Аляксандр Лукашэнка: “Ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа”

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не мае намеру адыходзіць ад абяцанняў, дадзеных у час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу.

“Я ўжо не раз падкрэсліваў, што нам трэба прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў час перадвыбарнай кампаніі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Некаторыя ва ўрадзе думаюць так: выбары скончыліся, прэзідэнта выбралі, так, ён нешта абяцаў. Дык вось, за 20 гадоў я ніколі не адхіліўся ад таго, што абяцаў людзям! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа”.
“Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землетрасенне, што мы павінны віляць, змяняючы пастаянна курс? Так, змяніліся ўмовы. Так, крыху будзе складаней, — адзначыў прэзідэнт. — Але рэзаць па жывым людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэнь у паловы насельніцтва, нікому не дазволена! З гэтага зыходзьце!”
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пасля нядаўняй нарады аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі даў даручэнні распрацаваць меры па павышэнні яе эфектыўнасці і пераадоленні негатыўных тэндэнцый, якія сёння складваюцца па прычыне як знешняга, так і ўнутранага парадку. Прэзідэнт таксама выказаў крайнюю незадаволенасць работай кіраўніцтва ўрада. Пасля гэтага ўрад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы цэлы пакет праектаў прававых актаў, у якіх прадугледжваюцца канкрэтныя крокі для вырашэння існуючых праблем. Прэзідэнт адзначыў, што сёння іх трэба ўсебакова разгледзець і аб’ектыўна ацаніць. Менавіта таму на нараду запрошана больш шырокае кола прадстаўнікоў органаў улады, тых людзей, якія будуць выконваць прынятыя па выніках цяперашняга абмеркавання рашэнні.
“Нам трэба ацаніць, наколькі дзейснымі будуць меры, якія прапаноўваюцца, ці змогуць яны змяніць сітуацыю ў эканоміцы ў цяперашніх няпростых умовах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Пры гэтым хачу падкрэсліць: усялякія размовы, прабачце мне, якія ператварыліся ў балбатню, наконт нейкага крызісу — непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Змяніліся ўмовы, па асобных напрамках змяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І не толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць”, — адзначыў прэзідэнт.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што прадстаўленыя яму на разгляд дакументы закранаюць важнейшыя сферы эканомікі і жыцця людзей.
“І мне вашы рэформы зусім не патрэбны, тыя, якія вы прапаноўваеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства — вось што патрэбна. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!” — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада. Ён нагадаў, што ў Беларусі за 20 гадоў пабудавалі дзяржаву, стварыўшы ўсё неабходнае для жыцця людзей.
“Таму спыніце гэтую балбатню! — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Прадаўжайце ўдасканальваць матэрыяльную вытворчасць, і самае галоўнае — стварыўшы прадукт, прадайце яго! Вось і ўсе рэформы!”
“Калі вы гэта зробіце, мы паглядзім, на якім узроўні будзем знаходзіцца і ў якіх умовах працаваць. Можа, гэтая размова наогул знікне аб нейкіх рэформах”, — дадаў прэзідэнт.
“Але рэформы, якія ідуць уразрэз з тым курсам, які мы з вамі разам абяцалі народу, непрымальныя! Гэта галоўны крытэрый, як бы ні было складана”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Галоўнае — гэта чалавек. Таму рашэнні, якія мы прымем па выніках абмеркавання, не павінны негатыўна паўплываць на сацыяльную сферу”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
“Я ўжо вам адкрыта гаварыў, па-чалавечы, што калі мы ўзарвём сітуацыю ў краіне, вось гэтай стабільнасці, спакою… Вы ж паглядзіце, што вакол робіцца! Няўжо вы гэтага не бачыце? І, калі мы ў рад станем з тымі, хто ўзарваў гэтую сітуацыю ў краіне, дэстабілізуем яе, нам спатрэбіцца ў 10 разоў больш грошай, каб выруліць з той сітуацыі”, — лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт папракнуў міністраў і дырэктарскі корпус прадпрыемстваў у пасіўнасці. “Шэраг службовых асоб аказаліся непадрыхтаванымі для кіраўніцтва ў сучасных умовах. Таму няма і належнага эфекту”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
“Нейкая быццам бы боязь прыняцця самастойных рашэнняў стала агульнай заганнай практыкай. Хоць я ў гэта не веру. Ніхто нікому не перашкаджае прымаць рашэнні. Зноў балбатня! Хто перашкаджае кіраўніку прыняць рашэнне вырабляць у большым аб’ёме якасную прадукцыю? Хто? Ніхто! Хто гэтаму кіраўніку прадпрыемства перашкаджае прадаць гэтую якасную прадукцыю па максімальна выгаднай і высокай цане? Ніхто! Але калі гэты кіраўнік спіхнуў прадукцыю на рынкі і не атрымаў грошы, вядома, з яго прыйдуць і спытаюць! Гэта маё жорсткае патрабаванне. А як бы вы хацелі?” — сказаў прэзідэнт.
