Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Расійская Федэрацыя для нас была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам і саюзнікам, а блізкай і брацкай дзяржавай”

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка амаль 6 гадзін размаўляў з расійскімі журналістамі, якія задалі ў час сустрэчы з кіраўніком дзяржавы больш як 30 пытанняў. Мерапрыемства было арганізавана для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў прэс-тура ў Беларусь. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі.

Гэтае традыцыйнае мерапрыемства было арганізавана 13-ы раз і прайшло ў фармаце давернага дыялогу, да якога кіраўнік дзяржавы заклікаў у самым пачатку сустрэчы. Расійскія журналісты і блогеры падрабязна дзяліліся сваімі ўражаннямі аб убачаным у прэс-туры па Магілёўскай вобласці, а таксама цікавіліся меркаваннем прэзідэнта па шырокім спектры пытанняў.

“Галоўная мэта такіх сустрэч — збліжэнне нашых народаў, магчымасць данесці аб’ектыўную інфармацыю аб самай блізкай і, спадзяюся, самай роднай для вас зямлі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Расійская Федэрацыя для нас таксама была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам і саюзнікам, а блізкай і брацкай дзяржавай”.

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх адказах вялікую ўвагу ўдзяліў беларуска-расійскаму супрацоўніцтву, будаўніцтву Саюзнай дзяржавы, міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню, прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй, ажыццяўленню беларуска-расійскіх культурных і адукацыйных праектаў. Была закранута таксама тэматыка перагавораў, якія маюць адбыцца, з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, стварэння роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, вуглевадароднай сыравіны, магчымасцей для паставак прадукцыі, інтэграцыі ў фармаце ЕАЭС, выбараў у ЗША.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў многія ўнутраныя тэмы, у тым ліку ўзровень даходаў насельніцтва, эканамічную палітыку, развіццё сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, функцыянаванне ЖКГ, адукацыйнай сферы, спорту і турызму, будаўніцтва, перспектывы развіцця касмічнай сферы і атамнай энергетыкі, банкаўскую сферу.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні, якія тычацца яго асабістых спартыўных, літаратурных і мастацкіх схільнасцей, стаўлення да малой радзімы, адпачынку.

Прапаноўваем увазе чытачоў фрагменты размовы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з расійскімі журналістамі.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што найважнейшым напрамкам інтэграцыі Беларусі і Расіі з’яўляецца рэгіянальнае супрацоўніцтва. “У гэтым мы чарговы раз пераканаліся ў час форуму ў Мінску, куды ў чэрвені гэтага года з’ехаліся прадстаўнікі рэгіёнаў дзвюх краін. Тады на спецыяльнай выставе, як і раней у Сочы, былі ярка прадэманстраваны практычныя вынікі нашай сумеснай работы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Калі б не рэгіянальнае супрацоўніцтва, мы сёння тут з вамі не знаходзіліся б і не гаварылі б аб тым, што мы брацкія народы. Менавіта рэгіёны Расійскай Федэрацыі выратавалі брацтва дзвюх славянскіх дзяржаў”.

Удзельнікі форуму рэгіёнаў у Мінску падпісалі рэкордную колькасць пагадненняў, дагавораў, камерцыйных кантрактаў на $300 млн. Важкасць мерапрыемству надаў актыўны ўдзел у ім прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. У сваіх выступленнях лідары краін адзначылі велізарнае значэнне міжрэгіянальных сувязей і дамовіліся ўсяляк садзейнічаць іх развіццю.

“Вось чаму мы пастаянна запрашаем вас, супрацоўнікаў рэгіянальных СМІ Расіі, у Беларусь. Нам неабыякава, якой паўстае наша дзяржава ў вачах жыхароў Паволжа, Урала, Сібіры, Далёкага Усходу, Кубані — усіх краёў і абласцей вашай неабсяжнай краіны. Ад таго, што вы ўбачыце тут і як гэта паднесяце потым, у многім залежыць развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння яно мае нядрэнную дынаміку. Штогод дзясяткі дэлегацый расійскіх рэгіёнаў на чале з кіраўнікамі наведваюць Беларусь. Не менш і візітаў у адказ”.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што вытворчай кааперацыяй звязаны больш як 8 тысяч прадпрыемстваў абедзвюх краін. На тэрыторыі Расіі створана звыш 70 сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі. Расійскія кампаніі таксама рэалізоўваюць шэраг буйных праектаў у Беларусі. Напрыклад, яны заняты на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі.

