Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Найлепшыя дарогі пабудаваны з падтрымкай банка”

- 11:18Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Суме Чакрабарці за супрацоўніцтва з Беларуссю і прапанаваў у яго гонар назваць адну з дарог краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР.

“На вялікі жаль, вы вырашылі завяршыць свой перыяд кіраўніцтва банкам. Я яшчэ раз падкрэсліваю: вельмі шкада, — адзначыў прэзідэнт, вітаючы кіраўніка банка. — Тым не менш жыццё ёсць жыццё, яно на гэтым не заканчваецца. Будзе вельмі правільна, калі я ад імя беларускага народа выкажу вам удзячнасць за ўсё, што было зроблена ў перыяд кіраўніцтва вамі банкам у Беларусі”.

За гады супрацоўніцтва ЕБРР інвесціраваў у краіну 3 млрд еўра. Толькі за мінулы год аб’ём інвестыцый склаў амаль 400 млн еўра. “Мы ачышчалі ваду, уцяплялі дамы, будавалі самыя сучасныя дарогі за гэтыя грошы. Гэта звязана з вашым імем, і я тут нічога не перабольшваю, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і з доляй гумару прапанаваў: — Трэба адну з дарог назваць Чакрабарці, таму што найлепшыя дарогі пабудаваны з падтрымкай банка”.

Паводле яго слоў, Беларусь спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з банкам у сферы будаўніцтва і рэканструкцыі дарог. “Паколькі дарогі, якія мы з вамі пабудавалі, не толькі для беларусаў, а можа, і не столькі для беларусаў, колькі для Расіі, іншых усходніх дзяржаў і Еўрапейскага саюза, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Толькі за мінулы год па дарогах Беларусі з усходу на захад перамешчана 110 млн т грузу, і больш як 70 працэнтаў — гэта грузы не для Беларусі”.

Аляксандр Лукашэнка таксама разлічвае на прадаўжэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння з новым кіраўніцтвам ЕБРР, а таксама з Сумам Чакрабарці на новай пасадзе. “Вы вельмі значны чалавек у Вялікабрытаніі. Калі вы застаняцеся ў Лондане, мы вельмі разлічваем, што вы дапаможаце нам устанавіць такія ж дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, якія ў нас склаліся з вашым банкам”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Сума Чакрабарці падзякаваў беларускаму лідару за такую высокую ацэнку яго дзейнасці на чале банка: “Вы прымусілі мяне крыху засаромецца”. Ён падкрэсліў, што адносіны паміж Беларуссю і ЕБРР умацоўваліся дзякуючы падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі. “Менавіта пад вашым кіраўніцтвам мы праводзілі тут шмат праектаў і прыкладалі намаганні для развіцця дзяржавы”, — адзначыў прэзідэнт ЕБРР.

Сума Чакрабарці па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прадоўжыць аказваць Беларусі падтрымку ў прыцягненні інвестыцый, але многае будзе залежаць ад дзеянняў самой краіны.

“Беларуская эканоміка патрабуе далейшай мадэрнізацыі. Мы будзем працаваць, каб дапамагчы Беларусі прыцягнуць новых інвестараў і развівацца далей, — сказаў Сума Чакрабарці. — У далейшым сума інвестыцый будзе зале­жаць ад кантэксту, умоў, у якіх мы працуем. Рост інвестыцый залежыць ад рэформ, канкрэтных змяненняў у палітыцы, у стратэгіях. Чым больш такіх змяненняў, тым больш інвесціравання ў пэўныя галіны эканомікі”.

Ён падкрэсліў канструктыўны характар адносін, які склаўся паміж банкам і Беларуссю. “Апошні год стаў рэкордным у плане інвестыцый і зрабіў наш банк найбуйнейшым інстытуцыянальным інвестарам у эканоміку Беларусі. Сума інвестыцый склала прыкладна 400 млн еўра”, — дадаў ён.

Такія вынікі шмат у чым абумоўлены пазітыўным узаемадзеяннем на ўзроўні прэзідэнтаў краіны і банка. Сума Чакрабарці выказаў упэўненасць у тым, што ў будучыні, пасля таго як ён пакіне пасаду кіраўніка ЕБРР (у ліпені 2020 года), такое ўзаемадзеянне прадоўжыцца. “Я ўпэўнены, што той, хто прыйдзе на гэтую пасаду пасля мяне, будзе старацца захаваць той добры ўзровень адносін, які склаўся паміж краінай і банкам. Больш за тое, работа ў гэтым рэгіёне з’яўляецца прыярытэтам у нашай краінавай стратэгіі. Су­працоўніцтва будзе прадоўжана на самым добрым, высокім узроўні”, — запэўніў ён.