Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы гатовы аднавіць той узровень эканамічных адносін, які быў у часы Савецкага Саюза”

- 9:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва з Малдовай.

“Дзякуй богу, што ў нашых адносінах з Малдовай абсалютна адсутнічае суб’ектыўны фактар. Ёсць разважлівасць. Калі трэба, мы гатовы аднавіць той узровень эканамічных адносін, які быў у часы Савецкага Саюза. Таму што нічога іншага нам аднаўляць не трэба. Мы ніколі не лічылі Малдову нейкай чужой дзяржавай пасля распаду Савецкага Саюза. Мы перажываем за тое, што там адбываецца”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як у Малдовы да Беларусі, так і ў Беларусі да Малдовы існуе вялікая цікавасць. Ён адзначыў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза не раз бываў у Малдове. “Квітнеючы, прыгожы край. Ён жа нікуды не знік. Цудоўныя людзі, як беларусы, працавітыя. Добрыя землі, якія даюць тое, што трэба нам. У нас у плане тэхнікі, якая патрэбна вам, таксама шмат чаго ёсць”, — сказаў прэзідэнт.

“Галоўнае, каб дзяржавы існавалі як адзіныя і цэласныя, не падзеленыя, не раздробленыя, не разарваныя на кавалкі. І каб на гэтых тэрыторыях шчасліва жылі людзі. Калі так будзе, тады прыйдзе і тавараабмен, да якога мы імкнёмся, каб ён быў усё большы і большы”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

“Калі ў вас будуць якія-небудзь дадатковыя жаданні працаваць на беларускім рынку, у нас праблем не будзе, таму што вы да нас ідзяце з тымі таварамі, якія мы не вырабляем. Калі ў вас будзе магчымасць і жаданне, каб мы шырэй былі прадстаўлены ў Малдове, будзьце ўпэўнены ў тым, што мы гэта зробім аператыўна”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Павел Філіп падзякаваў беларускаму боку за падтрымку Малдовы ў самыя складаныя часы, калі ўзнікалі цяжкасці на міжнародным узроўні. “За гэта вам асобліва ўдзячны. Народ наш гэта заўсёды будзе помніць”, — сказаў ён.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, на сённяшні дзень адносіны Малдовы і Беларусі даволі актыўна развіваюцца, у тым ліку на ўзроўні кантактаў паміж дзелавымі коламі. “Мы дамовіліся яшчэ пры першым маім візіце, што будзем праводзіць міжурадавыя камісіі два разы ў год. Таму што тады часцей можна падводзіць вынікі і разумець, што ўдалося, а што не ўдалося вырашыць з пастаўленых пытанняў. І гэта дае вынікі”, — адзначыў Павел Філіп.

Дагаворная база беларуска-малдаўскіх адносін уключае амаль 70 дакументаў. Па выніках 2016 года тавараабарот склаў $227,1 млн. Аснову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, лесаматэрыялы, тытунёвыя вырабы, керамічная плітка, плёнка з пластмас, шкловалакно. З Малдовы імпартуюцца вінаградныя віны, кукуруза, каньячная прадукцыя і іншыя тавары АПК, а таксама гіпс, дываны і падлогавыя пакрыцці.

У Малдове дзейнічае больш за 60 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб’ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў. Створаны тры зборачныя вытворчасці: тралейбусаў “Белкамунмаш” у Кішынёве, садова-вінаградарскіх трактароў “Беларус-921” Смаргонскага агрэгатнага завода на базе ТАА “Аграферматэх”, трактароў малой магутнасці Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў у Гагаузіі.

У Беларусі дзейнічаюць 25 прадпрыемстваў з малдаўскім капіталам, у тым ліку 12 сумесных і 13 замежных.

З 1993 года функцыянуе міжурадавая беларуска-малдаўская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, яе 18-е пасяджэнне адбылося ў Мінску ў чэрвені 2017 года.

Чарговае пасяджэнне камісіі запланавана правесці ў Малдове ў першым квартале 2018 года.