Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы захоўваем вельмі вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі”

- 13:51Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым.

“Мы захоўваем вельмі вялікі інтарэс да прамых кантактаў з ра­сійскімі рэгіёнамі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы для нас наогул родны чалавек, мы жывём на поўначы, у нас шмат задач, якія трэба вырашаць”. Паводле яго слоў, Беларусь валодае дастатковымі аб’ёмамі прамысловай прадукцыі, тавараў народнага спажывання для гандлю з расійскім рэгіёнам.

Прэзідэнт адзначыў, што адна са сфер, дзе ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння, — гэта будаўніцтва. “Калі вы нам даручыце які-небудзь квартал па жыллі зрабіць пад ключ, праектаваць, праводзіць даследаванні і будаваць, як мы звычайна робім у расійскіх губернях, — калі ласка, мы можам паказаць нашы магчымасці. Калі вам спадабаецца, бу­дзеце нас запрашаць”, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама абазначыў магчымасць аснашчэння дамоў у Архангельскай вобласці сучаснымі беларускімі ліфтамі. “Мы значна мадэрнізавалі свае заводы па вытворчасці ліфтавага абсталявання і можам ліфты рабіць хоць для касмадрома, хоць для самалётаў, верталётаў і звычайных жылых дамоў”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама мае вялікі вопыт машынабудавання: ад транспарціроўкі грузаў да лесанарыхтовак. “Стварылі практычна ўсю лінейку лясной тэхнікі, вучыліся па ўсім свеце і зрабілі не горш. Там, дзе вузлы складаныя і мы яшчэ не ўмеем так якасна вырабляць, мы іх купляем у еўрапейцаў”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі падзяліцца з Архангельскай вобласцю сваім вопытам па развіцці сельскай гаспадаркі. “Мы з вамі знаходзімся ў зоне рызыкоўнага земляробства, — адзначыў ён. — Мы можам вам дапамагчы і ў племянной справе, і ў вырошчванні агароднінных культур, уладкаванні малочнатаварных ферм, цяплічных комплексаў”. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў эфектыўнае супрацоўніцтва з Егіптам, дзе Беларусь будуе і аснашчае цяпліцы. “Мы дамовіліся (у час нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет. — Заўвага БелТА.), што больш будзем будаваць цяпліц, таму што там яны мо­гуць зімой вырасціць тое, чаго няма ў нас, і нам прадаць, дапусцім, клубніцы”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, менавіта развіццё эфектыўнай цяплічнай гаспадаркі дае магчымасць Беларусі вырошчваць агароднінную прадукцыю, якая канкурэнтная ў тым ліку і на расійскім рынку. “Хоць розніца па цэнах на прыродны газ у нас з вамі амаль у два разы, а па нафце на 50 працэнтаў у нас цэны вышэйшыя, чым у Расіі, нават у гэтай сітуацыі мы канкурэнтныя на вашым рынку па агурках, перцах, баклажанах, памідорах”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання, якія пастаўляюцца ў розныя рэгіёны свету. “Мы гандлюем не толькі ў Ра­сіі, ужо вельмі шмат і ў Еўрасаюзе, але яшчэ больш з Кітаем, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму Данкверту (Сяргей Данкверт — кіраўнік Рассельгаснагляду. — Заўвага БелТА.) трэба сказаць, каб пераставаў нас даймаць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак”.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганіза­ваць сумесныя прадпрыемствы па асваенні тарфяных радовішч, якімі багата Архангельская вобласць.

“Усё, пра што вы тут дамовіліся, я вам гарантую, мы рэалізуем. Мы вельмі абавязковыя людзі, — запэўніў Прэзідэнт Беларусі расійскага губернатара. — Мы ад гэтага маем даход, вядома, не такі, як у Расіі ад нафты і прыроднага газу. З гэтага жыве ўся Беларусь. Работа з вамі — гэта не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша работа, ад якой мы атрымліваем хоць невялікі, але прыбытак”.

У сваю чаргу Ігар Арлоў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць наведаць Беларусь. Ён назваў свой візіт “не парадным, а насычаным практычнымі справамі і рашэннямі”. “Па выніках візіту я чарговы раз пераканаўся, што нашаму ўзаемадзеянню наканаваны поспех на ўсіх узроўнях, я ніколькі ў гэтым не сумняваюся. Узровень адносін, блізкасці агульначалавечых, гістарычных каштоўнасцей вельмі высокі”, — падкрэсліў ён.

Узаемны тавараабарот Беларусі і Архангельскай вобласці ў 2019 годзе склаўся на ўзроўні $45,8 млн, з іх $22,9 млн склаў экспарт айчынных тавараў у расійскі рэгіён і столькі ж — імпарт. Беларусь пастаўляла ў асноўным мяса ялавічыны і птушку, вырабы з бетону, цэменту і штучнага каменю, цукар, аўтамабілі, запчасткі да іх і іншыя тавары. А закупляліся ў Архангельскай вобласці пераважна папера, кардон, лом чорных металаў, драўняная цэлюлоза, шэрсць.

Як заявіў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам губернатар Архангельскай вобласці Расіі Ігар Арлоў, вобласць зацікаўлена, каб у вялікіх гарадах рэгіёна з’явіліся беларускія кварталы.

“Мы вельмі хацелі б, каб беларускі квартал з’явіўся ў некаторых гарадах вобласці: Архангельску, Северадзвінску, Котласе, дзе вядзём маштабныя будоўлі ў рамках перасялення з аварыйнага жылля, — сказаў Ігар Арлоў. — Зацікаўлены, каб магутнасці Рэспублікі Беларусь, вашы кампаніі аказалі садзейнічанне ў рэалізацыі маштабных нацыянальных праектаў, якія вызначаны Прэзідэнтам Расіі”.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва губернатар лічыць будаўніцтва і машынабудаванне. У гэтых сферах ужо ёсць праекты, намечаны і новыя.

“Усе гэтыя напрамкі нават не ўмацоўваюць, а падтрымліваюць той высокі градус адносін, якія існуюць паміж Расіяй і Беларуссю, паміж нашымі рэгіёнамі. Упэўнены, што гэта будзе толькі развівацца ў далейшым”, — рэзюмаваў Ігар Арлоў.