Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Пытанне першараднай важнасці — абнаўленне вучэбных праграм і падручнікі”

- 12:00Інфармацыйная гадзіна

Пытанні развіцця і ўдасканалення адукацыйнай сферы ў Беларусі абмяркоўваліся на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з віцэ-прэм’ерам Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

Прэзідэнт пацікавіўся ходам уступнай кампаніі, якая павінна завяршыцца 20 жніўня. “Мне хацелася б ведаць асноўнае. Як канчаткова будзем карэкціраваць правілы прыёму? Такая задача была пастаўлена ўсім, хто кантраляваў ход уступнай кампаніі. Як мы дапрацуем, зменім ці вернемся недзе, можа, да старога? Шмат часу прайшло, на працягу якога мы апрабавалі розныя падыходы. На чым спынімся? Гэта галоўнае пытанне — ход кампаніі і карэкціроўка правіл прыёму”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў праінфармаваць яго аб гатоўнасці да навучальнага года адукацыйных устаноў рознага ўзроўню, магчымай наяўнасці праблемных пытанняў.

“У гэтым плане таксама пытанне першараднай важнасці — абнаўленне вучэбных праграм і падручнікі, — адзначыў прэзідэнт. — Ніякай праблемы ў гэтым не бачу. Нават у тэрмінах. Мы ж не нанава ствараем падручнікі, вучэбныя праграмы. У асноўным гэта нармальныя вучэбныя праграмы і падручнікі. Але некаторыя тэмы, як выявілася не толькі ў гуманітарнай сферы, але і ў падручніках фізікі, матэматыкі, да дурасці даходзяць. Гэтыя тэмы трэба карэкціраваць”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аператыўна правесці гэтую работу ў адпаведнасці з раней намечанымі тэрмінамі, каб у асноўным у 2018 годзе завяршыць выданне новых падручнікаў і дапрацоўку вучэбных праграм. “Па кожным падручніку можна стварыць групу. Да гэтага трэба прыцягнуць больш практыкаў, а не акадэмікаў. Але і ад акадэмікаў адмаўляцца нельга, таму што гэта людзі, якія, вобразна кажучы, знаходзяцца наверсе ведаў”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на падрыхтоўку да новага навучальнага года, правядзенне школьных базараў. Асаблівы акцэнт — на малазабяспечаныя сем’і, дзяцей-сірот. “Формула адна: каб 1 верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны павінны быць апрануты ў чорна-белыя фартушкі, гольфы або сукеначкі, а каб не вылучаліся дзеці з сем’яў, якія не такія багатыя сёння. Мы павінны апрануць дастойна да 1 верасня ўсіх дзетак”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна тэма — падрыхтоўка і правядзенне Рэспубліканскага педагагічнага савета. “Мы павінны правесці яго на дастойным узроўні. На такіх педагагічных саветах прэзідэнт даўно не быў. Настаў час, ды і ёсць што сказаць педагагічнаму асяроддзю ў плане і новых умоў, новых праграм, паступленняў — усіх пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць. Ну і параіцца з педагогамі. Я думаю, яны нам нешта падкажуць. Гэта ўсё ж такі наша апора, нашы людзі, і мне вельмі важна пабываць на такім педсавеце”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў зрабіць гэтае мерапрыемства нефармалізаваным, каб можна было абмеркаваць і вычленіць праблемы, якія неабходна вырашаць.

Васіль Жарко, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе, праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што ў цэлым уступная кампанія праходзіць на належным арганізацыйным узроўні і характарызуецца адсутнасцю канфліктных сітуацый. У рабочую групу дзяржкамісіі паступіла 16 вусных і 11 пісьмовых зваротаў, па кожным з іх дадзены растлумачэнні і адказы.

Як патлумачыў па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, у ходзе сустрэчы абмяркоўваліся розныя ініцыятывы і прапановы па далейшым развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі краіны.

“Мы абмяркоўвалі на будучыню, у перспектыве неабходна паглядзець, ці трэба пры паступленні ўлічваць сярэдні бал атэстата”, — сказаў Васіль Жарко.

“Таксама ёсць пытанні. Школьнікі стараюцца, каб падцягнуць усе веды. Зноў жа, каб тут не было суб’ектывізму. Гэта на будучыню”, — дадаў ён.

“Абмяркоўвалі пытанні завочнага навучання. Дзяржаўная камісія ўнесла прапанову, што завочнае навучанне ў асноўным павінна быць платнае. Для выпускнікоў сярэдніх школ — толькі праз год стажу работы, каб выпускнік меў навыкі і разумеў, на каго ён ідзе вучыцца, каб нейкая спе-цыяльнасць ужо была выбрана. Па некаторых спецыяльнасцях завочнае навучанне можа быць таксама на бюджэтнай форме”, — расказаў Васіль Жарко па выніках сустрэчы.

Віцэ-прэм’ер адзначыў розніцу ва ўзроўні падрыхтоўкі на дзённым і завочным аддзяленнях. “На завочнае аддзяленне, я лічу, павінны ісці свядома тыя, хто прайшоў ступені або прафесійна-тэхнічнай, або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, каледжа”, — растлумачыў ён.

