Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы павінны стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу, перш за ўсё ў паляпшэнні жыллёвых умоў”

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустуючых і старых дамоў.

“Мы павінны стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу, перш за ўсё ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэты напрамак — найважнейшы складнік сацыяльнай палітыкі Беларусі. Думаю, ён застанецца назаўсёды”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што вынесеная на нараду тэма актуальная тым, што закранае інтарэсы практычна ўсіх жыхароў краіны, у тым ліку тых, хто мае жыллё. “Вырашэнне кватэрнага пытання — адзін з асноўных індыкатараў развіцця грамадства. Жыллё — не проста сцены і дах над галавой. Гэта месца, дзе чалавек, прыйшоўшы з работы, можа адпачыць, пабыць з сям’ёй ва ўтульнай і камфортнай атмасферы. Самае галоўнае — выхаванне дзяцей”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Перад удзельнікамі нарады ён паставіў шэраг пытанняў наконт таго, наколькі неабходны і наспелі прапанаваныя змяненні. “Першае пытанне — навошта, ці патрэбна, ці надышоў час, што перашкаджае рабоце старых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны? Ці трэба нам сёння ўмешвацца ў Жыллёвы кодэкс і выкладаць яго ў новай рэдакцыі? Гэта галоўныя пытанні, на якія трэба адказаць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асноўныя пытанні, з якімі грамадзяне сутыкаюцца ў штодзённым жыцці, такія як пастаноўка на ўлік маючых патрэбу, атрыманне жылля і высяленне з яго, унясенне платы за камунальныя паслугі, кіраванне жылфондам, рэгулюе Жыллёвы кодэкс. “Прымаючы гэты дакумент 5 гадоў назад, мы ставілі задачу ўлічыць усе аспекты і згладзіць вострыя вуглы ў сферы жыллёвых адносін, што назбіраліся з улікам правапрымяняльнай практыкі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з прапанаванай новай рэдакцыяй дакумента прэзідэнт пацікавіўся, ці зможа новы дакумент забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць рэгулявання адносін у жыллёвай сферы. “Ці не давядзецца грамадзянам пасля яго прыняцця звяртацца да некалькіх крыніц права для вырашэння сваіх пытанняў? Ці створым мы адзін дакумент, які грамадзянін адкрые і ўбачыць адказы на ўсе свае пытанні? У нас юрысты такія разумныя. Яны спачатку ствараюць закон або які-небудзь іншы нарматыўны прававы акт і паўмільёна падзаконных актаў. І гэты закон багаты на адсылачныя нормы, што недапушчальна”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пастаўленае пытанне тычылася таго, якія канкрэтна праблемы прапануецца ўрэгуляваць прадстаўленым законапраектам, ці прадугледжана ў ім спрашчэнне адміністрацыйных працэдур у жыллёвай сферы.

“Як ідуць справы са стварэннем фонду арэнднага жылля? Ці зможам мы задаволіць патрэбнасці грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу? Якія прапановы ўрада па развіцці гэтага найважнейшага напрамку?” — задаў пытанні кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся тэхнічным станам жыллёвага фонду краіны ў цэлым і тым, якія дадатковыя меры неабходны для яго належнага ўтрымання і абслугоўвання.

“Мы сёння падштурхоўваем розных грамадзян і інвестараў да будаўніцтва. Вы ведаеце мае патрабаванні. Яны ўжо ў заканадаўчых актах, відаць, вызначаны… Ёсць жалезабетонныя тэрміны, якія ў інвестыцыйных дагаворах абазначаны. І для грамадзян, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У найбліжэйшы час, пачынаючы з Мінска, мы праверым, як выконваюцца гэтыя тэрміны. Але нават там, дзе я бачу кожны дзень, гэта называецца “жах”. Замест двух — пяць гадоў. Стаяць закінутыя, зарослыя бур’яном у горадзе-героі Мінску будынкі і памяшканні, на якія ўвагу начальнікаў я ўжо звяртаў”.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней ужо была дасягнута дамоўленасць аб уключэнні ў абарот рознай уласнасці, у прыватнасці незавершанага будаўніцтва. “Нават там, дзе я езджу кожны дзень, ужо трэці губернатар спрабуе паказаць, як ідзе работа. Але работы гэтай няма”.

Паводле слоў прэзідэнта, мясцовыя ўлады часам не могуць самі вызначыцца, што рабіць з такімі аб’ектамі. “І гэта ў Мінску фактычна. Няўжо на ўласнасць, памяшканні і іншае задаволілі попыт, што бясплатна нават не хочуць узяць? Тады нам трэба гэтым займацца”, — заўважыў беларускі лідар.

“Яшчэ адно важнае пытанне, якое я падымаў публічна ўжо, яно актуальнае — развіццё малых вёсак і хутароў. Колькасць пустуючых дамоў расце, нам неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання такога жылля”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні перш за ўсё патрэбны гаспадарскі падыход. “Гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму”, — лічыць беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ўжо заклікаў усіх жадаючых — не толькі багатых людзей — не забываць сваю малую радзіму. “Калі ў кагосьці ёсць магчымасць прывесці ў парадак сваю вёсачку, пабудаваўшы там, можа, свой дом, гэта трэба зрабіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Я ўжо сказаў аб тым, што ў наступным годзе мы прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб краіну прывесці ў парадак. І не толькі таму, што гэта апошні год перад Еўрапейскай алімпіядай у Беларусі. У 2019 годзе прыедуць прадстаўнікі ўсяго свету паглядзець на Беларусь. Што мы ім пакажам?” — адзначыў прэзідэнт.

“Пачынаючы ад дарог, мастоў, развязак (а гэта твар краіны), прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак, аб якіх мы будзем сёння весці размову, і завяршаючы пасяўнымі плошчамі — усё павінна быць у ідэальным стане”, — даручыў беларускі лідар.

“Што тычыцца старога, аварыйнага жылля, мая пазіцыя адназначная: на зямлі павінен быць парадак. Такія будынкі трэба зносіць, землі неабходна вяртаць у абарот. Гэтую работу трэба паскорыць на месцах і падвесці пад гэта нарматыўна-прававы акт, каб губернатары і мясцовыя ўлады не бегалі за людзьмі, якія кінулі сваё жыллё, але ў той жа час нібыта маюць нейкую паперку на валоданне гэтым жыллём”, — заявіў прэзідэнт.

Калі чалавек сапраўды валодае тым ці іншым жыллём, то яно павінна падтрымлівацца ў нармальным стане, сказаў прэзідэнт. “А так ён жыве дзесьці на Камчатцы, вачэй не паказвае ў свой родны дом, які нібыта ў яго ва ўласнасці. Ён ужо бур’яном зарос і нахіліўся на тры вуглы”, — заўважыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прапануецца ўдасканаліць механізм адчужэння пустуючых і старых дамоў у залежнасці ад іх размяшчэння, мясцовых умоў і асаблівасцей. Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы перасцярог, каб у гэтым выпадку не стварыць розных бюракратычных бар’ераў. “Павінен быць адназначны адказ на гэтае пытанне. Калі жыллё закінута, мы даём права мясцовым органам улады яго зносіць, значыць, яно павінна быць знесена. А землі вернуты ў абарот, або прададзены новаму гаспадару, або там пасеяць збожжа”, — сказаў прэзідэнт.