Аляксандр Лукашэнка папрасіў Томіслава Нікаліча стаць паслом добрай волі сербскага і беларускага народаў

- 11:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшае пазітыўнае развіццё беларуска-сербскіх адносін. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Томіславам Нікалічам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што, як бы ні складваліся абстаноўка і сітуацыя ў Сербіі і ў Беларусі, народы дзвюх краін заўсёды цягнуліся адзін да аднаго. І з прыходам да ўлады Томіслава Нікаліча беларуска-сербскія адносіны значна змяніліся. “Мы сустракаліся ў Пекіне з выбраным Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. І я заўважыў, што той фундамент, які мы заклалі ў аснову аднаўлення нашых дружалюбных адносін паміж праваслаўнымі народамі Беларусі і Сербіі, умацоўваецца. Я бачу гэта па выбраным прэзідэнце. Ён абсалютна настроены гэтак жа, праводзячы такую палітыку нашай дружбы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён сказаў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй павялічыўся ў разы за апошнія гады. “У нас няма закрытых тэм. Вы павінны ведаць, што мы заўсёды з любоўю і павагай ставіліся да сербаў і будзем прытрымлівацца такой палітыкі”, — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што вельмі цэніць пазіцыю Томіслава Нікаліча адносна Беларусі. “Сутнасць гэтай пазіцыі ў тым, што Томіслаў Нікаліч яшчэ да свайго выбрання прэзідэнтам не проста прыязджаў у Беларусь, а адкрыта, сумленна і прынцыпова падтрымліваў, займаў жорсткую пазіцыю па абароне інтарэсаў беларускага народа, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Гэта — галоўнае, таму што з прэзідэнтамі мы абавязаны супрацоўнічаць. Падабаемся мы адзін аднаму — не падабаемся, мы павінны ўспрымаць рэаліі. А проста як чалавек — да выбрання — Томіслаў Нікаліч быў асаблівым у адносінах да нашай краіны”.

“Таму ўзнагарода сённяшняя (Аляксандр Лукашэнка ўручыў Томіславу Нікалічу ордэн Дружбы народаў. — Заўв. БелТА.) абсалютна заслужаная. Тут няма ніякіх умоўнасцей. Тут няма нічога такога, што звязана з пасадай прэзідэнта, хоць і не без гэтага. Таму што, калі цябе выбралі прэзідэнтам, мы ажыццявілі тое, што павінны былі зрабіць даўно пры мінулых кіраўніках Сербіі”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Томіслава Нікаліча далёка не адыходзіць ад адносін паміж Беларуссю і Сербіяй, трымаць іх у полі зроку, часцей прыязджаць у Беларусь і падказваць, на што трэба звярнуць увагу. “Думаю, што Томіслаў стане выдатным паслом добрай волі сербскага і беларускага народаў у імя ўмацавання нашай дружбы. Я на гэта вельмі разлічваю”, — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Сербіі Томіслаў Нікаліч у сваю чаргу адзначыў, што пасля завяршэння сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў можа прадоўжыць курыраваць супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі.

“Мы з Аляксандрам Вучычам (выбраны Прэзідэнтам Сербіі 2 красавіка 2017 года. — Заўв. БелТА.) знаёмы 25 гадоў. Ён праводзіць такую ж палітыку. Таму нічога не зменіцца ў нашых адносінах. Мы дамовіліся з ім і з Прэзідэнтам Расіі, Старшынёй КНР, каб я ўзяў на сябе каардынацыю супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй і Кітаем”, — заявіў Томіслаў Нікаліч.

Ён адзначыў, што адпаведная яго роля можа быць фармалізавана і адносна Беларусі. “Мы паставілі нашы адносіны на такі высокі ўзровень, што яны ўжо ніколі не змогуць пагоршыцца”, — упэўнены Томіслаў Нікаліч.

Прэзідэнт Сербіі падзякаваў за ўзнагароджанне яго ордэнам Дружбы народаў і падкрэсліў асаблівы характар адносін беларускага лідара да гэтай краіны. “Вы наведвалі Сербію ў час бамбардзіровак НАТА. Я тады быў у апазіцыі, але я гэта не забыў і ніколі не забуду. Таму што гэты жэст у вашай асобе — на самай справе жэст беларускага народа, які, як і сербскі, панёс самыя вялікія ахвяры ў Другой сусветнай вайне”, — сказаў ён.

“Я таксама быў у апазіцыі, калі прысутнічаў на вашай інаўгурацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў (напэўна, размова ідзе аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2010 годзе. — Заўв. БелТА.). І гэта многія ў Сербіі не разумелі”, — адзначыў Томіслаў Нікаліч.

Прэзідэнт Сербіі расказаў, што паспрабаваў зняць пытанне адмоўнага ў асобных аспектах стаўлення да Беларусі, калі наведаў яе адразу пасля выбрання на пасаду кіраўніка дзяржавы. “Тым самым я хацеў паказаць сваё стаўленне да санкцый, якія Еўропа ўвяла адносна Беларусі. І тады мяне спадарыня Эштан (Кэтрын Эштан — з 1 снежня 2009 года па 1 лістапада 2014 года — Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі. — Заўв. БелТА.) спытала, чаму я еду ў Беларусь. Я ёй адказаў: “Было б лепш і для вас, калі б вы часцей ездзілі ў Беларусь”, — падкрэсліў Прэзідэнт Сербіі.

“Тады мы ўмацавалі наша эканамічнае супрацоўніцтва і дамовіліся аб яго ўзняцці на больш высокі ўзровень”, — дадаў ён.

З 2009 па 2015 год тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас у 4,7 разу, перасягнуўшы адзнаку $250 млн. У студзені — сакавіку 2017 года тавараабарот склаў $54,5 млн, што на 25,6 працэнта вышэй у параўнанні з адпаведным перыядам  2016 года. Аб’ём беларускага экспарту ў Сербію павялічыўся на 59,6 працэнта і склаў $28,4 млн.