“Хачу адзначыць, што мы выконваем усе дамоўленасці з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС. Адстойваем эканамічныя інтарэсы, спыняючы спробы ўвозу заходніх тавараў, што падпалі пад эмбарга. Адначасова праводзім работу па іх замяшчэнні нашай прадукцыяй. У сувязі з няпростай сітуацыяй на гандлёвых рынках прапаноўваем унесці ў прававую базу паняцце “тавар Саюзнай дзяржавы”. Гэта забяспечыла б аднолькавы доступ нашых і вашых вырабаў да нацыянальных і рэгіянальных праграм падтрымкі айчынных вытворцаў”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

“Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, — заявіў прэзідэнт. — Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб’яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе падняцца да ўзроўню нашага з вамі саюзу”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадзяне абедзвюх краін прывыклі ўжо да адсутнасці граніц паміж дзвюма дзяржавамі, аднолькавага доступу да адукацыі, паслуг аховы здароўя, адзіных падыходаў да сістэмы сацыяльных гарантый, бесперашкоднага працаўладкавання, свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства.

“Нашы моцныя саюзніцкія адносіны нязменна праяўляюцца і на міжнароднай арэне, дзе мы сутыкаемся з новымі пагрозамі і выклікамі. Сёння планету трасе ад міжусобіц, тэрарызму і ваенных канфліктаў. Не раз абмяркоўваючы гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расіі, мы дэманстравалі ў іх ацэнцы поўную згоду. Разыходжання па міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаў няма. І невыпадкова, калі размова ідзе аб ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, Беларусь і Расія выступаюць адзіным фронтам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэты няпросты час, выказаў упэўненасць прэзідэнт, беларусам і расіянам трэба трымацца разам, быць моцнымі, умець прымусіць лічыцца з сабой, разам адстойваць свае інтарэсы. “У нас ёсць ні з чым непараўнальная каштоўнасць — мір і згода ў доме. Усімі сіламі мы абавязаны берагчы гэты здабытак. Каб за спакойнае жыццё людзей не давялося плаціць крывёй, як гэта адбываецца ў многіх мясцінах. На вялікі жаль, і ў вельмі блізкай і роднай нам Украіне. У нас з вамі агульны боль, агульная слава, агульная будучыня. І вы ніколі не будзеце ў Беларусі чужымі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Нашы дзверы заўсёды шырока расчынены для добрых людзей. Да разумення гэтага паступова прыходзяць і ў Старым, і ў Новым Свеце. Беларусь ніколі не была парушальнікам спакою ў Еўропе. Больш за тое, сёння яна з’яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. “Гэтая работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

“Апошнім часам мы часта гаворым аб тым, што трэба па-новаму адкрываць Беларусь. Не ў тым сэнсе, што мы нейкая закрытая тэрыторыя, не. Мы адкрытыя ўсяму свету, амаль 70 працэнтаў таго, што вырабляем, ідзе на экспарт. Па гэтых прычынах мы не можам быць закрытай краінай, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Што такое Беларусь для тых, хто тут не бываў, якія выклікае асацыяцыі? Дранікі, Белавежская пушча, добрыя дарогі, зубры, гіганцкія самазвалы, шматфункцыянальныя трактары, якасныя прадукты… Але на самай справе Беларусь значна больш цікавая і багатая”.

“Можна шмат расказаць пра яе прыроду, мастацтва, традыцыі, знакамітых беларусаў, новыя прадпрыемствы і сучасныя тэхналогіі. Аб тым, як мы захоўваем гістарычную памяць і чаму вучым сваіх дзяцей. Мы хочам, каб вы ўсё гэта бачылі на ўласныя вочы, — адзначыў прэзідэнт. — Мне прыемна, што на гэты раз удзельнікі вялікага расійскага прэс-тура наведалі, як прынята гаварыць, маю малую радзіму, азнаёміліся з Магілёўскай вобласцю, дзе пачыналася мая працоўная біяграфія”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел як журналісты, якія ўжо не раз бывалі ў Беларусі, так і новыя асобы. Прысутнічалі ў зале і інтэрнэт-блогеры. “Хачу падзякаваць вам за імкненне ўнесці свой уклад у развіццё дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Гэтаму садзейнічае аб’ектыўнае, праўдзівае адлюстраванне вамі ў сродках масавай інфармацыі таго, што адбываецца на беларускай зямлі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне “Што было зроблена ў Саюзнай дзяржаве за 20 гадоў?”, прэзідэнт адзначыў: “Зроблена нямала. Ёсць пэўнае тармажэнне, і за гэта мы атрымліваем з вашага боку крытыку, але гэтаму ёсць і аб’ектыўныя прычыны. Вельмі рамантычныя мы, напэўна, былі 20 гадоў назад, а калі пачалі прапрацоўку канкрэтных пытанняў, то аказалася, што ўсё не так проста. З’явілася шмат груп уплыву, ды і ў дзяржаў з’явіліся нейкія розначытанні. Спадзяюся, што нам удасца, можа, не ў найбліжэйшы час, а ў сярэднетэрміновай перспектыве, у гэтым напрамку зрабіць дадатковыя крокі”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія прайшлі пэўны шлях, але многага зрабіць так і не ўдалося. “Калі мы не стварылі адзіны парламент, адзіны ўрад, да чаго некалі імкнуліся, і гэта прапісана ў дагаворы, не прынялі на рэферэндуме адзіную Канстытуцыю, а мы павінны былі гэта зрабіць, то Беларусь не з’яўляецца прычынай гэтага”, — растлумачыў ён.

