Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Парламент павінен прадстаўляць усе слаі нашага грамадства”

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

“Будучы парламент павінен быць лепшы за гэты. Калі будзе такі ж або горшы, значыць няма развіцця. Таму, не ў крыўду дэпутатам кажучы, павінны прыйсці людзі лепшыя, якія, калі гэта патрэбна будзе, павядуць рэспубліку наперад”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Ён падкрэсліў, што парламент павінен прадстаўляць усе слаі беларускага грамадства: ад моладзі да пажылых людзей. На думку кіраўніка дзяржавы, прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі, партыі павінны вылучыць у парламент сваіх кандыдатаў і адстойваць іх.

“Калі ў нас існуюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі — і яны павінны вылучаць сваіх кандыдатаў і абараняць іх у ходзе перадвыбарнай кампаніі. Гэта таксама вельмі важна. Парламент павінен прадстаўляць усе слаі нашага грамад­ства, каб не было размоў, што ў мола­дзі там няма прадстаўніцтва або ў старых людзей сваіх дэпутатаў. Яны павінны быць, — перакананы прэзідэнт. — Яны, магчыма, мысляць крыху па-іншаму, чым сярэднія слаі насельніцтва, чым рабочыя, сяляне і частка інтэлігенцыі, але гэта частка нашага грамадства, мы павінны чуць іх голас. Гэта мой прынцыповы падыход”.

“Я гэта не ўтойваю: мы такіх дэпутатаў павінны прасоўваць і падтрымліваць. Мы не будзем стаяць убаку. Галоўнае, каб было стабільна і да ўлады, у парламент прыйшлі нармальныя лю­дзі, якія будуць не разбураць, а ства­раць, і пажадана на той аснове, якая сёння створана ў нашай Беларусі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў Уладзіміра Андрэйчан­ку “не кідаць на волю лёсу” дэпутатаў, якія завяршаюць сваю работу ў парламенце. Магчыма, адзначыў кіраўнік дзяржавы, яны бачаць сябе ў гаспадарчай дзейнасці і ў іншых органах улады. “Усё ж такі гэты перыяд — вельмі добрая школа. Дэпутат вучыўся, ня­гледзячы на свой узрост. Таму тыя, хто захоча працаваць на карысць Беларусі і заўтра, мы іх не павінны страціць. Трэба іх працаўладкоўваць у залежнасці ад жадання працаваць і прафесіяналізму, а прафесіяналаў там шмат”, — канстатаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што амаль 30—35 працэнтаў цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, як падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце. “У адваротным выпадку прыйдуць абсалютна новыя людзі — і іх трэба будзе паўтара года вучыць. Пажадана гэтае ядро цяперашняга парламента захаваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, трэба падтрымлі­ваць і жанчын, якія вылучаюць свае кандыдатуры. “Мы пераканаліся ўжо: трэць у парламенце жанчын — гэта стабільны парламент. Мужыкі не дурэюць там, не скачуць, не бегаюць — сорамна перад жанчынамі. Гэта вельмі моцны стабілізуючы фактар у любым грамадстве”,— звярнуў увагу прэзідэнт. Уладзімір Андрэйчанка ў сваю чаргу адзначыў, што сёння Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых краін па колькасці жанчын-парламентарыяў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка адзначыў, што лічыць важным паскорыць работу парламента над прыняццем пакета бюджэтных дакументаў на 2020 год.

“У нас застаўся шэраг найважнейшых пытанняў, якія мы не можам не разгледзець цяперашнім складам (парламента. — Заўвага БелТА.). Так было заўсёды. Мы ўступаем у новы год — фінансавы, эканамічны, як хочаце яго можна называць, — і ў вельмі важны палітычны перыяд (ці тое яшчэ будзе ў будучым годзе). Таму нам вельмі неабходна разгледзець і прыняць асноўныя планавыя фінансавыя дакументы на будучы год — прагноз развіцця (прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. — Заўвага БелТА.) і бюджэт”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў сваю дасведчанасць аб рабоце ў гэтым напрамку профільных камісій парламента і асобных дэпутатаў разам з урадам, Мінфінам. “Гэта добрая практыка, яе трэба захаваць і ў будучым парламенце, перанесці гэты вопыт”, — лічыць ён.

Звяртаючыся да старшыні Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне аб неабходнасці актывізаваць работу дэпутатаў над пакетам бюджэтных дакументаў. “На фінішы трэба бегчы хутчэй, прыгажэй, каб гэта запомнілася людзям”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў арганізаваць сустрэчу прэзідэнта з парламентарыямі цяперашняга склікання. “Будзе правільна, калі я падзякую ім за работу, — сказаў ён. — Усё, што мы зрабілі, гэта зроблена не толькі прэзідэнтам. Лёс такі, што гэта асацыіруецца з першай асобай. Але ж працавалі не толькі Лукашэнка, Андрэйчан­ка, Мясніковіч, Качанава і іншыя. Працавалі ж тысячы людзей і, перш за ўсё, парламентарыі. На што працавалі? На стабільнасць”, — канстатаваў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў дзейнасці парламента, у тым ліку ў той перыяд, калі і Аляксандр Лукашэнка з’яўляўся дэпутатам, была розная абстаноўка, часам далёкая ад стабільнай, спакойнай. “Мы з табой помнім, што рабілася ў першым незалежным парламенце, што было ў другім, у гады суверэннай Беларусі. Гэта ўсё ўкідвалася ў сферу жыцця людзей. Гэта не толькі нервавала нашых людзей, але і было некаму дрэнным прыкладам. Гэта значыць, мы стваралі тады з табой пэўную нестабільнасць. Мы нясём за гэта таксама адказнасць. Хоць ніколі не штурхалі людзей на вуліцы, не крычалі і гэтак далей”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да Уладзіміра Андрэйчанкі.

“Парламент вельмі вялікую ролю адыгрывае ў прыўнясенні стабільнасці ў наша грамадства. Гэта не толькі найвышэйшы заканадаўчы, але і прадстаўнічы орган”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.