Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Прыйсці павінны людзі, якія павінны захаваць краіну”

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на важнасць амаладжэння кадраў і прыцягнення на адказныя пасады перспектыўных кіраўнікоў. Пра гэта ён заявіў, прымаючы кадравыя рашэнні.

“Павінна прыходзіць новае пакаленне лю­дзей. Мы некалі пойдзем. Не так далёка гэты час. А прыйсці павінны людзі, якія павінны захаваць краіну. Вось і паслы павінны быць такімі людзьмі. Каб не атрымалася, як тады ў нас (у першыя гады пасля развалу СССР. — Заўвага БелТА.) — у МЗС заходзіш, а там незразумела хто працуе і незразумела з якой галавой і якія мазгі куды павернуты. Трэба было яшчэ з дапамогай спецслужбаў адлоўліваць іх. Незразумела на каго працавалі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Трэба, каб знешнепалітычнае ведамства было моцным і перспектыўнымі былі людзі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Уладзімір Макей запэўніў, што ў МЗС сфарміраваны добры працаздольны калектыў. “Магу ручацца, што пазбаўляемся, калі бачым, што нехта з’яўляецца праблемным чалавекам”, — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем міністра замежных спраў аб прафесійных і асабістых якасцях назначаемых паслоў. “Паслы — дастойныя людзі, я так разумею”, — адзначыў ён.

Уладзімір Макей расказаў, што, напрыклад, Віктар Рыбак, які зойме пасаду пасла Беларусі ў Турцыі і па сумяшчальніцтве ў Іраку, ведае гэты рэгіён, раней доўгі час працаваў у Іране. “Там (у рэгіёне. — Заўвага БелТА.) цяпер якраз пера­пляценне інтарэсаў. Я ўчора сустракаўся з першым намеснікам міністра замежных спраў Ірака. Вельмі цікавую інфармацыю расказваў”, — сказаў міністр.

Што тычыцца Мікалая Аўсянкі, новага пасла Беларусі ў Эквадоры і па сумяшчальніцтве ў Калумбіі, Нікарагуа і Панаме, то ён хоць да гэтага часу і не займаўся непасрэдна гандлёва-эканамічнай праблематыкай, але добра ведае іспан­скую мову, праблематыку раззбраення па вопыце работы на мінулай пасадзе начальніка аддзела міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС.

Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у наяўнасці перспектыў развіцця адносін з Эквадорам. Нягледзячы на вялікую арыентацыю цяперашняга кіраўніцтва краіны на ЗША і ЕС, тым не менш з удзелам Беларусі прадаўжаецца рэалізацыя шэрага праектаў. “Там “Беларуснафта” працуе добра, і ёсць пэўныя перспектывы, і “Белзамежбуд”, — адзначыў кіраўнік МЗС. — Калумбія для нас (з вамі ўзгоднена адкрыццё пасольства) вельмі перспектыўная краіна. І па сельскай гаспадарцы, і па пастаўках тэхнікі. Цяпер трэба прадметна і канкрэтна займацца гэтай работай”.

Станоўчыя рэкамендацыі дадзены і Яўгену Вараб’ёву, які ўзначаліць беларускае пасоль­ства ў Ізраілі. “Там патрэбны такі чалавек. Ён добра зарэкамендаваў сябе і ва ўпраўленні Еўропы (у структуры МЗС Беларусі. — Заўвага БелТА.). Ён таксама справіцца з гэтай пасадай”, — перакананы міністр.

Адзначана, што важным для Беларусі напрамкам з’яўляецца далейшае развіццё адносін Беларусі з Егіптам і Суданам. “У нас ідзе рост тавара­абароту і экспарту ў гэтым годзе пасля адпаведных візітаў”, — адзначыў Уладзімір Макей.

Новы пасол у Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Судане і Амане Сяргей Цярэнцьеў таксама добра знаёмы з адпаведнымі пытаннямі і будзе прадаўжаць работу свайго папярэдніка на гэтай паса­дзе.

