Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пара пераходзіць ад простага абмену да больш паглыбленага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках”

- 11:35Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусі і Бранскай вобласці Расіі пад сілу актывізаваць узаемадзеянне па ключавых напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам.

“Бранскі рэгіён — самы надзейны і вельмі важны партнёр Беларусі. Нам цалкам пад сілу актывізаваць узаемадзеянне па ключавых напрамках. Як мяне інфармавалі, за пяць месяцаў гэтага года тавараабарот прырос на 6 працэнтаў, але гэта мізэрныя паказчыкі. Я думаю, нам пад сілу выйсці на ўзровень тавараабароту, які быў у нас у 2013 годзе — больш за $900 млн”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю для Беларусі важнае і таму, што ў расійскім рэгіёне размешчаны вытворчасці “Гомсельмаша” і “Амкадора”. “Я вельмі хацеў бы, каб гэтыя вытворчасці працавалі як прыклад нашага беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў цэлым. Паглядзіце за гэтымі прадпрыемствамі. Калі магчыма нейкая падтрымка ў плане іх паспяховага функцыянавання, дапамажыце. Калі нешта мы там павінны зрабіць, вы нам скажыце, мы абавязкова аператыўна падключымся, каб больш шырока была прадстаўлена прадукцыя гэтых прадпрыемстваў не толькі на Браншчыне, але і ў Расіі ў цэлым. У гэтым інтарэс і Бранскай вобласці, паколькі яны функцыянуюць на вашай тэрыторыі і з’яўляюцца падаткаплацельшчыкамі Бранскай вобласці”, — адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важным напрамкам партнёрства з расійскім рэгіёнам можа стаць узаемадзеянне ў сельскагаспадарчай сферы. Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь гатова не проста пастаўляць сваю тэхніку або прадукцыю, а паглыбляць супрацоўніцтва. “Дапусцім, племвытворчасць, навука ў сельскай гаспадарцы. Гэта значыць, нам пара пераходзіць ад простага абмену да больш паглыбленага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы з вамі дзяліцца ўсім, што ў нас ёсць, таму што мы суседзі і мы вельмі зацікаўлены, каб пскоўская, смаленская і бранская землі развіваліся інтэнсіўна — гэта і паказчык нашай уключанасці ў развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці Расійскай Федэрацыі, і паказчык таго, што мы можам зрабіць для расіян”.

“Я хачу таксама прапанаваць больш комплексна падыходзіць да прапрацоўкі і развіцця нашага супрацоўніцтва. Мы гатовы комплексна ўдзельнічаць у тых праектах, якія вы рэалізоўваеце ў Бранскай вобласці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У рэшце рэшт, мы павінны праводзіць сумесныя эканамічныя акцыі для таго, каб было выгадна нам і было выгадна Бранскай вобласці”.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: “Я хацеў бы, каб ваш візіт прайшоў менавіта пад вуглом абмеркавання перспектыў нашага супрацоўніцтва — супрацоўніцтва на больш высокім узроўні, а не проста нейкага таварнага абмену. Без яго, вядома, мы не абыдземся, але мы павінны і вырабляць тавар вельмі высокага ўзроўню, для таго каб разам маглі прадаваць яго не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў краінах хаця б Усходняй Еўропы”.

Аляксандр Багамаз у сваю чаргу адзначыў, што сярод паставак Беларусі ў падпарадкаваны яму рэгіён значную долю займаюць прадукты харчавання. “Яны карыстаюцца вялікім попытам у нашага насельніцтва, таму што яны якасныя. Ды і людзі ведаюць, што тое, што выраблена ў Беларусі, высокай якасці, і з радасцю гэта купляюць”, — звярнуў увагу ён.

Губернатар Бранскай вобласці заўважыў, што ў апошнія гады тавараабарот з Беларуссю знізіўся. “Але што сёння дае аптымізм, што радуе: па першым паўгоддзі ён вырас на 7—8 працэнтаў”, — канстатаваў Аляксандр Багамаз.

Удзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што неабходна паглыбляць і развіваць супрацоўніцтва, пераходзячы ад таварнага абмену да стварэння сумесных прадпрыемстваў. У сувязі з гэтым было адзначана, што ствараецца маштабны беларуска-бранскі будаўнічы комплекс.

Перспектыўнай сферай супрацоўніцтва, на думку ўдзельнікаў сустрэчы, таксама з’яўляецца галіна біятэхналогій.

Дэлегацыя Бранскай вобласці 10 жніўня наведала Віцебск, дзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі. Першы крок узаемадзеяння ўжо зроблены: у гэты ж дзень быў заключаны кантракт на пастаўку цэглы ў Бранск.

Бакі таксама дамовіліся стварыць рабочыя групы па развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах. Плануецца прыцягнуць да праектаў і беларускіх бізнесменаў.