Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Помніце, што вашы высокія вынікі — гэта пазітыўны імідж Беларусі і паказчык яе паспяховага развіцця”

- 10:31Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня ўручыў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь капітану беларускай спартыўнай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра алімпійскаму чэмпіёну ў веславанні на байдарках і каноэ Аляксандру Багдановічу. Мерапрыемства адбылося ў Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці.

Аляксандр Багдановіч у сваю чаргу перадаў Дзяржаўны сцяг сцяганосцу беларускай спартыўнай дэлегацыі Сяргею Мартынаву і прачытаў клятву беларускага спартсмена — удзельніка Алімпійскіх гульняў.

“Ад імя ўсіх спартсменаў я абяцаю, што мы будзем удзельнічаць у гэтых гульнях, паважаючы і выконваючы правілы, па якіх яны праводзяцца, без допінгу і наркотыкаў, у сапраўды спартыўным духу, на славу спорту і ў імя гонару каманды Рэспублікі Беларусь”, — такія словы клятвы сказаў капітан беларускай спартыўнай дэлегацыі.

Аляксандр Багдановіч таксама адзначыў, што спартсмены заўсёды адчуваюць падтрымку дзяржавы, а для падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў было зроблена ўсё, у чым мелі патрэбу атлеты. “Ад імя спартсменаў як капітан каманды абяцаю, што кожны спартсмен прыкладзе ўсе намаганні, усе свае магчымасці для таго, каб над арэнамі Рыа-дэ-Жанэйра ўзнімаўся наш сцяг і гучаў гімн Рэспублікі Беларусь”, — сказаў ён.

Члены нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна ўручылі кіраўніку дзяржавы памятны сувенір — набор значкоў з піктаграмамі відаў спорту, у якіх беларускія спартсмены заваявалі алімпійскія ліцэнзіі.

Алімпіяда даўно выйшла за рамкі асабістых спартыўных дасягненняў. Гэта вялікая палітыка і вялікі гонар дзяржавы, заявіў Прэзідэнт Беларусі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстых праводзінах беларускай спартыўнай дэлегацыі.

“Помніце, што вашы высокія вынікі — гэта пазітыўны імідж Беларусі і паказчык яе паспяховага развіцця”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Для беларускіх атлетаў гэтыя гульні стануць самым важным экзаменам чатырохгоддзя. Наша дзяржава зрабіла ўсё неабходнае, каб вы мелі магчымасць спакойна падрыхтавацца і дастойна выступіць на гэтых спаборніцтвах”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цана алімпійскага медаля заўсёды была высокая, а сёння — тым больш. “Паглядзіце, як абвастрылася канкурэнтная барацьба. Часта выкарыстоўваюцца неспартыўныя метады націску на асобных атлетаў і цэлыя краіны. Ужо не выклікаюць здзіўлення скандалы, гучныя выкрыцці, перагляд вынікаў спаборніцтваў, якія даўно адышлі ў гісторыю, — заўважыў прэзідэнт. — Вы ўсё гэта бачыце самі, разумееце, упэўнены, перажываеце. У Рыа ўмовы для спаборніцтваў будуць няпростымі, магчыма, цяжкімі. Упэўнены, вы справіцеся з гэтым каласальным напружаннем і пакажаце дастойны вынік”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што атлетаў будуць падтрымліваць не толькі блізкія людзі, але і ўся краіна. “Вы лепш за іншых адчуваеце, наколькі важныя вашы перамогі для ўсіх беларусаў”, — сказаў ён.

На гэты раз спартсменам не ўстанаўлівалі медальных планаў. Разам з тым краіна мае права чакаць ад кожнага поўнай канцэнтрацыі і самааддачы на мяжы чалавечых магчымасцей, адзначыў прэзідэнт. “Мы ўсе чакаем вашых перамог. Наша каманда — гэта арганічны сплаў маладосці і вопыту. Для адных гэта першая ў жыцці Алімпіяда, але многія ўжо выступалі на галоўных гульнях чатырохгоддзя”, — сказаў беларускі лідар.

Асобна кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць беларускім баскетбалісткам, дзякуючы якім на Алімпійскіх гульнях 2016 года Беларусь зноў будзе прадстаўлена ў гульнявых камандных відах спорту. “Думаю, што мужыкам трэба раўняцца на нашых дзяўчат”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы спадзяёмся на перамогі беларускіх атлетаў. Вы акуняцеся ў мора любві і ўвагі з боку нашых удзячных балельшчыкаў. Не менш важна, што і дзяржава па заслугах ацэніць кожнае паспяховае ваша выступленне. Я буду вельмі рад, калі гэтая Алімпіяда дасць нам падставу гэтак жа ўрачыста перад усім народам падвесці яе вынікі і ўручыць заслужаныя ўзнагароды ўсім, хто куе алімпійскую славу краіны”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

У час мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Беларусі па тэнісе Максіму Мірнаму за вялікі асабісты ўклад у развіццё спорту, а таксама паспяховае выступленне на Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе.

На заканчэнне прэзідэнт і члены беларускай спартыўнай дэлегацыі сфатаграфаваліся на прыступках перад парадным уваходам у Палац Незалежнасці.

Цырымонія адкрыцця летніх гульняў адбудзецца 5 жніўня на вядомым стадыёне “Маракана”. Асноўныя кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 года выканалі 144 спартсмены ў 25 відах спору. У ходзе спаборніцтваў будзе разыграна 306 камплектаў медалёў.