“Вось і ўся боязь. А калі нехта баіцца — гэта жулік, тыповы жулік, які не прымае рашэнні, таму што, відаць, не бачыць выгады для сябе. Або малахольны, маладушны чалавек і яму не месца ў кіруючым корпусе. Таму давайце скончым гэтыя размовы пра боязь прымаць рашэнні. Прымайце! Нават калі вы памыліцеся, не на ўласную кішэню, вам заўсёды будзе даравана. За памылкі не караюць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на да гэтага часу распаўсюджаную практыку розных нарад і ўзгадненняў, якія, на яго думку, азначаюць “перакладванне адказнасці”. “Гэтаму павінен быць пакладзены канец!” — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.
Прэзідэнт запатрабаваў выразнага раздзялення паўнамоцтваў і павышэння адказнасці на ўсіх узроўнях.
“Міністры і дырэктарскі корпус прадпрыемстваў праяўляюць адкрытую пасіўнасць! Напэўна, думаюць, што нехта прыйдзе і за іх вырашыць пытанне. Нічога падобнага! І іншых умоў і распараджэнняў не будзе!” — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу пракаменціраваў прынятае напярэдадні Саветам Еўрасаюза рашэнне аб адмене большасці санкцый адносна беларускага боку.
“Міністру замежных спраў трэба падзякаваць сваім калегам за прыняцце такога рашэння. Еўрасаюзаўцы — малайцы, яны зразумелі, што ёсць момант і своечасова трэба адысці ад гэтага блокавага мыслення ў процістаянні з Беларуссю. Яны прынялі рашэнне, якое нас абсалютна задавальняе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду актывізаваць работу з рознымі банкаўскімі структурамі ЕС, а таксама з патэнцыяльнымі інвестарамі. “Мы адкрыты для гэтага”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам.
“Мы павінны з імі працаваць. Яны прапаноўваюць нам разумныя рашэнні. Але не трэба ўгоднічаць”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
“Інтарэсы народа — перш за ўсё. Мы ні пад каго не павінны прагінацца. Калі МВФ хоча з намі супрацоўнічаць, мы адкрыты, але яны павінны чуць і наш голас. Калі яны гэтага не хочуць, ну што ж, мы пачакаем”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе прэзідэнт адзначыў, што неабходна ў самыя кароткія тэрміны выканаць работу па аптымізацыі органаў дзяржаўнага кіравання, іх функцый і паўнамоцтваў. Прычым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, зрабіць гэта трэба, нікога не крыўдзячы.
Астатнія дзяржслужачыя павінны атрымліваць дастойную зарплату, несучы пры гэтым адказнасць за рашэнні, якія прымаюцца ў сваёй сферы. “Тады будзе толк”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад таго, каб скарачэнне колькасці дзяржапарату праводзілася, што называецца, агулам. Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе аб аптымізацыі дзейнасці і функцыянавання структур улады, а гэта больш шырокае паняцце. “Тут толькі колькасцю не абыдзешся. Да ўсяго трэба падыходзіць разумна”, — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду на працягу тыдня дапрацаваць пакет праектаў прававых актаў, якія прадугледжваюць канкрэтныя крокі для вырашэння існуючых праблем у эканоміцы, і прадставіць яму на разгляд.
“Вы не забывайце, што па прынятых нарматыўных актах трэба будзе працаваць ужо ў найбліжэйшы час і вынік павінен быць адчувальны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што гэта апошняя нарада ў такім фармаце, далей — трэба дзейнічаць.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўрад сам настаяў на разглядзе на ўзроўні кіраўніка дзяржавы плана дзеянняў на найбліжэйшую перспектыву. “Хочаце нейкі план — давайце разгледзім разам. Мяне цікавіць, наколькі ён зможа забяспечыць устойлівае развіццё краіны і баланс інтарэсаў грамадства і дзяржавы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Яшчэ раз паўтараю: першы квартал пройдзе — ацэнім, як усе мы ўпіраліся, вырашаючы гэтыя задачы. Першае паўгоддзе пройдзе — будзе другая і, магчыма, канчатковая ацэнка для тых службовых асоб, якія павінны вырашаць гэтыя пытанні”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Прыйшлі, сталі пад ружжо — дзейнічайце! Толькі наперад, ніякага тармажэння! Калі не ведаеце, што рабіць, — выязджайце да людзей, выязджайце на вытворчасць. Нават калі не вырашыце пытанне, лягчэй дыхаць будзе самім. Вам людзі падкажуць, што рабіць. Калі вы будзеце гэтым заняты, калі вы вылезеце з цёплых кабінетаў, пойдзеце да людзей, вам дакладна лягчэй будзе працаваць, а можа, вы і знойдзеце вырашэнне тых складаных пытанняў, якое мы пастаянна шукаем”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.