Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз”

- 10:41Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Роўныя эканамічныя ўмовы ў ЕАЭС і безбар’ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе.

“Роўныя эканамічныя ўмовы для дзяржаў — удзельніц ЕАЭС і безбар’ернае асяроддзе да гэтага часу не створаны. Больш за тое, пасля падпісання дагавора аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюза толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні $65 млрд, у 2015 годзе — усяго $45 млрд. Відаць, не ўсе пазіцыі дагавора адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў эканоміцы і нашым чаканням”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Трэба пазбавіцца ўнутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша аб’яднанне ні эвалюцыяніравала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць гэтых выключэнняў і абмежаванняў не змянілася, так і засталася на ўзроўні шасці соцень”, — канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.

Пакуль нерэалізаванай застаецца ініцыятыва аб выпрацоўцы механізма функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў верасні мінулага года на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета прыняты асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва. Бакі вызначыліся з параметрамі ўзгодненых мер па падтрымцы нацыянальных вытворцаў, намецілі арыенціры ўзаемадзеяння ў развіцці экспарту прамысловай прадукцыі. “Цяпер неабходна актыўна пачаць практычную рэалізацыю пастаўленых намі ж задач”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, у ЕАЭС зроблены першыя крокі па інтэграцыі ў энергетычнай сферы. Выпрацавана і зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага рынку электраэнергіі. На цяперашнім пасяджэнні ў Астане бакі разгледзелі такія ж планы па газе, нафце і нафтапрадуктах. “Але ад канцэпцый да іх ажыццяўлення шлях часам бывае вельмі доўгі. І прычына гэтага — мы самі. Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацніць работу ў гэтым напрамку і прыняць вычарпальныя меры для рэалізацыі гэтых праектаў”, — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Разам з гэтым, прадоўжыў беларускі лідар, даўно абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. “Аднак і тут далей за размовы справа не пайшла”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для ўпэўненага дыялогу са знешнімі партнёрамі ў ЕАЭС неабходна сфарміраваць уласны высокаразвіты адзіны рынак. “Нам трэба самім быць моцнымі, усяляк умацоўваць свой саюз, тады нам лягчэй будзе весці дыялог і з Еўрапейскім саюзам, і з КНР, і з іншымі, тады мы будзем моцнымі і будзем выступаць з адзіных пазіцый. Пакуль гэтага няма. А без гэтага Еўразійскі эканамічны саюз не зможа эфектыўна рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку”, — упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за два гады з моманту падпісання дагавора аб ЕАЭС былі прыняты сур’ёзныя канцэптуальныя рашэнні. Закладзены асновы лібералізацыі транспартных паслуг, фарміравання адзінага рынку электраэнергіі, экспартнай палітыкі.

“На жаль, не ўсё развіваецца так, як мы планавалі. Праблемы яшчэ застаюцца. Самыя вострыя з іх мы сёння абмеркавалі. Перш за ўсё неабходна перавесці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасць”, — лічыць Прэзідэнт Беларусі.