Героі Алімпіяды з’яўляюцца гордасцю і здабыткам беларускага народа. Аб гэтым 25 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання герояў XXII зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, якая прайшла ў Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пераможцы і прызёры XXII зімовых Алімпійскіх гульняў прынеслі нашай краіне сусветную вядомасць. “За іх выступленнямі, затаіўшы дыханне, сачылі мільёны людзей, мільёны суайчыннікаў. Гэта былі незабыўныя мінуты патрыятычнага ўздыму і яднання нацыі. Героі Алімпіяды з’яўляюцца гордасцю і здабыткам любога народа, у тым ліку і нашага”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Медалі, пяць з якіх вышэйшай пробы, — гэта выдатны спартыўны поспех. Такога не ведала гісторыя суверэннай Беларусі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. У медальным заліку наша краіна заняла пачэснае месца ў дзясятцы лепшых краін, апярэдзіўшы многіх традыцыйных фаварытаў. “І гэта прымусіла ўвесь свет гаварыць пра Беларусь, унесла вялікі ўклад ва ўмацаванне яе аўтарытэту і прэстыжу як спартыўнай дзяржавы”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь доўгія гады ішла да гэтага поспеху, зрабіўшы стаўку на спорт як на адзін з прыярытэтаў сацыяльнага развіцця, найважнейшую крыніцу фізічнага і духоўнага здароўя нацыі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў беларускім алімпійцам за мужнасць і мэтанакіраванасць і ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды чэмпіёнам і трэнерам за прафесійнае майстэрства, выключныя спартыўныя дасягненні, значны асабісты ўклад у паспяховае выступленне нацыянальнай спартыўнай каманды на Алімпійскіх гульнях у Сочы.
“Тое, што вы зрабілі, заслугоўвае самых высокіх узнагарод, — падкрэсліў беларускі лідар. — У імкненні да п’едэстала вы прайшлі, як кажуць, праз агонь і ваду. Але самае складанае выпрабаванне яшчэ наперадзе: выпрабаванне славай і поспехам”.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў пераможцам з гонарам і годнасцю несці па жыцці гордае званне чэмпіёна, заставацца такімі ж самаадданымі працаўнікамі і, што вельмі важна, сціплымі, шчырымі і адкрытымі людзьмі.
“Няхай на вашым прыкладзе тыя, хто пачынае свой шлях у вялікі спорт, вучацца быць бясстрашнымі і настойлівымі. Трэніравацца да сёмага поту, пераадольваючы стомленасць і боль у натруджаных мышцах. Сумленна змагацца і прыгожа перамагаць. Тады і яны ў свой час праславяць нашу Беларусь”, — дадаў прэзідэнт.
Трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы беларускай біятланістцы Дар’і Домрачавай прэзідэнт уручыў зорку Героя Беларусі.
“Ніякія словы не могуць перадаць тыя пачуцці, якія перапаўнялі нас у час выступленняў Дар’і Домрачавай. Сіла, скорасць, вытрымка, мужнасць, меткасць, майстэрства зліліся ў трыумф вялікай спартсменкі. Трыумф, якога не ведала дагэтуль планета”, — сказаў беларускі лідар.
“Заваяваўшы тры залатыя медалі на адной Алімпіядзе, ты, Даша, стала легендай сусветнага спорту. І твой спартыўны і грамадзянскі подзвіг удастоены самага высокага звання Героя Беларусі. А ў нас іх зусім нямнога”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Алімпійскіх чэмпіёнаў Антона Кушніра, Алу Цупер і бронзавага прызёра Гульняў у Сочы Надзею Скардзіна Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнамі Айчыны III ступені.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гледачы і балельшчыкі з заміраннем сэрца глядзелі спаборніцтвы лыжных акрабатаў. Паводле яго слоў, гэта вельмі складаная спартыўная дысцыпліна, дзе проста няма права на памылку. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што ў медалёў, здабытых фрыстайлістамі Алай Цупер і Антонам Кушнірам, асаблівая каштоўнасць. “Вашы ўнікальныя па прыгажосці і складанасці скачкі, вашы перамогі назаўсёды ўвойдуць у гісторыю не толькі беларускага, але і сусветнага спорту”, — упэўнены прэзідэнт.
Гаворачы аб бронзавым алімпійскім прызёры Надзеі Скардзіна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пра яе можна ў поўнай меры сказаць, што маці поспеху — вера, а бацька — праца. “Ты, Надзя, не адступала перад цяжкасцямі, я гэта бачыў, а, сціснуўшы зубы, сабраўшы нервы ў кулак, упарта і настойліва ішла наперад. І заваявала медаль, яшчэ раз пацвердзіўшы заслугі беларускай школы, скажам сціпла пакуль, жаночага біятлона”, — адзначыў прэзідэнт, звяртаючыся да спартсменкі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ордэны Айчыны з’яўляюцца знакам прызнання заслуг спартсменаў перад Радзімай.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў мужнасць і сілу духу Сяргея Далідовіча, які дастойна выступіў у лыжных гонках, як роўны змагаўся са знакамітымі сапернікамі, заняўшы 5 месца. Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ў гэтага спартсмена была рэальная магчымасць таксама заваяваць медаль. “Гэта вядома толькі Сяргею, чаму так не адбылося. Але на гэтай каралеўскай дыстанцыі быць сярод трыццаці, тым больш займаць 5 месца, — гэта вельмі вялікае дасягненне, асабліва на той трасе, па якой яны беглі: больш як паўтара кіламетра вышыні і вельмі перасечаная мясцовасць, дзе на горных лыжах часам небяспечна і цяжка спускацца, а яны беглі на бегавых, — адзначыў беларускі лідар. — Таму 5 месца Сяргея ў лыжных гонках — гэта вельмі высокі рэзультат для краіны, які заслугоўвае дзяржаўнай узнагароды”. Сяргей Далідовіч на ўрачыстай цырымоніі быў узнагароджаны ордэнам Пашаны.