Пры гэтым беларускі лідар нагадаў аб поспехах у беларуска-расійскіх адносінах: аб свабодным перамяшчэнні людзей і капіталу, аб узгодненай знешняй палітыцы, аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы. “У большасці выпадкаў мы працуем па адзіных нормах, правілах і законах. Акрамя таго, мы навучыліся абараняць сваю Айчыну, як мы часта гаворым, у Беларусі мы толькі так гэта разумеем, адзінымі ўзброенымі сіламі. Вы ведаеце, што ў рамках дагавора аб калектыўнай бяспецы, а яшчэ раней — па дагаворах і пагадненнях з Расіяй, мы тут, на заходнім напрамку, у альтэрнатыву НАТА стварылі адзіную беларуска-расійскую групоўку, аснову якой складае 70-тысячная армія Узброеных Сіл Беларусі. Гэта, па прызнанні натаўцаў, лепшая ў СНД абучаная і добра ўзброеная армія, якая сёння знаходзіцца наперадзе, на перадавым фронце, як раней гаварылі, і абараняе нашы сумесныя рубяжы”, — расказаў прэзідэнт.

Гаворачы аб ахове здароўя і адукацыі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзвюх краінах практычна адзіныя стандарты. “Няма ніякіх праблем, вы можаце прыязджаць да нас на лячэнне, мы можам ехаць у Маскву, Санкт-Пецярбург або любы іншы горад. Папросту можам атрымліваць адукацыю — у нас створана некалькі сумесных універсітэтаў. У нас амаль аднолькавыя праграмы сярэдняй школы, ды і ў ВНУ таксама, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. А дзе-нідзе мы нават апярэджваем вас у плане патрыятычнага выкладання таго ці іншага матэрыялу, у нас не было такіх шараханняў, як мы назіралі ў Расіі ў плане вывучэння айчыннай гісторыі. Мы ніколі пад ногі не кідалі гісторыю, не знішчалі помнікі, не пераймяноўвалі вуліцы — так было ў гісторыі нашай краіны, значыць, так павінна застацца. Жыццё з цягам часу ўсё расставіць на свае месцы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Расказваючы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што планавалася прыцягнуць у саюз і Украіну. “Мыслілася на траіх. Тады. Але атрымалася, як атрымалася”, — растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апасаецца дэзынтэграцыі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза.

“Спад тавараабароту на 30—40 працэнтаў у Еўразійскім эканамічным саюзе — гэты факт гаворыць сам за сябе: значыць, тут нямала праблем. І аб гэтым гавораць усе прэзідэнты. І калі ў найбліжэйшы час мы не выпрацуем нармальны план выхаду з гэтай сітуацыі, баюся, пачнецца нейкая дэзынтэграцыя, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, каб не адстаць, неабходна ўдасканальваць створанае. “Нядаўна прэм’ер-міністры сабраліся ў Маскве і дапрацавалі новы Мытны кодэкс, прадставілі яго на зацвярджэнне кіраўнікам дзяржаў. Але ж мы некалі ўжо стварылі Мытны кодэкс, і гэта галоўны дакумент у мытным, ды і ў эканамічным саюзе. Чаму мы раптам праз некалькі гадоў распрацавалі новы дакумент? Таму што ўбачылі, што цяперашні ўжо не адпавядае рэаліям, якія сёння існуюць”, — растлумачыў прэзідэнт.

