Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы ніколі не дапусцім дэстабілізацыі сітуацыі ў нашай краіне”

- 11:56Інфармацыйная гадзіна

Майданаў у Беларусі не будзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам.

“Дзяржаўная бяспека — аснова асноў. І Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым плане належыць разам з прэзідэнтам вядучая роля па абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы. Мы абсалютна ведаем мэты, якія ставяць сабе тут некаторыя. Гэтыя мэты нам зразумелыя: учыніць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Так яны планавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых “майданутых” хачу папярэ­дзіць, што майданаў у Беларусі не бу­дзе”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не праводзіць аналогій і не параўноў­ваць тое, што адбываецца ў Беларусі, з некаторымі папярэднімі падзеямі ў Арменіі або ва Украіне. “Не трэба нас параўноўваць, як нядаўна газета суседняй краіны пісала, што тут у нас з’явіліся новыя Пашыняны, новыя Зяленскія і ў нас ледзь ці не сітуацыя як у Арменіі або як ва Украіне. Павінен сказаць, што сітуацыя па-рознаму можа складвацца. Толькі ў нас няма Пашынянаў і Зяленскіх. Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“А некаторыя нашы хочуць за капейку прадаць усё тое, што тут было створана не толькі прэзідэнтам Лукашэнкам, не толькі ўладай. Народам было створана. Таму гэтага дапусціць нельга. Яшчэ раз падкрэсліваю, “майданутым” гэта гавару, што мы ніколі не дапусцім дэстабілізацыі сітуацыі ў нашай краіне”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым акцэнтаваў увагу, што ніхто не перашкаджае адкрыта выказваць свой пункт гледжання, але трэба захоўваць рамкі закона. “Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка — вызначаны месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць пунк­таў. Наша справа — кантроль, каб вы не выйшлі за рамкі. Шэсць пунктаў у Мінску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэння закона”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Людзі павінны пайсці самі і дыскутаваць. Хочуць на кухні — калі ласка. Але каб не перашкаджалі іншым лю­дзям. Мы павінны захаваць парадак. У краіне павінен быць парадак. Мы не павінны дапусціць, каб розныя шайкі і банды крымінальнікаў хадзілі па краіне з закасанымі рукавамі: лю­дзі, не дай бог, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусціць не павінны. І я гэтага не дапушчу, — запэўніў Аляксандр
Лукашэнка. — Я ўжо ваенным гаварыў: адзін буду супраць іх (шаек і банд. — Заўвага БелТА.) змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае лю­дзей у пагонах, якія здольны абараніць сваю краіну. Яны разумеюць, што ў гэтай краіне жыць іх дзецям. Нашым дзецям, вашым, не толькі нам самім яшчэ. Мы ж паміраць не збіраемся”.

Паводле слоў прэзідэнта, усё павінна быць у адпаведнасці з законам, справядліва, сумленна і без хлусні. “Я Амерыку не адкрыў. Мы павінны дзейнічаць у гэтым плане. І хто хоча ў адпаведнасці з законам прайсці гэты перыяд, мы да іх будзем ставіцца з павагай”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Валерыя Вакульчыка ахарактарызаваць сітуацыю і прадставіць свой пункт гледжання. “Мне інфармацыі дастаткова, тым не менш яна ў вас у абагульненым выглядзе. Я хацеў бы ведаць стан спраў у Беларусі з пункту гледжання Камітэта дзяржбяспекі. І гэта не толькі тое, што я тут на злобу дня сказаў наконт гэтых, якія нам майдан спрабуюць учыніць. У нас і эканамічная бяспека, харчовая, ваенная і іншыя многія напрамкі. Яны цяпер пакрыху абвастраюцца. Таму што востры палітычны перыяд”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт вобразна ахарактарызаваў сітуацыю, заўважыўшы, што, па сутнасці, маюць месца адразу некалькі пандэмій. Адна — у галіне аховы здароўя. “Дзякуй богу, што мы пакрыху пераадольваем яе. Тут ужо не скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў бальніцу, глядзіце і гэтак далей”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“Наклалася на гэта палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія (крызіс ва ўсім свеце — не наша віна, бяда наша). Ну і шэраг іншых пандэмій, якія ходзяць вакол нашых меж, але пакуль баяцца сунуць сюды нос. Мы з гэтымі пандэміямі павінны справіцца”, — заявіў прэзідэнт.

“Я ўжо не называю інфапандэмію. Гэта, ведаеце, фон для ўсіх пандэмій. Цяпер і ў інтэрнэце, гэтым сметніку, што хочаце закідваюць, і з-за мяжы нам, у тым ліку родныя браты, праблем падкідваюць у СМІ. Але мы ўсё гэта бачым”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік КДБ у размове з кіраўніком дзяржавы адзначыў, што літаральна перад самай сустрэчай журналіст АНТ пацікавілася ў яго, ці ёсць якія-небудзь асаблівыя ўмовы работы КДБ і службы супрацоўнікаў ва ўмовах падрыхтоўкі да выбараў. “Я абсалютна шчыра…”, — пачаў расказваць Валерый Вакульчык аб змесце свайго адказу, аднак рэмарку наконт гэтага зрабіў кіраўнік дзяржавы.

“Я ведаю, што ты сказаў, што ў вас заўсёды асаблівыя ўмовы і нічога абсалютна вам мяняць не трэба. Вы заўсёды былі, так бы мовіць, на варце, і я вас заўсёды трымаў у форме добрай. Таму не думаю, што там нешта трэба мяняць”, — адзначыў беларускі лідар.

“Вось я ёй так і сказаў, што нічога экстравагантнага, такога дзіўнага і нечаканага цяпер не адбываецца і не адбылося. Тое, што цяпер адбываецца, мы ведалі аб гэтым. І мы дакладвалі вам загадзя гэтую інфармацыю”, — заявіў Валерый Вакульчык.

“Пацвярджаю”, — сказаў прэзідэнт.

“Адзінае, — прадоўжыў старшыня КДБ, — часам маюць месца тыя ці іншыя акалічнасці”. Аднак ён запэўніў, што яго ведамства ў поўным аб’ёме валодае сітуацыяй. “Нюансы былі і будуць”, — згадзіўся Аляксандр Лукашэнка.