Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пранікнуцца пачуццём таго, што кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць”

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

У беларускай эканоміцы ў 2017 годзе намеціўся некаторы рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на дакладзе ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што 2018 год будзе асаблівым. Трэба будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

“У гэтым годзе намеціўся некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак устойлівы. Сальда знешняга гандлю дадатнае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб’ёмы экспарту. Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа. Эканоміка за 2015—2016 гады страціла 6 працэнтаў. У гэтым годзе адыгралі толькі 2 працэнты, што яўна недастаткова”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце ВУП няма запланаванага павелічэння даходаў насельніцтва? “Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост — прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў памеры тысячы рублёў шмат пытанняў і праблем. У сувязі з гэтым што мы маем у гэтай частцы на 2018 год?” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно важнае пытанне — занятасць насельніцтва. Тут, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама не ўсё добра. “Урад дакладвае пра 50 тысяч новых рабочых месцаў, але ў той жа час, як канстатуюць статыстыкі, колькасць звольненых перасягнула колькасць прынятых на работу на 43 тысячы чалавек — два сярэднія раёны Беларусі. Колькасць занятых у эканоміцы павінна расці. Без гэтага расказваць пра макрастабільнасць сэнсу няма”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На нарадзе абмяркоўваліся найважнейшыя дакументы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якія вызначаць развіццё краіны ў будучым годзе. У прыватнасці, Саветам Міністраў адобраны і ўнесены на разгляд праекты ўказаў аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі рэспублікі на 2018 год, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год.

Як далажыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучы год сфарміраваны зыходзячы з неабходнасці вырашэння ключавой задачы па забеспячэнні макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці пры больш актыўным уплыве ўнутранага попыту на эканамічны рост.

“Чакаю актыўнага абмеркавання актуальных пытанняў і канкрэтных прапаноў па ключавых сферах жыцця краіны. Прагноз павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, у бягучым годзе ў Беларусі будзе самы нізкі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю незалежнасці. “6 працэнтаў па выніках 2017 года — цудоўна. Аднак у планах на 2018-ы прадугледжана павялічыць яе да 7 працэнтаў. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым аб інфляцыйных чаканнях, але ў той жа час самі падганяем іх”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта насцярожвае сітуацыя ў сферы інвестыцый. “Паводле маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана аж 65 працэнтаў ад узроўню 2011 года. Гэтага вельмі недастаткова для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Дарэчы, яны таксама ёсць. І крэдыты прымальныя ёсць. Але дзіўна — праектаў няма. Вось і ўсё менеджарства”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бюджэт павінен служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. “Чаму бюджэт ператвораны ў кастыль для кульгаючых прадпрыемстваў і паток прапаноў ад урада па вырабе гэтых кастылёў на ўзровень прэзідэнта не спыняецца? Насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары. Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзяць урад, Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, што прымаюцца, пакуль мае касметычны характар. А патрэбны сістэмныя рашэнні”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, адзначыў: “Мы павінны пранікнуцца пачуццём таго, што кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць”.

“Я адчуваю і бачу сітуацыю: чалавек сёння гатовы любую работу выконваць. Так, ёсць 10 працэнтаў на ўліку ў Шуневіча і іншых, з імі мы працуем па-свойму, прычым жорстка працуем. Але тым, хто хоча працаваць, трэба дапамагчы ўладкавацца і заплаціць, — паставіў задачу прэзідэнт. — Таму давайце пачынаць працаваць”.

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, людзі павінны не толькі мець работу, але і добра зарабляць. Ён нагадаў аб сваім даручэнні выйсці да канца 2017 года на сярэдні ўзровень зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тысячы. “Іншага вы і вымаўляць не павінны. У адваротным выпадку гэта дорага абыдзецца ўраду”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дапусціў, што ў пачатку 2018 года будзе больш выхадных, адпаведна, людзі будуць менш працаваць і могуць атрымаць зарплату крыху ніжэйшую за плануемы ўзровень. “А далей — другі, трэці, чацвёрты кварталы — мы павінны перасягаць ужо Br1 тысячу хоць крыху”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Павысіць жа сярэдні ўзровень даходаў у краіне неабходна ў першую чаргу за кошт павелічэння памеру зарплаты тым катэгорыям грамадзян, у якіх яна была ніжэйшая за сярэдняе значэнне, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “Вось вам задача. І барані вас бог гэтую задачу не выконваць, — заявіў прэзідэнт. — У нас вызначана заданне. Не будзе выканана — галавой адкажаце”.

“Пачынайце рэалізоўваць тое, што я вам гавару. Не можаце, не хочаце — ідзіце. Вы для таго і ёсць, каб выканаць гэтыя даручэнні. Тым больш я не патрабую чагосьці незвычайнага. Я патрабую больш-менш забяспечыць людзей. Гэта задача дзяржаўнай улады”, — падкрэсліў ён.