“Мы па многіх напрамках рушылі быццам бы наперад, але арганізацыя (Еўразійскі эканамічны саюз.Заўв. БелТА.) яшчэ не ўстаялася, не прыстасавалася да гэтага жыцця, і, напэўна, калі мы бачым нейкія недахопы, нам трэба іх своечасова пераадольваць натуральным шляхам, а ні ў якім разе не разгортваць гандлёвыя войны, якія паміж намі пастаянна ўспыхваюць. Ёсць яшчэ шмат белых плям, якія трэба запаўняць, але з-за розных інтарэсаў нашых дзяржаў не ўдаецца. Мы ўсё гэта можам пераадолець пры жаданні”, — упэўнены прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў у час сустрэчы, што адносна невысокая зарплата ў Беларусі кампенсуецца таннасцю паслуг, і прывёў статыстычныя даныя па сярэдняй заработнай плаце ў Расіі і Беларусі, суаднёс гэтыя паказчыкі з коштам паслуг. Так, цяпер зарплата работнікаў у Беларусі набліжаецца да $400, у Расіі яна ў 1,5 разу большая. Але пры гэтым за жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтва Беларусі плаціць значна менш, чым у Расіі, Украіне, еўрапейскіх краінах. У прыватнасці, аплата за кубаметр вады ў Мінску — 15 цэнтаў (у рэгіёнах рэспублікі — яшчэ ніжэй), а ў Маскве — 53 цэнты, у Санкт-Пецярбургу — 41 цэнт, у Смаленску — 36 цэнтаў, у Кіеве — 27 цэнтаў, у Берліне — $2,5. Прыблізна такая ж карціна і з коштам для насельніцтва іншых ЖКП (па каналізацыі, гарачым водазабеспячэнні, цеплазабеспячэнні, тэхнічным абслугоўванні, карыстанні ліфтам). Акрамя таго, у Беларусі захоўваецца бясплатная адукацыя (амаль 90 працэнтаў студэнтаў ВНУ вучацца за кошт бюджэту), ахова здароўя.

“Можна чалавеку даць двайную зарплату, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэтую зарплату зможа купіць — пытанне”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і прадукты ў Беларусі былі б значна таннейшыя, калі б не падганяў расійскі рынак.

“У нас шарлатанства ў эканоміцы няма, мы лічым кожную капейку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Калі дазволіць шарлатаніць і некаму набіваць кішэні, то людзі на прадпрыемствах застануцца без работы.

“Як складваецца сёння ў эканоміцы сітуацыя, так мы і жывём. Хоць калі ўзяць у цэлым сацыяльны пакет, то мы абсалютна не горш жывём, чым іншыя”, — адзначыў прэзідэнт.

“Мы не скінулі праблемы на плечы людзей. Калі падняць зарплату і скінуць на іх і ЖКП, і адукацыю, і ахову здароўя, то людзі не выцягнуць. Мы на гэта пайсці не можам”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

“У будучым годзе мы наблізімся да гэтай лічбы або выйдзем на $500. Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на $500”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аднак для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. “Прадукцыйнасць працы — перш за ўсё, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Няма прадукцыйнасці працы — якая зарплата? Але трэба і прыватныя, і дзяржаўныя бізнес і кампаніі падштурхоўваць, каб яны займаліся гэтым пытаннем”.

У час размовы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні развіцця ў краіне сферы ЖКГ.

“Лічу, што нельга гэтую сферу, прынамсі, цяпер і ў найбліжэйшай будучыні, падзяліць на кускі і прыватызаваць. Там бізнес не атрымае жаданых вынікаў, калі працаваць сумленна і пад кантролем, а тое, што трэба пад кантролем трымаць усе гэтыя праблемы, вы добра разумееце, таму што гэта тычыцца кожнага — і журналіста, і настаўніка, і ўрача”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. “Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30 працэнтаў кошту паслуг ЖКГ, а 70 працэнтаў кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў аказалася, што насельніцтва пакрывае 52 працэнты. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў робіцца. Хто іх кантралюе?” — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.

“МВФ патрабуе сёння 75 працэнтаў, а заўтра 100 працэнтаў павінна насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ, тады яны дадуць крэдыт. Добра, сёння 100 працэнтаў зробім, а заўтра будуць дзікія неплацяжы, людзі проста не змогуць заплаціць. І гэтым самым пачнём знішчаць тых, хто аказвае паслугі. Таму тут трэба ісці вельмі акуратна”, — лічыць прэзідэнт.

Ён нагадаў аб рашэнні кожны год паднімаць кошт ЖКП не больш як на $5 у эквіваленце. “У будучым годзе я дакладна ведаю, і народ ведае, што жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць на $5. Тады будзе не 52 працэнты, а, можа, 58 працэнтаў пакрыццё. І вось так, павольна, мы будзем ісці. І калі раптам адбудзецца нейкі нечаканы абвал, інфляцыя і іншае, мы палічым — і прэзідэнт указам зацвердзіць. І ніякага шарлатанства тут быць не павінна і не будзе”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыкладзе Мінска адпрацоўваецца новая сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі. “Мы ў немцаў нешта падгледзелі, у іншых. Бачым, што ў немцаў паслугі па некалькіх дамах аказвае хаус-майстар — адзін прафесійны чалавек. Кожны чалавек у доме ведае, у каго запытаць. Ён адказвае за гэты дом. Цяпер мы вядзём гэтую рэформу, паглядзім, што атрымаецца, і распаўсюдзім некаторыя элементы на ўсю краіну. Трэба выпрацаваць сістэму і парадак”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў расійскім журналістам сваю пазіцыю па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі краіны.