Прэзідэнт Беларусі таксама асабліва адзначыў уклад трэнерскага складу і іншых спецыялістаў у заваяванне алімпійскіх узнагарод.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэнеры нацыянальных каманд па фрыстайле і біятлоне, а таксама іншыя спецыялісты сваім талентам і працай дапамагалі каваць алімпійскія перамогі. Асаблівую ўдзячнасць заслужыў галоўны трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалай Казека, які выхаваў цэлую плеяду чэмпіёнаў. Яму ўручаны ордэн Айчыны I ступені. Такім чынам, Мікалай Казека стаў поўным кавалерам гэтай вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Беларусі.
“У час гэтай урачыстасці трэба ўспомніць і падзякаваць бацькам і трэнерам — першым настаўнікам алімпійцаў. Без вашай любові да дзяцей, без веры ў іх талент не было б цяперашніх выдатных вынікаў чэмпіёнаў. Іх перамогі — гэта і вашы перамогі, якімі вы можаце па праву ганарыцца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Самых добрых слоў заслугоўваюць сэрвісмены, урачы, адміністрацыйная група — усе, хто з поўнай аддачай дапамагаў нашым спартсменам. Ваш важкі ўклад у падрыхтоўку пераможцаў і прызёраў Алімпіяды немагчыма пераацаніць, дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у спартыўны поспех Беларусі”.
Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручыў дзяржаўныя узнагароды трэнерам.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заклікаў на фоне алімпійскіх поспехаў не забываць аб існуючых у спорце праблемах. “Нельга не бачыць і тых праблем, якія сёння больш, чым нам хацелася б, запаланілі наш спорт. Нельга за гэтымі бліскучымі перамогамі некалькіх чалавек не бачыць тых праблем, якія ў нас існуюць. І калі ў біятлоне вызначыліся нашы дзяўчаты (асобныя, шчыра кажучы), то паўстае пытанне: а дзе ж мужыкі, дзе нашы лыжнікі, дзе іншыя?” — сказаў прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца на традыцыйнай рабочай нарадзе пры падвядзенні вынікаў Алімпійскіх гульняў. “І да гэтага ўсе кіраўнікі федэрацый і члены ўрада павінны быць гатовы”, — папярэдзіў беларускі лідар.
“Алімпійскія рэзультаты — гэта не толькі нагода для радасці, але і сур’ёзная прычына для разваг. Далёка не ўсе члены беларускай зборнай выступілі так, як мы ад іх чакалі. Недзе былі аб’ектыўныя прычыны, недзе самі спартсмены і трэнеры не вельмі напружваліся, каб праявіць сябе на поўную сілу і апраўдаць надзеі нашага народа. Трэба спакойна, прынцыпова разабрацца ў прычынах поспехаў і няўдач, атрымаць з гэтага бясцэннага вопыту ўрокі на будучае. Перш за ўсё гэта датычыцца нашых хакеістаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо зусім хутка Беларусь будзе прымаць чэмпіянат свету па хакеі, і беларуская каманда павінна дастойна на ім выступіць. “Калі вы не ўмееце гуляць у хакей, а на спартыўную хакейную пляцоўку сёння выходзяць нават не спаборнічаць, а ваяваць, змагацца, калі вы да гэтага не гатовы — лепш не выходзьце на пляцоўку”, — сказаў беларускі лідар. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адгаворкі аб немагчымасці змагацца з больш моцнымі сапернікамі з дзяржаў з вялікай колькасцю насельніцтва не прымаюцца. “Я не дарэмна сказаў аб фрыстайлістах. Яны ж таксама з дзесяцімільённай краіны, а не з паўтарамільярднага Кітая”, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
“Я вельмі хацеў бы, каб пасля чэмпіянату свету па хакеі, калі не ў гэтай зале, то ў якім-небудзь менш урачыстым месцы, мы маглі б сабрацца і сказаць нашым хакеістам і асабліва ўсім трэнерам, не толькі Глену Хэнлану і тым, хто знаходзіцца побач, дзякуй. Іншага я проста не ўяўляю”, — адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што наперадзе ў беларускіх спартсменаў яшчэ многа адказных стартаў і міжнародных спаборніцтваў. Ён пажадаў спартсменам, каб яны, удзельнічаючы ў спаборніцтвах, выкладаліся напоўніцу, не шкадуючы сябе, і давалі медальны рэзультат.
У час цырымоніі ва ўрачыстай абстаноўцы трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава перадала прэзідэнту краіны Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які разам з алімпійскай дэлегацыяй Беларусі пабываў на XXII зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка перадаў сцяг юным выхаванцам спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па акрабатыцы і фрыстайле, каб устанавіць сцяг у Музеі алімпійскай славы.