Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы зацікаўлены ў канструктыўнай рабоце, гатовы да адкрытага дыялогу”

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

Беларусь заўсёды мела пачуцці ўдзячнасці і павагі да Венесуэлы і яе народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам.

“Я рады вітаць вас у Беларусі, у дружалюбнай для Венесуэлы краіне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды мелі пачуцці найвышэйшай удзячнасці і павагі да вас, да вашага народа, да вашай дзяржавы”.

Прэзідэнт адзначыў, што Нікалас Мадура прыбыў у Беларусь з вялікай дэлегацыяй, а перад гэтым ён пабываў і ў іншых дзяржавах, нягледзячы на няпростую сітуацыю ў краіне. Гэта, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, сведчыць аб тым, што ў Венесуэле аднаўляецца неабходны для народа парадак.

“Сутнасць цяперашняй нашай сустрэчы ў тым, што нам трэба рашуча зрабіць добры новы крок наперад у развіцці нашых адносін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да гэтага.

У сваю чаргу Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура адзначыў: “Мне і членам маёй дэлегацыі вельмі прыемна быць тут, таму што мы ведаем, што знаходзімся сярод сапраўдных сяброў. Мы прайшлі часы брутальных баталій, але ўмацаваліся ў іх на ўсіх франтах і цяпер знаходзімся на этапе аднаўлення, які таксама вельмі складаны. У эканамічным плане мы робім новыя крокі. Мы назвалі гэта праграмай баліварыянскага развіцця — так званая эканоміка постнафтавага перыяду. Мы павінны развіваць тыя скарбы, якімі валодае наша краіна, і ў рамках гэтай работы назначыць канкрэтныя напрамкі нашай сумеснай дзейнасці — Беларусі і Венесуэлы”.

Паводле слоў Нікаласа Мадуры, у Венесуэле з захапленнем ставяцца да той дысцыпліны і працаздольнасці, якімі валодае беларускі народ. “На першым этапе ў нас былі значныя поспехі. Цяпер мы хочам нанава ўсё аднавіць. У пакрокавым спакойным рытме аднавіць гэты ўзровень супрацоўніцтва. Мы прыехалі з надзеяй зрабіць гэта”, — дадаў венесуэльскі лідар.

Ён таксама падзякаваў за салідарнасць, якую беларускі бок пастаянна праяўляе ў адносінах да Венесуэлы.

“У нас створаны тры сумесныя камісіі. Яны не збіраліся некалькі гадоў для таго, каб вырашаць праблемы. Мы з прэзідэнтам дамовіліся, што ў лістападзе ў Мінску збяром сумесную беларуска-венесуэльскую камісію. Я падключуся да вырашэння гэтых праблем, і мы намецім у лістападзе канкрэтны план дзеянняў па вырашэнні пытанняў, якія ўзніклі ў нашых адносінах. Я гатовы прыляцець у Венесуэлу, мы з прэзідэнтам яшчэ раз разгледзім гэты план і зацвердзім яго”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам у пашыраным складзе.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры распрацоўцы такога плана ні ў якім разе нельга спыняць работу па іншых напрамках.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Венесуэла — стратэгічны і вельмі важны партнёр Беларусі ў Лацінскай Амерыцы. За адносна кароткі гістарычны тэрмін краіны стварылі надзейную палітычную і эканамічную базу двухбаковага ўзаемадзеяння. “У апошнія гады з-за складанай сітуацыі ў свеце тэмпы рэалізацыі сумесных праектаў знізіліся. Нас не задавольвае гэта— ні беларусаў, ні венесуэльцаў. Сітуацыю трэба папраўляць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што ў час перагавораў з Нікаласам Мадурам яны канстатавалі той факт, што дзяржавам не трэба пачынаць з нуля ў развіцці двухбаковых адносін. “Трэба прадоўжыць тое, што мы ўмеем рабіць. На той фундамент, які мы стварылі, узводзіць новы будынак на новым этапе развіцця Венесуэлы”, — адзначыў ён.

Беларусь і Венесуэла наладзілі доўгатэрміновыя гандлёва-эканамічныя і кааперацыйныя сувязі. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў: па выпуску аўтамабіляў, трактароў, здабычы нафты, газіфікацыі. “Па беларускай тэхналогіі ў Венесуэле арганізавана вытворчасць дарожна-будаўнічай тэхнікі, пабудаваны буйнейшы ў Лацінскай Амерыцы цагельны завод. Мы разам пабудавалі сотні тысяч квадратных метраў жылля для маламаёмных грамадзян у Венесуэле. Гэта добрая аснова для нашых далейшых дзеянняў. Пачынаючы гэта калісьці, мы дакладна трапілі ў цэль”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы гатовы разам з вамі прадаўжаць гэты шлях у Венесуэле”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час Венесуэла падставіла плячо Беларусі ў энергетычнай сферы. “Мы гэтага не забылі. Таму давайце разам сёння падумаем, як хутка выра-шыць тыя праблемы, якія ёсць у Венесуэле, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — За пяць гадоў мы гэтыя праблемы ў асноўным вырашым”.