“Мы штучна, агулам, як вы зрабілі некалі, не разбураем ні сельскую гаспадарку, ні прамысловыя прадпрыемствы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі, дапусцім, ёсць добры прыватнік, які гатовы ўзяць калгас, саўгас па-старому, — калі ласка. І ў нас ужо амаль чвэрць сельскай гаспадаркі прыватная. Але мы яе на кускі не парэзалі, як у вас у некаторых месцах”.

Трэба прыкладна 15 тысяч га, каб прымяніць энерганасычаную тэхніку, атрымліваць нармальны прыбытак і ўпэўнена адчуваць сябе на рынку. “Якая будзе акупнасць, рэнтабельнасць на 10 гектарах? Ніякай!” — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І калі б мы падзялілі на кускі гэтую зямлю, мы проста яе загубілі б, яна зарасла б бур’яном. А мы цалкам, калі ёсць жадаючыя, прадавалі гэты калгас. Прытым за малыя грошы. Дарэчы, расіяне многія купілі латыфундыі ў Беларусі”.

“І калі заходнікі да нас прыехалі, я іх прымаў, фермеры і іншыя, немцы толькі захапляліся: “Вось бы нам такое!” Я гавару: “Бог з вамі, вы ж нас вучыце, як працаваць у вёсцы”. А яны: “Не зрабіце так, як у нас”. Хіба на 30—50 гектарах можна працаваць? Вось яны і ходзяць, просяць датацыі пастаянна. Гавораць: “Нам бы такія масівы — была б высокарэнтабельная сельская гаспадарка”, — прывёў прыклад прэзідэнт.

“Таму нельга тут бяздумна ажыццяўляць гэтыя рэформы і праводзіць агулам. Трэба гэта рабіць акуратна, разумна, на пульсе трымаць руку, каб не было карупцыі і несправядлівасці”, — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Гэтак жа мы рабілі і ў прамысловасці, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі кульгае нейкае прадпрыемства і ёсць добры інвестар, які гатовы выканаць нашы ўмовы, — калі ласка, прыходзь і працуй. Але мы перад табой ставім умовы. Першая ўмова — людзей на вуліцу не выганяць, зарплата вось такая, падаткі вось такія. Дамовіліся? Працуй! І ён ведае, што ён пад кантролем”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць галоўным пры прыняцці тых ці іншых дзяржаўных рашэнняў прынцып справядлівасці, падкрэсліваючы недапушчальнасць крыўдзіць людзей.

“Вось некаторыя кажуць: беларусы — патрыёты. Пытаюцца: “Як вы патрыятызм выхоўваеце?” Ды ніяк не выхоўваем. Патрыётам заўсёды будзе чалавек у той краіне, дзе ён будзе лічыць, што гэта яго зямля, і ён будзе шчаслівы, што яго дзеці будуць жыць на гэтай зямлі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“А для гэтага трэба стварыць справядлівае грамадства, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я не скажу, што мы яго ўжо стварылі. Але мы да гэтага імкнёмся. Галоўнае — гэта справядлівасць. Нельга крыўдзіць людзей. Калі чалавек будзе пакрыўджаны на ўладу і на парадкі ў краіне, ён ніколі не будзе патрыётам. Што яму абараняць, што ён губляе, калі раптам штосьці здарылася? Вось аснова гэтага патрыятызму. Усё — у простым”.