“У Егіпце мы ўжо маем добрыя карані, аснова закладзена. У Судане таксама трэба пакрыху па некалькі праектаў (дабаўляць. — Заўвага
БелТА.
). Так, як у Эквадоры. Ніхто не гаворыць, што там трэба разгортваць (як гіганцкая краіна) гандаль з імі. Але 2—3 праекты дабаўляць трэба, каб да “Беларуснафты” мы маглі завязацца на нейкія іншыя выгадныя для нас і для іх праекты, гэта значыць, не трэба займацца шапказакідальніцтвам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, адзначаны дыпламатычны вопыт Вячаслава Бяскостага, які будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Туркменістане. У яго напера­дзе сур’ёзная работа па нармалізацыі двухбаковых адносін, перш за ўсё ў сферы ўрэгулявання праблемных пытанняў вакол тэмы будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. “Спадзяёмся, што ён з дыпламатычным вопытам зможа там (у Туркменістане. — Заўвага БелТА.) выбудаваць работу ў патрэбным для нас напрамку”, — сказаў Уладзімір Макей.

“Добрыя, перспектыўныя паслы. Думаю, яны справяцца”, — дадаў міністр.

Прэзідэнт Беларусі назначыў новых паслоў Беларусі ў Егіпце, Ізраілі, Эквадоры, Турцыі і
Ту­ркме­ністане.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка таксама даў згоду на назначэнне новых кіраўнікоў у пяці раёнах.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу старшынь райвыканкамаў на галоўных напрамках іх дзейнасці — ад сферы сельскай гаспадаркі да выплаты заработных плат на прадпрыемствах. Усе патрабаванні застаюцца нязменнымі, як падкрэсліў прэзідэнт.

“Трэба дастойна завяршыць уборку ўра­джаю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хацелася б, каб у будучым годзе (а мы пачалі ўжо здаваць экзамен) тыя, хто зарабіў добрыя грошы, атрымалі іх. Трэба, каб зарплата расла, дынаміка тут павінна быць”. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не павінна быць “дармаплата” — грошы павінны быць зароблены.

“Раёны, у якія вы ідзяце, нядрэнныя, там можна працаваць. Людзі вы абсалютна ўсе перспектыўныя. Вельмі хацелася б, каб гэтае новае пакаленне, якое вы прадстаўляеце, прыжылося, і мы з узроўню старшыні райвыканкама атрымалі канкурэнцыю на пасадах міністраў, губернатараў, членаў урада. Я як прэзідэнт не магу спакойна пайсці і жыць, не прывёўшы ва ўладу новае пакаленне”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Анатоль Гапонік пасля работы на аналагічнай пасадзе ў Лельчыцкім раёне зойме пасаду старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама.

Лельчыцкі раён узначаліць Сяргей Касінскі, які з’яўляецца старшынёй Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў.

Ратацыя адбудзецца таксама ў Шчучынскім і Лідскім раёнах. Старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік узгоднены на аналагічную пасаду ў Лідскім раёне. Вызваленую пасаду кіраўніка Шчучынскага раёна зойме першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Садоўскі.

Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне Андрэя Жайловіча старшынёй Салігорскага райвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.

Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка звярнуў увагу на тое, што парламенцкія выбары павінны прайсці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

“У палітыцы, я ўжо сказаў, мы пачалі здаваць экзамен. Сённяшняя перадвыбарная вакханалія, інакш яе не назавеш, перад парламенцкімі выбарамі сведчыць пра тое, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў. Нам пастараюцца не дазволіць спакойна прайсці гэтыя перыяды. А мы павінны правесці так, як належыць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У краіне кіруемай, у нашай краіне, для сябе мы павінны правесці гэтыя выбары, і калі мы вызначыліся, што мы бу­дзем дзейнічаць гэтак, гэтак і гэтак, тактыка такая —  мы павінны яе прытрымлівацца”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі ў час парламенцкай кампаніі будуць крытыкаваць і наносіць удары па нейкіх людзях, то гэта будуць удары з далёкім прыцэлам — па прэзідэнце. “Так і адбываецца цяпер. Іншым разам б’юць незаслужана, непрыстойна, несумленна, прыцэльваючыся ў прэзідэнта. Я да гэтага гатовы. Хачу, каб вы былі напагатове і ведалі, што мы не можам дазволіць расхістаць краіну. Каму гэта хочацца зрабіць, вы ведаеце”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сёння ўсе пытанні: эканоміка ў рэгіёнах, заработная плата ў працоўных калектывах, кадры і жыццё лю­дзей у цэлым — на плячах мясцовых органаў улады. “Трэба дапамагчы — гаварыце”, — падкрэсліў прэзідэнт.