“Так, у Венесуэле цяпер няпроста. Але ў нас было складаней, мы таксама дзялілі па талонах прадукты харчавання пасля распаду Савецкага Саюза. Мы напружыліся і паставілі перад сабой мэту: максімум за 8—10 гадоў не толькі накарміць свой народ, але і выйсці на экспарт прадуктаў харчавання. І мы гэтую праблему вырашылі. Венесуэла пры жалезнай волі ўлады і дысцыпліне гэтую праблему вырашыць за пяць гадоў”, — упэўнены беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Венесуэла цяпер адчувае моцны націск звонку. “Дайшло да адкрытых пагроз ваеннага ўмяшання ў гэтую суверэнную краіну. Хачу падкрэсліць, што мы катэгарычна супраць усялякай агрэсіі, хаосу і беспарадкаў, супраць умяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы і любой дзяржавы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь выступае за вырашэнне канфліктаў мірным шляхам. “Нельга навязваць краінам розныя каляровыя рэвалюцыі, гэты час праходзіць. Спробы навязаць Венесуэле свае прыярытэты і ажыццявіць каляровую рэвалюцыю, як мы бачым, праваліліся. Венесуэльцы самі разбяруцца, што ім рабіць ва ўласнай краіне, таму што для кожнага чалавека, незалежна ад яго палітычных поглядаў, інтарэсы роднай краіны, мір і парадак у ёй вышэй за ўсё”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што санкцыі, якія прымаюцца супраць Венесуэлы з боку пэўных геапалітычных сіл, бесперспектыўныя і шкодныя, у тым ліку для тых, хто іх уводзіць.

“Венесуэльцы заўсёды могуць разлічваць на падтрымку дружалюбнай Беларусі. Наш курс застаецца ранейшым: мы будзем рабіць усё для таго, каб у вас было нармальнае жыццё”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Мы высока цэнім цвёрдую пазіцыю, якую Венесуэла займае ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Венесуэла рашуча выступае за пабудову шматпалярнага свету, узаемавыгаднае і раўнапраўнае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Гэта сугучна з пазіцыяй Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў свой час Беларусі і Венесуэле ўдалося закласці трывалыя асновы дружбы, якія даюць магчымасць з аптымізмам глядзець у будучае двухбаковага супрацоўніцтва. “Гарантыяй яго поспеху з’яўляюцца падабенства пазіцый абедзвюх краін па большасці тэм міжнароднага парадку дня і сугучнасць падыходаў да вырашэння сацыяльна-эканамічных задач”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што візіт Нікаласа Мадуры паслужыць умацаванню двухбаковага супрацоўніцтва. “Мы зацікаўлены ў канструктыўнай рабоце, гатовы да адкрытага дыялогу. І на гэтым шляху мы зробім шмат. Гэта я магу гарантаваць”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Венесуэльскі лідар у сваю чаргу падкрэсліў, што ён і яго дэлегацыя адчуваюць сябе ў Беларусі як дома, таму што прыехалі ў госці да сапраўдных сяброў. “Гэты шлях мы пачалі разам з нашым камандантэ Уга Чавесам, ён называў гэты шлях у новы свет — шлях тых, хто хоча міру і выступае за супрацоўніцтва, дзе прэваліруюць каштоўнасці цывілізаванага свету”, — адзначыў ён.

Нікалас Мадура расказаў, што на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Беларусі бакі абмеркавалі самыя розныя напрамкі супрацоўніцтва.“Мы не ідзём ад нуля (у развіцці супрацоўніцтва. — Заўв. БелТА.), мы ідзём у новы этап, і паміж намі існуе вялікі давер ва ўсіх галінах, у тым ліку харчовай, сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлі, будаўніцтве жылля”, — сказаў Прэзідэнт Венесуэлы.

Венесуэльскі лідар канстатаваў, што яго краіна апошнім часам перажывала даволі цяжкі перыяд, але цяпер Венесуэла знаходзіцца ў добрай кропцы для аднаўлення і росту эканомікі. “Гэта менавіта той ключавы момант, каб зноў запусціць нашы праекты ў работу, якая накіравана на канкрэтныя галіны, у тым ліку ў сферах палітыкі і дыпламатыі, а таксама па канкрэтных напрамках у эканоміцы, індустрыі, нафтапрамысловасці”, — заявіў Нікалас Мадура.

“Гэты візіт павінен надаць імпульс новаму этапу, каб развіць рэальную эканоміку ў Беларусі і Венесуэле”, — дадаў Прэзідэнт Венесуэлы.

У сваёй заяве па выніках перагавораў венесуэльскі лідар яшчэ раз падзякаваў Беларусі за супрацоўніцтва і салідарнасць ва ўмовах процістаяння Венесуэлы націску з боку знешніх сіл.

Ён расказаў, што пры рэалізацыі новага плана па аднаўленні росту і развіцця рэальнага сектара эканомікі Венесуэла разлічвае на дапамогу і падтрымку Беларусі.

“Думаю, што рашэнне пачаць новы этап работы ў галіне энергетыкі, фінансавай сферы, прамысловай, сельскагаспадарчай галінах, будаўніцтве, машынабудаванні, грунтуючыся на тым поспеху, якога мы ўжо дасягнулі, — гэта найлепшае рашэнне, якое мы маглі прыняць. Мы павінны развіваць яго на практыцы”, — падкрэсліў Прэзідэнт Венесуэлы.

“Я вельмі шчаслівы, таму што ведаю, што Аляксандр Лукашэнка, урад і народ Беларусі з’яўляюцца шчырымі і сапраўднымі сябрамі Венесуэлы. І няма ніякіх цяжкасцей, калі сябры аб’ядноўваюць свае намаганні”, — рэзюмаваў Нікалас Мадура.