Як далажыў Андрэй Кабякоў, за 9 месяцаў 2017 года ў краіне створана практычна 50 тысяч рабочых месцаў, у тым ліку 48 тысяч — на наваствораных прадпрыемствах. “Урад для сябе ў пачатку года вызначыў больш напружаную задачу — 70 тысяч, у рэалізацыі якой ёсць адставанне. Па 9 месяцах адстаём на 2,5 тысячы”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што разам з тым колькасць фактычна занятых у эканоміцы за гэты ж час знізілася на 54 тысячы чалавек. Але, згодна са статыстыкай, на 25,5 тысячы зменшылася і колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту, таксама на 28,5 тысячы зменшылася колькасць працуючых пенсіянераў. “Гэта значыць, прыблізны баланс”, — заўважыў кіраўнік урада.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева падкрэсліла, што сітуацыя ў сферы занятасці застаецца няпростай. Гэта пацвярджае і праведзены ў Маладзечне пробны перапіс насельніцтва. Магчыма, гэта тлумачыцца асаблівасцямі раёна.

Тое, што пытанне працаўладкавання хвалюе грамадзян рэспублікі, пацвердзіла і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

“Цяпер мы рыхтуем і практычна заўтра ўнясём новую канцэпцыю дэкрэта нумар 3. Мы аналізуем гэтую сітуацыю, яна сапраўды сур’ёзная, — адзначыла яна. — Тыя даныя, якія нам прадаставілі аблвыканкамы, — гэта каля 500 тысяч непрацуючых чалавек”.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта расказала, што ў дзяржоргане створана спецыяльная маніторынгавая група, якая рэгулярна выязджае ў найбольш праблемныя з пункту гледжання беспрацоўя рэгіёны рэспублікі. “Мы бачым і паводле ацэнак інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, што гэта асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў нашай краіны. У розных рэгіёнах сітуацыя розная, але яна сапраўды сёння ёсць, і самазаспакойвацца тут нельга”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна адзначыла той факт, што за мяжой працуюць 97,6 тысячы беларусаў. “Не знайшоўшы тут работы, яны проста выязджаюць. Трэба кропкава разглядаць кожны рэгіён. Напрыклад, Столін. Там проста няма работы сёння. Значыць, трэба думаць, якія адкрываць вытворчасці і якія ствараць рабочыя месцы: і высокапрадукцыйныя, і невысокапрадукцыйныя — рабочыя месцы павінны быць”, — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Закранаючы выкананне даручэнняў аб павышэнні заработнай платы, Андрэй Кабякоў адзначыў, што па выніках студзеня—верасня рэальная заработная плата ў цэлым па эканоміцы прырасла да ўзроўню мінулага года на 3,8 працэнта, што крыху вышэй, чым рост прадукцыйнасці працы. “Гэта не вельмі добра. Але не трэба рабіць трагедыю — гэта цалкам чакана і вытлумачальна. Такія суадносіны склаліся выключна з улікам прынятых рашэнняў па павелічэнні заработнай платы ў дзяржкіраванні і бюджэтнай сферы”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.

У рэальным сектары рост прадукцыйнасці працы перавышае рост заработнай платы на 1 працэнт. Намінальная заработная плата ў верасні ў параўнанні са студзенем павялічылася на Br110 да Br831, або на 15 працэнтаў. “У бюджэтных арганізацыях пасля прынятых рашэнняў намінальная зарплата вырасла на 13 працэнтаў. Ёсць адставанне ад графіка па дасягненні да канца года сярэдняй зарплаты ў памеры Br1 тысячы. Па студзені — верасні такое адставанне склала Br25,4, або 3,1 працэнта”, — праінфармаваў Андрэй Кабякоў.

“Дапрацуйце праект бюджэту з улікам абмеркавання і ў завізаваным выглядзе прадастаўце ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб я падпісаў і накіраваў у парламент, — загадаў напрыканцы нарады Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы тут абмяркуем і прымем, дэпутаты супраць не будуць, тым больш што яны прыцягнуты. Вы ім раскажыце аб абмеркаванні, аб прынцыповых пытаннях. Упэўнены, што яны мяне падтрымаюць, таму што мы з імі на адной шахматнай дошцы: лепш людзям — лепш нам”.

У цэлым прэзідэнт станоўча ацаніў праект бюджэту. “Усё падлічана нармальна. У асноўным усё правільна сказана. Але саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў знайсці сродкі, каб падтрымаць бюджэтных работнікаў і сацыяльна слабаабароненыя слаі насельніцтва.