Беларуская эканоміка з’яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння даверных грамат пасламі замежных краін.
“Беларуская эканоміка з’яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Сёння разам з прыняццем мер, накіраваных на актывізацыю бізнесу, мы паглыбляем міжнародныя гандлёва-эканамічныя сувязі”, — сказаў прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь — адна з дзяржаў — заснавальніц Еўразійскага эканамічнага саюза, які ўжо праз два гады пасля ўтварэння ўвайшоў у лік найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднанняў Еўразіі. “Упэўнены, што, развіваючы эканамічныя адносіны з Беларуссю, вы ацэніце сапраўды бязмежныя перспектывы, якія вынікаюць з магчымасці доступу на агульны рынак ЕАЭС”, — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь адзначае 25-годдзе свайго суверэнітэту. “За параўнальна кароткі перыяд быў пераадолены эканамічны спад, выкліканы развалам СССР, і фактычна адноўлена сацыяльна арыентаваная дзяржава. На гэты час намі праведзена сістэмная мадэрнізацыя практычна ўсіх галін і сектараў эканомікі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў даныя, згодна з якімі на экспарт пастаўляецца больш за 50 працэнтаў тавараў, што выпускаюцца ў краіне. “Мы па праве ганарымся прынцыпова новымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці: атамнай энергетыкай, касмічнымі і біяхімічнымі тэхналогіямі, у ваенна-прамысловым комплексе”, — заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што ў верасні гэтага года сфарміраваны новы склад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. “Лічу, гэта сур’ёзная падстава задумацца нам з вамі аб пашырэнні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Спадзяюся, вы адыграеце істотную ролю ў дыялогу заканадаўчых галін улады нашых краін”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для цесных кантактаў і супрацоўніцтва і гатова рэалізоўваць узаемавыгадныя праекты. “Упэўнены, вы будзеце не толькі наглядальнікамі, якія аналізуюць працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, але і зоймеце актыўную пазіцыю па пашырэнні практычных сувязей нашых дзяржаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Мы нязменна выступаем за вырашэнне канфліктных сітуацый цывілізаваным шляхам — за сталом перагавораў. Без прымянення ваеннай сілы, без аказання палітычнага і эканамічнага націску. Сёння Мінск стаў значнай пляцоўкай для ўрэгулявання рэгіянальных крызісаў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, на міжнароднай арэне сучасная Беларусь успрымаецца як надзейны і прадказальны партнёр. “Невыпадкова яна ўсё часцей асацыіруецца з “астраўком стабільнасці” ў рэгіёне, прытрымліваючыся такіх каштоўнасцей, як выключныя міралюбнасць і бяспека”, — адзначыў беларускі лідар.
“Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем супрацоўніцтву з краінамі Еўрапейскага саюза, пашыраючы канструктыўную ідэю інтэграцыі інтэграцый. І ў гэтым плане ўскладаем надзеі ў першую чаргу на нашых суседзяў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Літва з’яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўропе, перш за ўсё ў знешнеэканамічнай сферы: “Мы даволі эфектыўна працуем у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах. Трэба працягваць рухацца ў гэтым напрамку і максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял”.
Беларускі бок таксама адкрыты для плённага дыялогу з Фінляндыяй. “Для нашай краіны мае асаблівае значэнне прыцягненне інвестыцый і выкарыстанне сучасных фінляндскіх тэхналогій у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. У сваю чаргу мы гатовы прадаставіць усе неабходныя ўмовы для бізнес-праектаў з удзелам вашых кампаній”, — адзначыў прэзідэнт.
Беларусь гатова пашыраць і беларуска-эстонскія кантакты ва ўсіх сферах, уключаючы палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. “Сёння нам неабходна асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Напрамкаў супрацоўніцтва мноства, мы павінны мець вельмі блізкія адносіны”, — лічыць беларускі лідар.
Беларусь разлічвае на падтрымку Францыі ў выбудоўванні шматвектарнай палітыкі, адзначыў прэзідэнт. “Цяжка пераацаніць ролю Францыі як аднаго з палітычных і эканамічных “цяжкавагавікоў” Еўрапейскага саюза і ўсяго свету. Разлічваем на падтрымку Французскай Рэспублікай нашага курсу на шматвектарную знешнюю палітыку і большую ўключанасць краіны ў міжнародныя эканамічныя адносіны”, — заявіў беларускі лідар.
Яркім пацвярджэннем перспектыўнасці двухбаковага супрацоўніцтва прэзідэнт назваў паспяховую дзейнасць на беларускім рынку французскіх кампаній з сусветным імем. “Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі нам удасца рэалізаваць новыя ўзаемавыгадныя інвестыцыйныя праекты”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Наша краіна зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні з Люксембургам па ўсіх пытаннях двухбаковага рэгіянальнага і глабальнага супрацоўніцтва. Улічваючы статус Люксембурга як аднаго з фінансавых цэнтраў Еўропы, мы выступаем за нарошчванне кантактаў у галіне эканомікі, перш за ўсё ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Для нашай краіны Ватыкан — асаблівы партнёр у міжнародным дыялогу. У нас склаліся выключнае ўзаемаразуменне і давер з кіраўнікамі Рымска-каталіцкай царквы і асабіста з Яго Святасцю Папам Рымскім Францыскам”, — падкрэсліў падчас цырымоніі ўручэння даверных грамат пасламі замежных краін кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры новым Апостальскім нунцыю двухбаковае супрацоўніцтва захавае і ўмацуе традыцыйна дружалюбны і плённы характар.
“Для нашай краіны вельмі прывабны канадскі рынак. Разлічваем, што рашэнне ўрада Канады аб адмене абмежаванняў на гандаль з Беларуссю паслужыць наладжванню двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння і паглыбленню палітычнага дыялогу”, — заявіў прэзідэнт.
“Лічу, што апошнія дзесяць гадоў — гэта час упушчаных магчымасцей у адносінах паміж нашымі краінамі. Нам трэба неадкладна нарошчваць нашы адносіны, пераадолець той правал, які адбыўся. Атрымаць урокі, каб не дапускаць у далейшым памылак. І пачынаць маштабнае супрацоўніцтва ад спорту да высокіх тэхналогій”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Вялікую цікавасць для Беларусі ўяўляе і развіццё адносін з Інданезіяй, асабліва з улікам таго, што эканоміка гэтай краіны з’яўляецца найбуйнейшай сярод краін АСЕАН. “Мы нацэлены на ўмацаванне ўсебаковага ўзаемадзеяння і гатовы максімальна выкарыстоўваць існуючы гандлёва-эканамічны патэнцыял для пашырэння стратэгічных мэт абедзвюх дзяржаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што адпаведныя задачы былі вызначаны ў час яго візіту ў Інданезію. “І мы павінны дабіцца выканання пастаўленых перад сабой задач”, — упэўнены беларускі лідар.
Паводле слоў прэзідэнта, у апошнія гады таксама прыкметна актывізаваны дыялог Беларусі і Манголіі: адноўлены кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, пашырана дагаворна-прававая база, узрасла інтэнсіўнасць гандлёва-эканамічных адносін. “Маем намер умацоўваць далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Наогул, мы Манголію ніколі не лічылі чужой краінай. Мы прытрымліваемся такой палітыкі”.
Прэзідэнт прыняў даверныя граматы ад паслоў Буркіна-Фасо, Інданезіі, Канады, Літвы, Люксембурга, Манголіі, Фінляндыі, Францыі, Эрытрэі, Эстоніі, Апостальскага нунцыя ў Беларусі.