Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы патрэбны і Еўропе, і Расіі. Вось такая ціхая, спакойная, бяспечная краіна”

- 10:17Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю ТАСС расказаў аб узнікаючых праблемных момантах і дасягненнях у беларуска-расійскім супрацоўніцтве, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Было б няпраўдай, калі б мы звярталі ўвагу і гаварылі толькі аб станоўчым. У нас мноства праблем. На гэтым шляху мы не разумелі ў чымсьці, напэўна, Расію. Расія хапалася то за газавую трубу, то за нафтавую трубу. І размахвалі, перакрываючы нам то газ, то нафту, то не прапускалі нашы тавары ў Расійскую Федэрацыю”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы недзе, напэўна, не зусім правільна паводзілі сябе, хоць стараліся старэйшага брата не крыўдзіць і не зліць. Гэта таксама праўда. Але і сённяшні дзень па асобных момантах не лепшы: калі нам раптам пачынаюць скарачаць падачу нафты ў Беларусь наперакор нашай дамоўленасці, таму што нібыта мы мала плацім за прыродны газ. Ну пры чым тут газ і нафта? Ёсць дагаворы! Цяпер ужо ў СМІ гэта праскоквае, хоць я папярэджваў Прэзідэнта Расіі: нам не трэба ў СМІ разгортваць гэтую кампанію і азмрочваць нашы адносіны, бо шмат зроблена”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адначасова падкрэсліў, што ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве ўдалося дасягнуць і безумоўных поспехаў. “У рамках гэтага магутнага праекта — будаўніцтва Саюзнай дзяржавы — мы шмат зрабілі. Мы адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй, якая намячалася там, пад Смаленскам. Мы знялі гэтыя бар’еры (помніце, з Чарнамырдзіным шлагбаумы ліквідавалі?), — адзначыў беларускі лідар. — Мы прайшлі вялікі шлях (ад шлагбаумаў, ад чамаданаў, на якіх сядзелі расіяне і іншыя ў Беларусі). Гэта вялікі здабытак”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць узаемадзеяння дзвюх краін у абароннай сферы. “Беларуская армія — 75 тысяч, мы цяпер да 55 тысяч апускаемся. Гэтая колькасць для Беларусі вялікая. Самая сучасная армія, як натаўцы прызнаюць, на постсавецкай прасторы ў рамках СНД абараняе не толькі Беларусь, але і Расію (у Расіі ў гэтым напрамку практычна нічога няма). У нас сумесная ППА, сумесная групоўка на заходнім напрамку. Натаўцы гэта ведаюць, і галоўная аснова — беларуская армія”, — сказаў прэзідэнт.

“Рускі чалавек у маім сэрцы займае вельмі вялікае месца. І я ніколі не проціпастаўляў беларуса і расіяніна. Гэта родныя народы, ад аднаго кораня”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама меркаванне, што стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі падштурхнула інтэграцыйныя працэсы на прасторы СНД. “Саюзная дзяржава стала правобразам ЕўрАзЭС — Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы ж адсюль бралі гэтыя ўсе прыклады”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе яшчэ не дасягнуты той узровень інтэграцыі, які існуе паміж Беларуссю і Расіяй у Саюзнай дзяржаве. “Мы ўскалыхнулі і СНД (тыя, хто застаўся ў ім, пачалі надаваць вялікае значэнне)”, — заўважыў беларускі лідар.

“Хоць у Расіі не ўсе тады да гэтага былі гатовы. І калі б не рашучасць Ельцына, які ўзяў і секануў — так, пойдзем, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — І мы заключылі гэтае пагадненне. І з таго часу мы вельмі шмат зрабілі. У многім і падштурхнулі інтэграцыйныя працэсы. Таму гэта была гістарычная падзея”.

“Што тычыцца прэтэнзій, то ваша праўда: народы маюць рацыю, калі прад’яўляюць нам прэтэнзіі, чаму іншым разам, калі можна прымаць рашэнні і ісці наперад, мы топчамся на месцы. Але гэтае пытанне не да мяне”, — дадаў прэзідэнт.

У час інтэрв’ю ТАСС Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спакойная і бяспечная Беларусь патрэбна і Захаду, і Расіі.

“Мы патрэбны і Еўропе, і Расіі. Асабліва цяпер, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вось такая ціхая, спакойная, бяспечная краіна, дзе можна праводзіць любое мерапрыемства Еўропы ў інтарэсах Еўрасаюза і Расіі, яна і патрэбна. Гэта і паказалі падзеі ва Украіне”.

“Я гэтым ганаруся, Беларусі выпала такая роля. Няхай будзе такая краіна паміж Усходам і Захадам, дзе можна спакойна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Калі ласка, патрэбны будзе Мінск-3, 5, 25 — мы гатовы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў да хутчэйшага вырашэння канфлікту ва Украіне. “Яго трэба вырашаць. Чым раней, тым лепш. Любая вайна чымсьці заканчваецца. Чым? Мірам. Галоўнае — наступствы. Наступствы будуць настолькі выгаднымі для Украіны, Расіі, Беларусі і для ўсяго свету, наколькі мы хутчэй скончым гэты канфлікт”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для Беларусі важны адносіны як з Захадам, так і з Усходам. “Таму не трэба нас даймаць за тое, што мы размаўляем з Захадам, не трэба нас штурхаць у бок ад Расіі. Лёс наш такі, што мы апынуліся ў цэнтры, на гэтым скрыжаванні, нам тут жыць. І трэба набрацца мудрасці, каб жыць у гэтай сітуацыі”, — сказаў прэзідэнт.