Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам, беларусам і расіянам, трэба бачыць свой інтарэс, інтарэс сваіх народаў”

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Мы не дзелім Расію і Беларусь па граніцах, а спрабуем пабудаваць нешта агульнае, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Антонам Аліханавым.

“Спадзяюся, мы будзем і далей развіваць нашы адносіны менавіта ў тым ключы, што мы людзі не чужыя, у нас адзіная айчына. Мы не дзелім Расію і Беларусь па граніцах, а спрабуем пабудаваць нешта агульнае — назвалі яго Саюзнай дзяржавай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на асобныя пытанні, з якімі сутыкаецца як Беларусь, так і Калінінградская вобласць, а ў яе асобе — Расія. “Тое, што адбываецца на граніцах з Беларуссю, — гэта люстраны адбітак граніцы з Калінінградам. Мы сутыкаемся твар у твар, лоб у лоб з актывізацыяй НАТА. Ды і ў эканоміцы, ведаеце, у гандлі кожны клапоціцца там пра свае інтарэсы. Не скажу, што яны нас ужо вельмі любяць — і вас, і нас, Расію і Беларусь. Таму, як бы тут ні абмяркоўвалі гэтыя пытанні, ні рабілі нас празаходнімі і гэтак далей, мы цудоўна разумеем, што гэта рыторыка. А канкрэтныя факты сведчаць аб тым, што нам няма на каго разлічваць, нам, беларусам і расіянам, трэба бачыць свой інтарэс, інтарэс сваіх народаў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь. У цяжкую хвіліну мы заўсёды падставім плячо”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Для Калінінградскай вобласці Беларусь — асаблівы партнёр, сусед і брацкі народ. Вялікая колькасць беларускіх людзей жыве ў Калінінградскай вобласці. Мы вельмі цэнім іх, у многіх галінах яны з’яўляюцца лідарамі, паказваюць прыклад таго, як трэба працаваць, весці бізнес, кіраваць”, — сказаў у сваю чаргу расійскі губернатар.

Антон Аліханаў упершыню наведаў Беларусь з афіцыйным візітам, але бываў у краіне і раней. “Хачу адзначыць вельмі дружалюбны прыём, гасціннасць”, — сказаў ён.

Адной з перспектыўных сфер для развіцця супрацоўніцтва Антон Аліханаў назваў аграрную галіну. Бакі ўжо наладзілі супрацоўніцтва, і пашырэнне ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку адпавядае інтарэсам Калінінградскай вобласці. “Сельская гаспадарка і Беларусь — гэта сінонімы, вы тут у многім з’яўляецеся лідарамі”, — заявіў губернатар.

“Мы гатовы да супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія цікавяць Калінінградскую вобласць. У гэтым вы можаце быць упэўнены”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь разглядае гэты рэгіён Расіі як вельмі перспектыўнага і блізкага гандлёва-эканамічнага партнёра. “Няхай абсалютныя лічбы невялікія, але ёсць куды расці. Ёсць праекты, праграмы, па якіх мы можам супрацоўнічаць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, перспектыўным можа стаць паглыбленне прамысловай кааперацыі, узмацненне ўзаемадзеяння ў аграрнай, будаўнічай і транспартнай сферах. “У развіцці менавіта такіх сектараў наша краіна традыцыйна моцная. У нас і ў прамысловасці, і ў аўтамабілебудаванні і станкабудаванні ёсць магчымасці для супрацоўніцтва. І ў плане будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў, і наогул будаўніцтва. У свой час Беларусь была маяком і прыкладам у будаўнічай галіне”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер у Калінінградскай вобласці рыхтуюцца да правядзення чэмпіянату свету па футболе 2018 года. “Калі патрэбна дапамога, можам аказаць. І не толькі будаўніцтвам, але, як некалі мы ў Сочы рабілі, і транспартам. Мы можам пастаўляць вам і гатовыя металаканструкцыі, і цэмент, і іншыя матэрыялы для будаўніцтва”, — прапанаваў ён.

Не менш перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва па развіцці лічбавай эканомікі, ІТ-індустрыі, інфарматызацыі. “Мы даўно адчулі гэты напрамак. Мы стварылі магутны ІТ-парк, дзе сёння прапісаны сусветныя кампаніі, і нечаму навучыліся. Таму, калі ласка, скарыстайцеся гэтымі магчымасцямі настолькі, наколькі вам гэта патрэбна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Беларусь гатова садзейнічаць Калінінградскай вобласці ў навуковай сферы. “Вашы вучоныя могуць проста прыязджаць сюды і працаваць, або там будзем магутныя філіялы ствараць, школы, інстытуты. Мы гэта можам зрабіць”, — упэўнены прэзідэнт.

Значны патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння сканцэнтраваны ў гуманітарнай сферы, адзначыў беларускі лідар. “Я ўжо не кажу пра абмен нашымі артыстамі, мастакамі, скульптарамі. Галоўнае — гэта адукацыя. Вы ў Расіі вельмі рушылі наперад у гэтым плане. Наш міністр адукацыі нядаўна ў вас быў, аб многім дамовіліся. Мы будзем гэтыя напрамкі таксама падтрымліваць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лука шэн кам губернатар Калінінградскай вобласці Расіі Антон Аліханаў, бакі абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковага ўзаемадзеяння. “У першую чаргу мы гаварылі пра развіццё сельскай гаспадаркі. Шмат праектаў, якія ўжо рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх калег, у іх ліку — прамысловае садаводства. Цяпер мы абмяркоўвалі пытанні меліярацыі, прасілі калег падключыцца да тых праектаў, якія будзем рэалізоўваць ужо ў наступным годзе, таму што ёсць пэўныя цяжкасці. Нам хацелася б, каб была аказана дапамога”, — адзначыў ён.

На перагаворах таксама разгледжаны перспектывы супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы. У прыватнасці, бакі закранулі пытанні, звязаныя з больш актыўным выкарыстаннем партовай інфраструктуры Калінінграда і развіццём авіязносін.

Абмяркоўвалася і ўзаемадзеянне ў медыцынскай галіне ў сувязі з планамі расійскага рэгіёна па будаўніцтве анкалагічнага цэнтра. “У Беларусі вялікія традыцыі і вопыт у гэтай сферы. У нас ёсць пэўны недахоп у колькасці ўрачоў. Мы дамовіліся, што створым спецыяльную праграму навучання нашых спецыялістаў у Беларусі”, — расказаў Антон Аліханаў.

Губернатар таксама паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб закупцы аўтобусаў вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода да чэмпіянату свету па футболе 2018 года. “Горад Калінінград будзе дадаткова закупляць аўтобусы пад чэмпіянат, таму што ў нас ёсць пэўны дэфіцыт, нягледзячы на нядаўнюю закупку 100 аўтобусаў. Мне здаецца, што ў нас, адназначна, ёсць неабходнасць скарыстацца рабочай сілай з боку Беларусі: тут вельмі добрыя вадзіцелі. Нам трэба запрасіць беларускіх калег, каб яны ў час чэмпіянату свету, у час пікавых нагрузак нам дапамаглі”, — сказаў Антон Аліханаў.