Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы не маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія супярэчылі б нашаму супрацоўніцтву з ЗША”

- 10:16Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь жадае нармалізацыі адносін з ЗША на ўзаемавыгадных умовах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Скотам Роландам.

“Незалежнасць і суверэнітэт для мяне як прэзідэнта і для беларускага народа — гэта святое. Гэта ікона. Мы ніколі не згодзімся з тым, каб быць несуверэннай дзяржавай, быць залежнай ад некага”, — падкрэсліў у час сустрэчы беларускі лідар.

“Мы зробім усё, каб быць такой (незалежнай і суверэннай. — Заўв. БелТА) дзяржавай. Без усялякай празмернасці, без гвалту, нейкай помпы. Мы зробім гэта прыгожа і спакойна, і мы заўсёды будзем незалежнымі. Бог бачыць, што беларускі народ заслужыў гэта сваёй гісторыяй, і вы гэта добра ведаеце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы ніколі не ўтойвалі той факт, што без нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі мы не будзем мець паўнацэннай знешняй палітыкі. Мы не ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі адносін з ЗША на ўзаемавыгадных умовах”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і ЗША. “Калі сказаць, што ў нас усё добра ў адносінах паміж дзяржавамі, то, напэўна, гэта будзе выглядаць не зусім шчыра нават дыпламатычна. Але таго, што ў нас усё значна лепш, чым было, і што мы рухаемся ў нармальным, правільным напрамку, напэўна, і вы не станеце адмаўляць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Пры добрай волі кіраўніцтва Злучаных Штатаў мы вельмі многае можам зрабіць у найбліжэйшай будучыні”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі ёсць пэўныя абавязацельствы перад краінамі-суседзямі, у тым ліку цеснае супрацоўніцтва з Расіяй, а таксама такімі дзяржавамі, як Кітай і Індыя. “Гэта нашы стратэгічныя саюзнікі, партнёры. Мы з імі заключылі адпаведныя пагадненні”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму развіцця беларуска-амерыканскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. “Калі са Злучаных Штатаў прыязджаюць бізнесмены і я з імі сустракаюся, абмяркоўваючы інвестыцыйны клімат у Беларусі, я ім гавару: працуйце ў нас, у Беларусі, па амерыканскіх законах, мы створым вам такое прававое поле. Яны гавораць: не, мы хочам па беларускіх законах. І я ім за гэта ўдзячны, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта для мяне вельмі моцны рычаг і аснова для размовы з іншымі бізнесменамі. Трэба аддаць належнае, што сапраўды амерыканцы — людзі зусім розныя, але гэта шчырыя людзі, якія, бачачы свой інтарэс, хацелі б цесна супрацоўнічаць з нашай Беларуссю”.

“Я гэта гавару для таго, каб вы разумелі, што ў нас няма забароненых тэм у супрацоўніцтве з вамі. Мы не маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія супярэчылі б нашаму супрацоўніцтву з ЗША. Нават расіяне нам заўсёды гавораць аб тым, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Еўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і неабходна”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Яшчэ раз падкрэсліваю: калі на гэта будзе добрая воля Злучаных Штатаў, мы вырашым любыя праблемы. Аснова павінна быць адна — шчырасць, прыстойнасць, адкрытасць і давернасць”, — дадаў беларускі лідар.

Часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Скот Роланд, у сваю чаргу, адзначыў, што бачыць магчымасць поўнай нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін. “Мы вельмі рады за прагрэс, якога дасягнулі тут за апошнія два гады. Хочам падзякаваць вам і Міністэрству замежных спраў, якое супрацоўнічала з намі па многіх пытаннях. Мы спадзяёмся, што гэта дае станоўчы імпульс для поўнай нармалізацыі адносін у будучыні”, — заявіў дыпламат.

“Вашынгтон хацеў, каб я вам перадаў: мы гатовы і ў далейшым супрацоўнічаць з Беларуссю, каб была добрая будучыня. Галоўнае, каб тэрытарыяльны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі былі на самым высокім і моцным узроўні”, — сказаў Скот Роланд.

“Вы ў гэтым можаце не сумнявацца”, — запэўніў беларускі лідар.