“Дзесяць гадоў, як у краіне ўведзена дзесяцібальная сістэма навучання. Шмат пытанняў па дзесяцібальнай сістэме. Часам бывае суб’ектывізм у ацэнцы. І ў нас няма нездавальняючай адзнакі, таму што адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў. Раней (пры пяцібальнай сістэме. — Заўв.БелТА.) разумелі: “адзінка”, “двойка” — гэта нездавальняючыя адзнакі. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці: можа, вярнуцца да пяцібальнай сі-стэмы?” — сказаў віцэ-прэм’ер.

“Каб кожны разумеў: “чатыры” — значыць “чатыры”, “пяць” — значыць выдатнік. Няма суб’ектывізму, — прывёў прыклад Васіль Жарко. — Што такое 4 з мінусам, 4 і 4 з плюсам (па старой сістэме. — Заўв. БелТА.) — 6, 7, 8. Дзе мяжа паміж “шасцёркай” і “сямёркай”, “сямёркай” і “васьмёркай”?”

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што для пераводу на бюджэтную форму навучання, акрамя ўдзелу ў грамадскім жыцці і іншых крытэрыяў, патрэбны адзнакі як мінімум 7 балаў. “Адзін выкладчык паставіў 6, іншы — 7. Але і там “чатыры”, і там “чатыры” (па пяцібальнай сістэме. — Заўв. БелТА.)”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы прапанову, падкрэсліў, што гэтае пытанне, перш, чым прымаць якое-небудзь рашэнне, неабходна вельмі добра абмеркаваць.

Васіль Жарко таксама адзначыў, што ў ходзе даклада кіраўніку дзяржавы была ўнесена прапанова аб паступовым зніженнні набору на навучанне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

“Нам неабходна выбудоўваць правільную піраміду навучання. Яна ў нас крыху перавернутая”, — адзначыў Васіль Жарко.

Ён растлумачыў, што на сённяшні дзень у краіне выпускнікоў УВА ў два разы больш, чым тых, хто завяршыў навучанне ва ўстановах, што прадастаўляюць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю. “Трэба выбудоўваць, каб ва УВА ішоў чалавек найбольш адукаваны, падрыхтаваны, — сказаў віцэ-прэм’ер. — Таму мы, напэўна, будзем паціху змяншаць колькасць паступаючых ва УВА, а даваць больш месцаў для паступлення на прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Каб чалавек, калі завяршыў навучанне ў каледжы, разумеў, куды ідзе, і паступаў ва УВА, няхай нават на завочную, але скарочаную форму навучання”.

Васіль Жарко таксама заявіў аб неабходнасці правесці атэстацыю і праверыць на адпаведнасць ліцэнзійным патрабаванням усе УВА Беларусі. “У краіне 51 УВА. З іх 9 — прыватнай формы ўласнасці і 42 — дзяржаўныя. І я разумею, што іх, напэўна, для нашай невялікай краіны і многа”, — заўважыў віцэ-прэм’ер.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час даклада паставіў задачу дабіцца павышэння зарплат у сацыяльнай сферы, паведаміў віцэ-прэм’ер Васіль Жарко.

“Зарплата педагога, як і зарплата ўрача, павінна быць дастойнай. І задачу прэзідэнт паставіў. Яна павінна быць выканана і ў гэтым, і ў наступным годзе, — заявіў віцэ-прэм’ер. — У гэтым годзе ў нас плануецца 800 рублёў у сярэднім па галіне. І мы абавязаны гэтай зарплаты дасягнуць да канца года. У наступным годзе зарплата павінна быць вышэйшая”.

На сустрэчы кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаўнікі і ўрачы — гэта аснова грамадства. Неабходна ўжо да канца года падняць планку сярэдняй зарплаты, а таксама больш цесна заняцца адпаведным пытаннем у наступным годзе.

Дарожную карту развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года прымуць на рэспубліканскім педсавеце, які пройдзе ў жніўні з удзелам кіраўніка дзяржавы, паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка па выніках рабочай сустрэчы з прэзідэнтам.

Плануецца, што на мерапрыемстве абмяркуюць канцэптуальныя падыходы па развіцці сістэмы адукацыі. У іх ліку — змяненні, якія могуць адбыцца ў правілах прыёму пры паступленні ва УВА.

“Мы гэтыя канцэптуальныя падыходы разашлём на месцы — ва ўстановы адукацыі, дзе павінна прайсці іх абмеркаванне. Акрамя таго, мы ў першы дзень рэспубліканскага педагагічнага савета ў рамках секцый абмяркуем гэтыя канцэптуальныя падыходы і затым з удзелам кіраўніка дзяржавы на пленарным пасяджэнні прымем іх, — сказаў Ігар Карпенка. — Гэта своеасаблівая дарожная карта, якая вызначыць прыярытэты, напрамкі, куды павінна рухацца сістэма адукацыі ў найбліжэйшай перспектыве да 2020 года і стратэгічна да 2030 года”.

