Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на фінальным канцэрце творчага марафону “Адраджэнне” ў Ельску, прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
“Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаны адначасова з вырашэннем задач па аднаўленні кіруемасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароне людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знатакоў гаварылі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадракалі хаос і выраджэнне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз бывала ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы з’яднацца і таму выстаяў”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўрон, нанесены эканоміцы краіны чарнобыльскай катастрофай, ацэньваецца прыкладна ў $235 млрд. Да сённяшняга дня расходы Беларусі на пераадоленне наступстваў аварыі перавысілі $22 млрд. Пры гэтым, падкрэсліў прэзідэнт, у гэтую суму ўвайшлі не ўсе падлікі, затрачаныя чалавечыя рэсурсы, таму канчатковая лічба можа перавысіць $30 млрд.
“Дапамога міжнароднай супольнасці была і застаецца вельмі нязначнай — каля 1—2 працэнтаў ад нашых унутраных расходаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Зразумела, крыўдна, што Захад многія гады націскаў на нас санкцыямі, фінансаваў нашу апазіцыю, замест таго, каб аказаць нам важкую падтрымку. Гэта было б у духу тых самых агульначалавечых каштоўнасцей і гуманізму, якія ён так старанна адстойвае. Тым больш што беларусы сталі заложнікамі катастрофы, якая здарылася не па іх віне”.
З-за радыеактыўнага забруджвання давялося агарадзіць вялікія зоны, куды ўваход забаронены. Амаль 140 тысяч чалавек былі пераселены ў іншыя месцы. З абароту выведзена 264 тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, пацярпела больш як чвэрць ляснога фонду Беларусі. “Дзякуй богу, у нас хапіла мудрасці і вытрымкі, каб не паддацца паніцы. Інакш цяпер вялікая частка тэрыторыі краіны ўяўляла б сабой вартае жалю відовішча запусцення і вымірання”, — перакананы прэзідэнт.
Беларускія рэгіёны, якія зведалі радыяцыйную атаку, удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці, адзначыў у час выступлення Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва, — сказаў прэзідэнт. — Праблемныя рэгіёны нам удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці”.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння толькі ў пацярпелых раёнах Гомельскай вобласці дзейнічаюць больш за 2 тысячы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. А 20—36 працэнтаў паступленняў у бюджэт гэтых раёнаў фарміруюць менавіта прыватныя структуры.
Дэмаграфічная сітуацыя ў чарнобыльскіх раёнах стала лепшай, нараджальнасць няўхільна расце, а смяротнасць зніжаецца. “Як мне сказаў сёння губернатар Гомельшчыны Уладзімір Дворнік, на 2—3 працэнты прырост нараджальнасці тут (у пацярпелых рэгіёнах. — Заўв. БелТА.) вышэйшы, чым у вобласці. Значыць, можна тут жыць. Значыць, людзі вырашылі тут жыць. Мы ж сілай нікога не ўтрымліваем”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Па мэтавых дзяржпраграмах у пацярпелых раёнах праведзена сістэмная работа па дэзактывацыі, узведзена мноства ачышчальных збудаванняў, пракладзены тысячы кіламетраў газаправодаў, водаправодных сетак і каналізацыі, сучасных дарог. Акрамя таго, пабудавана амаль 100 тысяч дамоў і кватэр, каля 500 аб’ектаў сацыяльнага прызначэння: школ, дзіцячых садоў, медцэнтраў, спартыўных збудаванняў. “У гэтай пяцігодцы мы поўнасцю газіфікуем раённыя цэнтры і аграгарадкі, а таксама буйныя населеныя пункты, якія маюць перспектыву развіцця”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Вельмі важна, на думку прэзідэнта, і тое, што не забыта духоўная сфера. У старажытных самабытных гарадах і вёсках беражліва захоўваюцца культурныя традыцыі, унікальныя абрады і народныя рамёствы.
“Цяпер мы ўжо ставім задачу не проста адрадзіць абпаленыя Чарнобылем рэгіёны, а забяспечыць іх далейшае развіццё. Пры гэтым не маем намеру адступаць ад той палітыкі, што праводзілі да гэтага часу ў адносінах да людзей, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях. У мінулай пяцігодцы мной было прынята рашэнне аб перадачы ўсіх “чарнобыльскіх” грошай на месцы ў распараджэнне мясцовых органаў улады і людзей”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што такое ж рашэнне прынята і на бягучую пяцігодку, каб улада на месцах разам з народам сама думала, куды ўкладваць гэтыя сродкі: у газіфікацыю, будаўніцтва дарог або добраўпарадкаванне.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што чарнобыльская катастрофа стала агульным болем для трох брацкіх краін — Беларусі, Украіны і Расіі, прадстаўнікі якіх сабраліся ў Ельску на фінальным канцэрце творчага марафону “Адраджэнне”. “Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з Гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб’яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену “чорнай былі” для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпынена, але не ліквідавана на ўсходзе Украіны”, — рэзюмаваў беларускі лідар.
У час фінальнага канцэрта творчага марафону “Адраджэнне” ў Ельску прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку ўручылі неглюбскі ручнік-абярэг “Кола жыцця” ў гонар гадавіны на Чарнобыльскай АЭС.
Унікальны ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе 30 гадоў, якія мінулі з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Уручаючы выраб прэзідэнту, адна з ткачых папрасіла кіраўніка дзяржавы захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф.
У 1977 годзе Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў адкрыла ў вёсцы Неглюбка ткацкі цэх.
Вытканыя тут вырабы выстаўляліся ў многіх краінах свету, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Бельгіі, Францыі і Японіі.