Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК па пытанні правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
“Створаны аргкамітэт на чале з прэм’ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх напрамках і дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў. Да нас прыязджаюць ужо розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання ўсіх дэталей, звязаных з падрыхтоўкай Еўрагульняў. Урад мяне рэгулярна інфармуе, што работа вядзецца і мы рухаемся ў правільным напрамку. Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, перш за ўсё асноўнае — краіна гульнямі яшчэ не жыве. Вымушае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю аб тым, як ідзе работа. Еўрапейскія гульні — важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь амаль год назад атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе гэты спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю. “Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь уважліва вывучыла прапановы Еўрапейскага алімпійскага камітэта, спрагназаваны будучыя расходы. “Як запэўніваў урад, яны будуць адносна невялікімі — 35—40 млн еўра. Мы вырашылі, што гатовы падставіць плячо еўрапейскай алімпійскай сям’і і правесці гэтае мерапрыемства. З боку Еўрапейскага алімпійскага камітэта нам было абяцана ўсялякае садзейнічанне ў вырашэнні ўсіх пытанняў, а таксама рэсурсная і фінансавая дапамога. Гэта перш за ўсё для нас карысць, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт прадаставіў нам права правядзення такога мерапрыемства”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што прайшло дастаткова часу, каб падвесці вынікі ўжо зробленага, абмеркаваць праблемы і намеціць задачы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на адставанне ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб’ектаў. “Якія праблемы, напрыклад, перашкаджаюць увесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён “Дынама” ў 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем прэзідэнта? Усе цудоўна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэсціраваць з пункту гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця гульняў. Мне сёння ўрад уносіць прапанову перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплексу ва Уруччы. Я нават не задаю пытанне, позна гэта ці не. Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапаноў на маё імя аб пераносе тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць зроблена ў тэрмін”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на пытаннях бяспекі: як паказвае міжнародная сітуацыя, сёння гэта адна з ключавых праблем. “Мы не павінны дапусціць і ценю сумнення ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут не самазаспакойвацца, — падкрэсліў прэзідэнт. — У нас хапае нядобразычліўцаў, якія паспрабуюць нас у гэтым плане пераканаць у адваротным. Не дай бог, мы дапусцім штосьці падобнае, што адбываецца ў нашых суседзяў у Заходняй Еўропе. Рабіць трэба ўсё вельмі акуратна. Галоўнае на гульнях — спартыўныя спаборніцтвы і святочная атмасфера для нашых суграмадзян і асабліва гасцей. Яны павінны, атрымаўшы спрыяльныя, добрыя ўражанні аб краіне, аб сталіцы, з такімі ж уражаннямі і вярнуцца дадому”.
Прэзідэнт адзначыў, што падпісаны ўжо дагавор з ЕАК на правядзенне гульняў. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, ці ўсё ў ім прадугледжана з пункту гледжання інтарэсаў краіны. “Ці вырашаны пытанні, пра якія мы дамаўляліся ў кастрычніку мінулага года? Ці няма падводных камянёў, якія заўтра будуць каштаваць нам мільёнаў? — запытаў кіраўнік дзяржавы. — Прашу праінфармаваць, якія расходы ў нас чакаюцца, як яны палічаны і спланаваны. Ці ёсць у нас поўная яснасць адносна бюджэту Еўрапейскіх гульняў? Хацелася б пачуць, якая на сённяшні дзень сітуацыя з забеспячэннем тэлетрансляцый гульняў. Якія мы прынялі на сябе абавязацельствы, якая нам будзе аказана дапамога ў гэтым пытанні з боку міжнародных арганізацый?”
Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы нацыянальных каманд па відах спорту. “Спадзяюся, нам не давядзецца дома чырванець за выступленні беларусаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што цяпер у асобных відах спорту беларусы паказваюць непрымальныя вынікі. “Акрамя таго, ЕАК нам абяцаў, што Еўрапейскія гульні 2019 года будуць адборачнымі да Алімпіяды 2020 года ў Токіа. Што зроблена ў гэтым плане?” — задаў пытанне прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, як прадставіць сябе Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне пра краіну і яе народ. Таму ў пытанні арганізацыі гэтага спартыўнага форуму дробязей няма і быць не можа. “Ад сустрэчы на граніцы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да афармлення горада — усё павінна быць на найвышэйшым узроўні. Чакаю прамой грунтоўнай размовы па ўсім спектры пытанняў падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Папрасіў бы без самасправаздач — мне трэба бачыць канкрэтную сітуацыю, яе ацэнку і вашы прапановы. У першую чаргу тыя, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні прэзідэнта”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што II Еўрапейскія гульні 2019 года павінны быць арганізаваны на дастойным узроўні, але без празмернай пампезнасці. “Мы павінны нацыю, краіну, дзяржаву вывесці на вышэйшую ступень развіцця, гульні павінны падштурхнуць да гэтага. Усё трэба рабіць для людзей. Ніякай пампезнасці. Трэба рабіць прыгожа, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы не перасягнём адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і такога мерапрыемства ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё. Не хачу сказаць, што ў нас няма такіх грошай. Калі б гэта на карысць было, то знайшлі б. Але гэта не трэба. Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю свайго народа. Каб гэта было душэўна — і адкрыццё, і закрыццё”.
“Трэба зрабіць сваё — прыгожа і душэўна. І гэта будзе значна танней. І гэта павінны рабіць беларусы. Мы ўсё ўмеем рабіць”, — заявіў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што калі дзесьці патрэбны экспертны савет або ёсць добрыя ўзоры за мяжой, то можна прыцягнуць для кансультацый адпаведных спецыялістаў. “Яны з задавальненнем прыедуць і падкажуць, як гэта зрабіць”, — упэўнены ён.
