыбылі ў Беларусь для правядзення двухбаковых перагавораў.
Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў рэзідэнцыі ў Ляскавічах у фармаце адзін на адзін.
Беларусь і Украіна змогуць справіцца з існуючымі праблемамі дзеля дабрабыту сваіх народаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
“Мы сёння будзем абмяркоўваць наша будучае, як зрабіць так, каб заўтра беларусы і ўкраінцы жылі лепш. І мы можам гэта зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З тымі праблемамі, якія ў нас ёсць, мы справімся”.
У якасці прыкладу прэзідэнт прывёў поспехі ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, у першыя месяцы 2017 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 40 працэнтаў.
Пётр Парашэнка адзначыў, што Беларусь і Украіну звязваюць даверлівыя добрасуседскія адносіны і краінам трэба як зрэнку вока захоўваць гэтую дружбу. Дзяржавы робяць важныя захады для развіцця супрацоўніцтва ў розных галінах. Напрыклад, Украіна зацікаўлена ў беларускім вопыце ўкаранення сацстандартаў у вёсцы.
Украінскі лідар расказаў аб дамоўленасцях у сферы энергетыкі, каардынацыі намаганняў па рабоце на рынках трэціх краін. Акрамя таго, прэзідэнты дамовіліся аб спрашчэнні ўзаемных паездак грамадзян Беларусі і Украіны. “Граніца павінна быць сімвалам дружбы, міру, таварыскіх і партнёрскіх адносін паміж нашымі краінамі”, — падкрэсліў Пётр Парашэнка.
Прэзідэнт Украіны звярнуў увагу, што ўкраінцы і беларусы разам з партнёрамі пераадольвалі наступствы чарнобыльскай аварыі. Паводле яго слоў, сёння Беларусь і Украіна дэманструюць рашучыя крокі па адраджэнні Палесся.
“Мы паглядзелі на сацыяльныя стандарты і людзей, якія жывуць на Палессі: як павінна быць зроблена дарога, які павінен быць клуб, якія павінны быць магазіны, што павінна быць па спорце, культуры, — сказаў Пётр Парашэнка. — Гэта мэта нашай работы — працаваць, каб людзям лепш жылося”.
Ён таксама закрануў двухбаковыя адносіны, адзначыўшы, што Беларусь з’яўляецца важным гандлёвым партнёрам Украіны. “Мы вельмі ўдзячны вам за жорсткую і цвёрдую пазіцыю па адстойванні адкрытасці беларускага рынку для ўкраінскіх тавараў. Гэта прынцыповая пазіцыя надзейнага саюзніка, партнёра і сябра”, — заявіў Прэзідэнт Украіны.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка па выніках перагавораў прынялі сумесную заяву аб неабходнасці прадаўжаць работу па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.