“Нам (у Беларусі і Расіі.Заўв. БелТА.) трэба цяпер паглядзець на вельмі важныя пытанні, якія патрэбны для нармальнага жыцця чалавека, тады ён будзе патрыётам і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас не перавернуць. Але калі мы не будзем гэтым займацца, то нас без каляровых рэвалюцый народ скіне пры той шалёнай дэмакратыі, якая сёння ў свеце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра складаныя часы, калі ў Савецкім Саюзе былі недаступны многія тавары, напрыклад, пральны парашок. “Трэба займацца жыццёвымі пытаннямі і, выправіўшы памылку Савецкага Саюза, забяспечыць насельніцтва ўсім неабходным”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь сёння поўнасцю забяспечыла харчовую бяспеку, хоць яшчэ гадоў 20 назад з гэтым былі праблемы, адзначыў прэзідэнт. “Помню даклад мне: “У Мінску засталося на 3 дні мукі, хлеба не будзе”. Гэта была першая задача, якую мне давялося вырашаць у Мінску. Тады я даў сабе слова, што я ўсё зраблю, каб накарміць беларускі народ, каб людзі не цялёпкаліся з гэтымі талончыкамі, каб, як жабракі, купіць кавалак масла або булку хлеба”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова кааперавацца з расійскімі рэгіёнамі ў плане вытворчасці, каб не дапусціць дэфіцыту якіх-небудзь тавараў. “Калі вы хочаце штосьці зрабіць — прыязджайце, мы гатовы разам з вамі рабіць, прытым па цане ніжэйшай, чым вы самі для сябе гэта зробіце. Мы гэта прадэманстравалі ўжо, не трэба ніякім жулікам нічога плаціць — мы вам зробім гэта за паўцаны. Мы хочам, каб вы атрымлівалі дастаткова прадуктаў харчавання і каб мы канчаткова не загубілі вытворчасць адзення, абутку”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што і сам на сустрэчы апрануты ў беларускі касцюм. “Я лічу, што ў Беларусі павінны вырабляць нармальнае адзенне”, — сказаў ён.

Час нафты і газу адыходзіць, будучыня — за найноўшымі тэхналогіямі, выказаў меркаванне Прэзідэнт Беларусі.

Менавіта найноўшыя тэхналогіі стануць крыніцай багацця ў далейшым, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, укараняе высокія тэхналогіі ва ўсе сферы жыцця, развіваючы атамную энергетыку, касмічныя тэхналогіі. “Яны ў нас і ў ахове здароўя, і ў адукацыі — усюды”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы згадаў унікальную аперацыю, якую правялі нядаўна беларускія хірургі па перасадцы комплексу “сэрца — лёгкія”. “Усюды мы патроху робім штосьці новае, каб на ім выхоўвалася будучыня”, — сказаў прэзідэнт.

Не абышоў прэзідэнт у размове з расійскімі журналістамі і пытанняў сітуацыі ва Украіне.

“Калі два бакі дамовяцца і ўбачаць ролю Беларусі, мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір. Калі вы хочаце, каб мы правялі мясцовыя выбары (прытым сумленна, абсалютна сумленна), пра якія столькі гавораць, — мы гатовы гэта арганізаваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы хочаце навесці парадак на 400 км граніцы паміж Украінай і Расіяй — калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце — самі мы не палезем туды”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба лічыць беларусаў пабочнымі людзьмі, якія проста павінны назіраць за канфліктам. “Гэта ж не Сірыя. Мы сёння на граніцы ловім адмарозкаў з боепрыпасамі. Больш за тое, з Беларусі, няхай мізэрная колькасць, але хтосьці ваюе на баку апалчэнцаў, хтосьці ваюе на баку ўкраінцаў. А яны куды вяртаюцца? У Беларусь. Так, мы іх кантралюем, але гэта грошай каштуе. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу: “Мы гатовы працаваць толькі для таго, каб гэтая сітуацыя ўстаканілася і ўціхамірылася. Там патрэбен мір. Мы свае прапановы і Захаду ўносілі — яны ў нас пыталіся. Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін.Заўв.БелТА.) ведае нашы прапановы. Маўчаць. Значыць, ім не хочацца, каб у гэтым рэчышчы развіваліся падзеі. Асабліва Захад. Мы ім яшчэ ў пачатку канфлікту гэтыя прапановы ўнеслі — цішыня. Значыць, ім не патрэбен мір ва Украіне. Мы гатовы ўключацца і вырашаць задачу ва Украіне, нават калі з першага погляду яна нам не патрэбна і не выгадна. Потым усё роўна гэта і нас закране. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не Сірыя, якая знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў. Гэта ля нашага парога”.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы, расіяне, украінцы — родныя адно аднаму людзі. “Ці ж нам сёння біцца? Гэта ж трэба было колькі грошай затраціць, гэта трэба было як марыць, каб сутыкнуць нашы народы! Вядома, ніхто не хоча ўплыву Расіі — трэба яе прыцягнуць недзе да канфліктаў, перш за ўсё ва Украіне. І ніякае кіраўніцтва ЗША, Еўрасаюза ад гэтага не адыдзе. Ім не патрэбна моцная ні Расія, ні Беларусь. Украіна таксама. Вось і выкарыстоўваюць. Але ж нам трэба галаву на плячах мець і рабіць нейкія крокі. Мне здаецца, мы можам штосьці прыдумаць, каб там пачаўся адваротны працэс”, — упэўнены беларускі лідар.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: “Мы не рвёмся ў нейкія міратворцы або пасрэднікі. Я гэтага цярпець не магу. Я не цярплю пасрэдніцтва, а па-чалавечы, па-мужчынску, па-братэрску мы гатовы падключыцца там, дзе трэба”.

Захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне — гэта святое, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў.

Нават расіянам варта павучыцца ў беларусаў стаўленню да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, сказаў прэзідэнт. У Беларусі няма недагледжаных помнікаў, нават калі гэта створаныя па ініцыятыве вяскоўцаў саматужныя аб’екты. Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад помніка ў Александрыі, які быў устаноўлены яшчэ ў савецкія гады па ініцыятыве калгаса. Мінула шмат гадоў — і стан помніка жанчыне, якая страціла на вайне дзяцей, на долю якой выпаў вялікі цяжар тых гадоў, пакідае жадаць лепшага, але заўсёды тэрыторыя каля аб’екта дагледжаная, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Там заўсёды парадак. Чаму? Таму што кожнае дзіця ў школе ведае, што два-тры разы ў год трэба прыйсці, навесці парадак вакол гэтых помнікаў. Гэта памяць. Як мы ставімся, так і да нас будуць ставіцца потым нашы дзеці і нашы ўнукі. Таму гэта святое, у нас няма дыскусій у грамадстве па гэтым пытанні. Мы ніколі не ставілі яго пад сумненне”, — сказаў прэзідэнт.

“Перш чым крамсаць мінулае, трэба паглядзець на сучаснае. Не трэба кідаць камяні ў мінулае. Мы гэтага не робім, таму што яно неадназначнае”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гісторыю часта пад палітыку нахілялі. Гэтага ў Беларусі ўдалося пазбегнуць. “Я, калі стаў прэзідэнтам, адразу сказаў інтэлігенцыі: “Вы пад мяне не падстройвайцеся і гісторыю пад мяне не пішыце”, — адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, не трэба інтэлігенцыю ламаць аб калена: прыйшоў адзін кіраўнік — яна спявае адно, прыйшоў новы — яна пачынае спяваць іншае. “Я лічу, гэта знявага інтэлігенцыі. Нельга гэтага рабіць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Створаную пакаленнямі гісторыю трэба перадаць дзецям і ўнукам у тым выглядзе, якая яна ёсць, не перапісваючы. Гісторыя не ідэальная — ідэальнага нічога няма. Проста трэба спрабаваць убачыць яе аб’ектыўнай, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць Беларусь самай свабоднай краінай у плане інтэрнэту.

“Мы самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту, і калі ў нас спрабавалі праз інтэрнэт здзейсніць каляровыя рэвалюцыі, мне многія гаварылі, што яго трэба закрыць. Але я сказаў, што трэба на гэтых сайтах, гэтых старонках змагацца з імі іх жа метадамі. І мы не закрылі, не абмежавалі нікога, а ў сацсетках працавалі як належыць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Інтэрнэт — гэта вельмі добра, але ён з вялікімі недахопамі. Павуціна вялікую прыносіць карысць у плане стасункаў і гэтак далей, але і вельмі вялікія ёсць адмоўныя моманты”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу негатыўнага ўплыву інтэрнэту прэзідэнт прывёў арганізацыю ўзрыву ў мінскім метро некалькі гадоў назад. “Быў адзіны тэракт, калі беларус, з Віцебска родам, з інтэрнэту ўсё атрымаў, стварыў узрыўное ўстройства, у метро аднёс і ўзарваў для таго, каб, ведаеце, палюбавацца або паказаць сябе. Але мы пасля гэтага ўсё роўна інтэрнэт не закрылі. Працаваць трэба. Значыць, недзе мы не дапрацоўваем”, — сказаў беларускі лідар.

Ён таксама прызнаўся, што сам вельмі акуратна ставіцца да інтэрнэту, таму што для яго кніга, друкаванае слова — гэта святое. “І калі інтэрнэт пачынае зацягваць поўнасцю, калі многія людзі становяцца залежнымі па розных напрамках, мяне гэта вельмі хвалюе і насцярожвае”, — заўважыў прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у яго няма старонак у сацыяльных сетках, ён не з’яўляецца інтэрнэт-залежным чалавекам. Акрамя таго, ён кантралюе, колькі часу ў сетцы праводзіць яго малодшы сын.

Журналісты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, як у краіне ўдаецца забяспечваць міжканфесійны мір і якія меры прымае дзяржава, каб не дапусціць канфліктаў на рэлігійнай глебе.