Гаворачы аб неабходнасці прывядзення ў парадак да гульняў галоўных аб’ектаў і выкананні работ па добраўпарадкаванні, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым плане зрабіць трэба адносна няшмат. “Наша шчасце, што мы ў парадку ўтрымліваем краіну, асабліва Мінск. Трэба проста дашліфаваць сталіцу і ў цэлым населеныя пункты, — сказаў прэзідэнт. — Краіну трэба прывесці ў парадак, і потым будзем яе ўтрымліваць у такім жа парадку”.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўся створаная да гульняў матэрыяльная база застанецца ў Беларусі на дзесяцігоддзі. “Нам нічога не трэба будзе рабіць 10—20 гадоў. Усё гэта застанецца для таго, каб рыхтаваць нашых спартсменаў, зборныя каманды”, — дадаў ён.
Міжнароднае спартыўнае мерапрыемства, якое мае адбыцца, важнае і з пункту гледжання прыцягнення турыстаў. “За гасцямі, якія да нас прыедуць, прыбудуць іншыя. Гэта турызм, гэта даходы нашай краіны, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог. Гэтыя гульні ўзварушаць краіну, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі будуць разумець, што ў гразь тварам ударыць нельга. Да нас прыедзе шмат розных людзей. Мы нікому не будзем забараняць уезд. Прыедуць і людзі, якія на нас дрэнна глядзяць і якім мы як костка ў горле са сваімі поспехамі, недахопамі і гэтак далей. І будуць праз павелічальнае шкло разглядаць усе працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі”.
“Трэба давесці да кожнага чалавека, што ён павінен зрабіць да гэтых гульняў”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць у Мінску праблему даўгабудаў да правядзення ў краіне II Еўрапейскіх гульняў.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Мінгарвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта, калі ў сталіцы знікнуць даўгабуды. “Прывядзіце горад у парадак, каб не было ніводнага даўгабуда. Ніякіх агароджаў, якія закрываюць гэтыя будоўлі, быць не павінна. Напружвайце ўсіх. У крайнім выпадку ўнутры памяшкання павінна ісці нейкая аддзелачная работа, мэбляй укамплектоўваюць няхай. Добраўпарадкаванне, знешнія фасады — усё павінна быць прыведзена ў парадак”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у прыклад даўгабуд у раёне спартыўна-забаўляльнага комплексу “Мінск-Арэна”. “Хто толькі не займаўся ім! Гэта цудоўны дом, які таксама можна выкарыстоўваць да гэтых гульняў як шыкоўную гасцініцу — там жа розныя кватэры ёсць, — прапанаваў ён. — Прыедуць багатыя людзі, яны не хочуць жыць у гасцініцы — будуць наймаць гэтую кватэру”.
Разам з тым неабходна будзе вызначыцца, як выкарыстоўваць будынак пасля правядзення Еўрагульняў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. “Можа, гэты дом як арэндны аддадзім вучоным або яшчэ каму-небудзь. Трэба падумаць, што там будзе. Гэта будзе вельмі добрая і даходная справа, там вы можаце атрымаць добрыя грошы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу прэзідэнт звярнуў на кантроль над цэнамі — яны не павінны завышацца. “Хочаце кішэні набіць за кошт гэтых 10 дзён? Трэба кантраляваць цэны. Ну атрымаем мы на капейку менш. Калі на капейку больш — што, на ўсё жыццё кішэні напхаем? Не. Таму па цэнах трэба быць вельмі акуратнымі”, — падкрэсліў ён.
Спыніўся прэзідэнт і на выступленнях беларускіх спартсменаў на розных міжнародных стартах апошнім часам, раскрытыкаваўшы іх.
Закранаючы гульні беларускай футбольнай каманды, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў адборачным турніры чэмпіянату свету яна ўступіла нават зборнай Люксембурга. “Гэта хутчэй забыць бы. Гэта ж нікуды не варта — такое стаўленне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Незадаволены прэзідэнт і выступленнем хакейнага клуба “Дынама-Мінск”, які ў чэмпіянаце КХЛ дапусціў серыю крыўдных пройгрышаў. “Не цешце сябе, што з’ездзілі ў Сочы і выйгралі. Гэта сведчыць аб тым, што гуляць умееце, але не гуляеце. Сорамна глядзець, як катаюцца на каньках”, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не паказалі дастойных вынікаў і нацыянальныя каманды на мінулых чэмпіянатах свету па лёгкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы і дзюдо. “На што грошы трацім?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
“У вас ёсць час для таго, каб перабудавацца, памяняць трэнераў, калі патрэбна. Калі хочаце нешта заваяваць у спорце, трэба быць на галаву вышэйшымі за іншых. Усе павінны быць безагаворачнымі лідарамі. Патрабаванне з кіраўнікоў федэрацый будзе самае строгае. Прыходзьце за грашыма, калі будзе перспектыўны спартсмен і трэнер. Пад гэта грошы мы будзем выдзяляць, а потым патрабаваць з іх за вынік. І перастаньце спасылацца на нейкія перабудовы, змену пакаленняў, — запатрабаваў прэзідэнт. — Грошы атрымаюць — гэта маё строгае патрабаванне да НАК і ўрада — толькі спартсмен і трэнер. Вынік далі — прыходзьце і прасіце чаго хочаце”.