“Галоўны пасыл у гэтых канцэптуальных падыходах — пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю. На сённяшні дзень у нас у нарматыўнай базе прапісана базавая адукацыя — 9 класаў. Мы прапануем перайсці на ўсеагульную сярэднюю адукацыю”, — сказаў Ігар Карпенка.

Сістэма адукацыі, паводле ацэнкі міністра, фактычна гатова да такога пераходу. У краіне выбудавана дакладная сістэма, у рамках якой грамадзяне могуць атрымліваць усеагульную сярэднюю адукацыю. “Праз сістэму школ, гімназій, ліцэяў, праз прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю”, — удакладніў Ігар Карпенка.

Захаваная ў Беларусі сістэма ўсеагульнага навучання, калі ўстановы адукацыі працуюць з сем’ямі і выяўляюць дзяцей, якія павінны пайсці ў школу, дае магчымасць улічваць кожнае дзіця. “Акрамя таго, для тых, хто не мае агульнай сярэдняй адукацыі, сёння ёсць магчымасць праз сістэму вячэрніх класаў або групы, якія могуць стварацца ў звычайнай установе агульнай сярэдняй адукацыі, атрымаць гэтую сярэднюю адукацыю. У нас захаваўся і інстытут экстэрнату здачы экзамену за агульную сярэднюю школу”, — адзначыў міністр.

Ігар Карпенка па выніках рабочай сустрэчы с кіраўніком дзяржавы таксама праінфармаваў, што да 1 верасня ў Беларусі выпусцяць 30 новых падручнікаў, да канца года — яшчэ 11.

“Мы выпусцім каля 30 новых падручнікаў, якія будуць выкарыстоўвацца з 1 верасня. Яшчэ частка будзе выдадзена да канца года — 11 падручнікаў. Па старых падручніках, якія будуць выкарыстоўвацца, дакладна дадзены метадычныя рэкамендацыі, што з гэтых падручнікаў браць, а што не, — сказаў міністр. — У цэлым пастаўлена задача да канца 2019 года поўнасцю абнавіць усю лінейку падручнікаў па агульнай сярэдняй адукацыі”.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, змест адукацыі і праграмы навучання — гэта адно з важных пытанняў падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Па стане на 1 жніўня ўсе школьныя праграмы былі перапрацаваны, яны даступны на адукацыйным партале. Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, якія накіраваны ў рэгіёны. “Цяпер у рэгіёнах і на рэспубліканскім узроўні праходзяць метадычныя нарады, саветы, якія канкрэтна ўжо глядзяць, як гэтыя праграмы будуць рэалізоўвацца на практыцы і як будуць супастаўляцца, у тым ліку з некаторымі старымі падручнікамі, якія мы па часавай прычыне не можам да 1 верасня падрыхтаваць”, — адзначыў ён.

Ігар Карпенка адзначыў, што прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу падрыхтоўцы да школы дзяцей з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў, дзяцей-сірот. “На сённяшні дзень па праграме дэмаграфічнай бяспекі 6,6 млн рублёў выдзелена на падрыхтоўку да школы дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Усяго ў нас крыху больш за 93 тысячы такіх мнагадзетных сем’яў, якія выхоўваюць амаль 279 тысяч вучняў. Дзеці-сіроты таксама не павінны быць абдзелены ўвагай пры падрыхтоўцы да школы”, — сказаў кіраўнік галіновага міністэрства.

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка заклікаў прадпрыемствы і прафсаюзы падключыцца да падрыхтоўкі дзяцей да школы.

“Павінны ўключыцца і суб’екты гаспадарання, якія па калектыўных дагаворах разам з прафсаюзнымі камітэтамі могуць аказаць дапамогу бацькам дзяцей школьнага ўзросту ў выглядзе пэўных матэрыяльных выплат і дапамогі”, — заявіў міністр.

Ігар Карпенка таксама адзначыў, што прэзідэнту даложана аб гатоўнасці аб’ектаў адукацыі да новага навучальнага года.

“У цэлым па сістэме адукацыі падрыхтоўка да новага навучальнага года вядзецца ў штатным рэжыме. Падпісана 89 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі”, — адзначыў міністр.

Ён расказаў, што ў Беларусі каля 8 тысяч адукацыйных устаноў рознага тыпу, пачынаючы ад дзіцячага сада, заканчваючы УВА, дзе вучыцца каля 2,3 млн дзяцей, падлеткаў, навучэнцаў і студэнтаў. Гэтую сістэму забяспечваюць больш за 450 тысяч педработнікаў рознага ўзроўню.

Да 1 верасня ў гэтым годзе ўводзяцца ў строй дзве школы-новабудоўлі. Адна з іх — у Мінску, другая — у Крычаве. Акрамя таго, з пачатку бягучага года ў краіне ўведзены шэсць устаноў дашкольнай адукацыі. Яшчэ столькі ж плануецца ўвесці да 1 верасня, і чатыры будуць уведзены да канца года.