Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам з улікам нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін.
“Важна прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў. Размова ідзе аб умацаванні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспекі і стабільнасці Беларусі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, узровень і інтэнсіўнасць кантактаў узраслі, агульная атмасфера таксама палепшылася. “Прынятае ў лютым 2016 года рашэнне Еўрасаюза аб адмене большасці санкцый адносна Беларусі адкрывае новыя магчымасці для развіцця нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Гэты крок выразна сведчыць аб гатоўнасці ЕС і яго краін-членаў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва з Беларуссю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо гаварыў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасць (тым больш празмерная) тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваны, нам абсалютна не патрэбна. Нам патрэбна прагматычнасць адносін”.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для Беларусі непрымальна, каб партнёры ў ЕС або ЗША ставілі яе перад выбарам, развіваць адносіны з Захадам ці з Расіяй. “Нам такі перагаворны крытэрый не падыходзіць. Гэта самае горшае, што можа быць пастаўлена перад намі”, — заявіў прэзідэнт.
“Думаю, у Еўропе сёння цудоўна разумеюць гэта, і, прынамсі, на перагаворах са мной ні ад зін з прадстаўнікоў ЗША або Заходняй Еўропы не паставіў такім чынам пытанне. Нарэшце, усе зразумелі, што Беларусь з той шматвектарнай палітыкай, якую яна праводзіла ў апошнія гады, якраз і патрэбна Еўрапейскаму саю зу, — лічыць беларускі лідар. — Лёс наш такі: мы апынуліся паміж двума цэнтрамі сілы, і ад гэтага нікуды не дзецца. Ігнараваць мы не можам ні адзін, ні другі. Але рускія — нашы браты, падабаецца гэта камусьці ці не, і нашы адносіны павінны быць з імі адпаведнымі”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця адносін Беларусі з ЕС на аснове прагматызму ёсць шмат магчымасцей, у тым ліку перадавыя тэхналогіі і больш танныя фінансавыя рэсурсы. “З іншага боку — вялізны расійскі, еўразійскі рынак. Далей — Кітайская Народная Рэспубліка. Значыць, і там нашы інтарэсы. З гэтага трэба зыходзіць”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС існуе шэраг так званых нявырашаных праблем. Іх, вядома, трэба вырашаць”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, неабходна прааналізаваць тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад Беларуссю, і вызначыць, па якіх найбольш выгадных напрамках рухацца наперад. “Перш за ўсё гэта тычыцца гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сфер. А таксама арганізацыі сумеснага процідзеяння трансгранічным пагрозам”, — дадаў беларускі лідар.
На працягу апошніх гадоў Беларусь таксама вядзе перагаворы з Еўрапейскім саюзам аб заключэнні шэрага пагадненняў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, на якой стадыі знаходзіцца перагаворны працэс па праектах аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. “Каб канчаткова вызначыцца па пытанні партнёрства ў сферы мабільнасці з Еўрасаюзам, трэба ўдакладніць, якія перавагі атрымае ад гэтага Беларусь. Акрамя таго, мэтазгодна абмеркаваць агульныя падыходы да далейшай лібералізацыі візавага рэжыму”, — лічыць прэзідэнт.