Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам ніхто нічога не падарыў, і мы нікому нічым не абавязаны”

- 12:48Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў правільнасці курсу на стварэнне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з кіраўніцтвам і асабовым складам ведамстваў сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі пры наведванні вайсковай часці 3214 унутраных войск МУС.

“Пабываўшы нядаўна ў 38-й дэсантна-штурмавой і 103-й паветрана-дэсантнай брыгадах, 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, я ўбачыў добра аснашчаныя мабільныя воінскія падраздзяленні, якія адпавядаюць духу часу. Чарговы раз пераканаўся ў правільнасці курсу на стварэнне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра пачатак 90-х гадоў, развал Савецкага Саюза і першыя крокі Беларусі да суверэнітэту і незалежнасці. “Тады бяздумна разбураліся сілавыя органы і ператваралася ў металалом баявая тэхніка, масава звальняліся высакакласныя ваенныя прафесіяналы, вымушаныя дзеля пражыцця сваіх сем’яў згаджацца на самую нізкааплатную работу. Грашовае забеспячэнне афіцэраў, якія засталіся ў армейскім страі, скарацілася ў некалькі разоў. Камандзір узвода ў тыя гады атрымліваў да $15, камандзір палка — $35”, — адзначыў прэзідэнт.

“Было цяжка, складана, але мы пераадолелі гэты перыяд і выстаялі. Мы выбралі правільныя арыенціры і можам сказаць, што сістэма нашай нацыянальнай бяспекі створана намаганнямі ўсяго нашага народа. Нам ніхто нічога не падарыў, і мы нікому нічым не абавязаны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У брыгадзе спецназа Аляксандра Лукашэнку сустрэлі міністр унутраных спраў Юрый Караеў, яго намеснік — камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, камандзір вайсковай часці 3214 Уладзімір Жызнеўскі, камандзір САХРа Аляксандр Быкаў і камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба.

Аляксандр Лукашэнка, прывітаўшы ваеннаслужачых, адзначыў, што бачыў кадры адной з вулічных акцый у Мінску, дзе людзі нападаюць на міліцыю і некаторыя з іх б’юць праваахоўнікаў нагамі. “Вось гэтага вы не павінны дапускаць. Праваахоўнікі павінны разумець, што яны ў сваім доме і нікому не дазволена іх штурхаць нагамі. Ні ў якім разе на правакацыі не ісці, але не крыўдзіць хлопцаў. А то мы хутка даскачамся, будзем няньчыцца, як у дзіцячым садзе”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да камандзіра АМАПа Дзмітрыя Балабы.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі ваеннай тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні ўнутраных войск і АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама. Яму паказалі спецыяльныя аўтамабілі “Ліс-ПМ”, “Волат”, “Драпежнік”, “Цунамі”, спецыяльны штурмавы загараджальны комплекс “Рубеж”. Гэтыя машыны могуць выкарыстоўвацца для правядзення контртэрарыстычных і спецыяльных аперацый, выканання задач тэрытарыяльнай абароны. Затым прэзідэнту прадэманстравалі тактыка-спецыяльныя заняткі з батальёнам спецыяльнага прызначэння.

Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у нядаўна пабудаваным на тэрыторыі часці інтэрнаце. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, яго плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо ў жніўні. Тут 116 аднапакаёвых і 26 двухпакаёвых кватэр. У інтэрнаце пераважна будуць пражываць ваеннаслужачыя, якія пакуль не паспелі стварыць сям’ю. Магчыма, тут таксама разме­сцяць курсантаў 4 курса факультэта ўнутраных войск Ваеннай акадэміі.

“Трэба арыентавацца на такое жыллё, — сказаў прэзідэнт, аглядаючы кватэры. — Людзям гэта падабаецца, і яны будуць тут жыць”.

Паводле слоў Юрыя Назаранкі, ва ўнутраных войсках у спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца 1,8 тысячы ваеннаслужачых. З 2015 года з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі пабудаваны 472 кватэры ў розных рэгіёнах краіны, па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме ўведзены ў эксплуатацыю 331 кватэра і гэты інтэрнат. Насупраць інтэрната плануецца таксама пабудаваць шматкватэрны жылы дом.