“У нас няма гэтай праблемы. Нават не магу сказаць, што мы робім для таго, каб так было. Мы проста жывём. Жывём як адзіны народ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што тычыцца рэлігіі, лозунг адзін: кожны знойдзе сваю дарогу да свайго храма”.

Прэзідэнт прывёў у прыклад нядаўняе адкрыццё Саборнай мячэці ў Мінску. Хоць у Беларусі пражывае не такая вялікая колькасць мусульман, як праваслаўных або католікаў, яны таксама з’яўляюцца грамадзянамі краіны. “І я для іх таксама прэзідэнт. Яны ніколі ніякіх праблем нам не стваралі. У нас з імі ідэальныя адносіны, як з католікамі і праваслаўнымі. Я вельмі акуратна і ўважліва назіраю за тым, як начальнікі, чыноўнікі і духоўныя асобы ставяцца да іншай веры. Я трымаю гэта на асаблівым кантролі. Улада павінна падкрэсліваць: усе маюць аднолькавыя правы. І ў нас гэта сапраўды так”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў краіне не існуе прадузятага стаўлення і да якіх-небудзь нацыянальнасцей. “Каб быў міжнацыянальны мір, не трэба падкрэсліваць, што ты яўрэй, паляк, башкір або татарын… Усе людзі аднолькавыя”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне “На якія сферы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі трэба звярнуць асаблівую ўвагу?”, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў першую чаргу гэта сферы, якія звязаны са звычайным жыццём людзей. “Харчаванне, адзенне, спакой, бяспека — усё, што вакол чалавека, — гэта галоўнае. Таму што іншыя — абараназдольнасць і г.д. — так, гэта важна, гэта адна з асноўных сфер нашага супрацоўніцтва, але давайце гаварыць шчыра: ніхто на нас нападаць заўтра не будзе, і паслязаўтра таксама, ведаючы, што мы можам адказаць. А вось не ўпусціць бы нам за гэтымі вялікімі нібыта праблемамі звычайнае жыццё, каб не паўтарыць памылкі мінулага, — гэта я лічу галоўным”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной важнай сферай, паводле слоў прэзідэнта, з’яўляецца эканоміка. “Вось часта кажуць, што Лукашэнка хоча выгады. Як быццам Пуцін ад чагосьці выгады не хоча?! Ды ніколі расійскае кіраўніцтва не будзе рабіць штосьці сабе на шкоду. Так, могуць зрабіць сёння штосьці на шкоду, бачачы заўтра плюсы. Дурняў у расійскім кіраўніцтве няма, там усё лічыцца і падлічваецца, ды яшчэ як. У вас жа там і лабіраванне ідзе — ад прыватнага бізнесу, адтуль узнікаюць гэтыя спрэчкі па таварах народнага спажывання”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і звярнуў увагу, што расійскія журналісты мелі магчымасць азнаёміцца з беларускімі прадуктамі і пераканацца ў іх якасці. “Мы ДАСТы захавалі, а вы замянілі іх нейкімі тэхнічнымі рэгламентамі. І калі вашы вытворцы не могуць з намі канкурыраваць па якасці ды яшчэ і па цане, тады ідуць ва ўрад і пачынаюць там скардзіцца, што Лукашэнка несвоечасова і не туды паставіў”, — заўважыў беларускі лідар і дадаў, што пасля гэтага Рассельгаснагляд і Расспажыўнагляд пачынаюць шукаць падставы забараніць пастаўкі беларускіх прадуктаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што практыка паводзін на рынках, якая ўжо выпрацавана, не заўсёды вытрымліваецца. “Але ж мы тады проста пойдзем на іншыя рынкі. Сёння не далі нафту — мы яе возьмем, няхай крыху даражэй, у іншых краінах. А які нас інтарэс тады будзе звязваць з Расіяй? Фундамент любых адносін — эканоміка. Калі мы эканамічна павязаны, ніхто нас не разарве. Паспрабавала Украіна разарваць — што атрымалі? Ні вам, ні нам гэта не трэба. Паводзіць трэба сябе цывілізавана — і нам, і вам”, — канстатаваў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе такія пытанні вырашальныя. “Галоўнае пытанне — гэта жыццё людзей, іх бяспека і забеспячэнне. Гэта для нас вельмі важнае пытанне, і мы яго павінны вырашыць. Пасля і астатнія пытанні — і космас, і абарону, і ВПК — будзем вырашаць паступова. Людзі есці хочуць кожны дзень, яны хочуць карміць сваю сям’ю, сваіх дзяцей, яны павінны быць цёпла апрануты зімой. Над гэтым мы павінны працаваць, бачачы, вядома, і стратэгічныя пытанні”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

(Па матэрыялах БелТА.)