Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пратэсціраваў апошнюю мадэль электрамабіля Tesla і даручыў айчынным распрацоўшчыкам імкнуцца да гэтага ўзроўню.
Развіццю беларускага аўтамабілебудавання была прысвечана нарада ў кіраўніка дзяржавы, на якой прысутнічалі памочнік прэзідэнта Аляксандр Косінец, міністр прамысловасці Віталь Воўк, старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, а таксама непасрэдныя распрацоўшчыкі айчынных электракараў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўвесь свет сёння развівае напрамак электрамабіляў, у тым ліку Вялікабрытанія, Германія і ЗША. “Свет развіваецца ў гэтым напрамку. Амерыканцы стварылі супераўтамабіль. Малайцы! Tesla стварыла цудоўны аўтамабіль”, — заўважыў прэзідэнт.
Электрамабіль Tesla яму далі для тэсціравання, і кіраўнік дзяржавы вельмі высока ацаніў яго тэхнічныя характарыстыкі і дынаміку. “Хуткасць набірае, што ўсе нашы нямецкія аўтамабілі на рухавіках унутранага згарання, якія тэсціруюцца, засталіся вокамгненна ззаду і дагнаць не змаглі. Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ больш магутна. За дзве з паловай секунды — 100 км. Але мяне цікавіла, як ён трымае дарогу, — ідэальна”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах прэзідэнта, гэты аўтамабіль айчынным распрацоўшчыкам можна выкарыстоўваць у якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца. Ён таксама адзначыў, што падрабязна азнаёміўся і з нядаўна створаным беларускім электракарам на базе Geely.
“Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашы дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і г.д., але выглядае знешне прыстойна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён падкрэсліў, што да ўзроўню Tesla яшчэ, канечне, далёка і неабходна далейшая тэхнічная работа ў гэтым напрамку. “Але вашы абяцанні мяне натхняюць і, з другога боку, насцярожваюць. Калі мы можам стварыць батарэю — накапляльнік электраэнергіі — лепшую ў свеце, чаму мы не ствараем? Што для гэтага трэба? Людзі, грошы, кампетэнцыі? Неадкладна трэба гэта рэалізоўваць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама даў некаторыя практычныя рэкамендацыі, зыходзячы са знаёмства з электрамабілем Tesla. “Батарэя — адзін з асноўных элементаў. Не трэба яе ўсоўваць у багажнік. Як вы ўбачылі, яе паклалі на дно ў Tesla, і яна, як я зразумеў, нават утрымлівае на высокай хуткасці аўтамабіль, балансуе рух. Таму і нам гэтым шляхам трэба пайсці, — зрабіў вывад кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае — стварыць добры рухавік. Аснова ў вас ёсць. Таму мэта сённяшняй размовы — я вам паказаў аўтамабіль. Вывучыце, паглядзіце. Гэта лепшае, што ёсць”.
“Гэта будучыня, мы не можам адстаць. Мы не можам пры нашых кампетэнцыях, пры такой навуцы плесціся ў хвасце, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ніхто паслязаўтра, у найбліжэйшай будучыні не будзе купляць масава так, як гэта было раней, аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання. Параўнайце гэты аўтамабіль з тым, які мы стварылі, і імкніцеся да гэтага”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым цікавіцца навінкамі сусветнай аўтапрамысловасці, у тым ліку з сферы электрычнага аўтамабілебудавання. “Гэта не першае маё знаёмства з такімі машынамі. Я ведаю, Mitsubishi стварылі ў свой час. Горш, магчыма. Потым BMW — добры, вельмі жвавы, хуткі, меншы па памерах. І вось трэці аўтамабіль, які мне даводзіцца тэсціраваць. Я вам раскрываю ўсе асабістыя карты: з даўніх часоў аўтамабілі — гэта маё хобі, я сачу за развіццём гэтай галіны”, — прызнаўся прэзідэнт.
Па яго словах, лінейка машын Geely з рухавікамі ўнутранага згарання — гэта толькі першая прыступка. “Нам патрэбны электрамабіль. Можа, на тым заводзе, можа, асобна. Будзеце вы з амерыканцамі, з немцамі або з англічанамі яго ствараць — ваша справа. Вы павінны мне ў найбліжэйшы час унесці прапановы”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што развіццё аўтамабілебудавання на электрычнай цязе супадае з будаўніцтвам у Беларусі АЭС, якая дазволіць замясціць значныя аб’ёмы прыроднага газу і стварыць добры прафіцыт электраэнергіі.
“На шчасце, мы трапілі ў струмень. Сённяшні трэнд у свеце — гэта чыстыя тэхналогіі, чыстыя аўтамабілі, чыстыя рухомыя саставы, гэта замена вуглевадародаў на чыстае паліва. Электрычнасць якраз з’яўляецца такім палівам”, — звярнуў увагу прэзідэнт.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць развіцця іншых відаў электрычнага транспарту, у тым ліку веласіпедаў, матацыклаў і скутараў.
“У нас гэтае прадпрыемства ёсць. Вы можаце гэта ўжо рабіць, гэта трэба хутчэй запускаць. Для вёскі — адзін варыянт, для горада — другі. Мы падумаем, як вас падтрымаць потым у вытворчасці, каб гэта было даступна для людзей. Трэба пераходзіць на электрычнасць. Мы ўжо спазняемся. Падключайце ўсіх і пачынайце працаваць, што не атрымліваецца — дакладвайце”, — рэзюмаваў беларускі лідар.