Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сапраўдная любоў да Айчыны — стваральная”

- 13:55Інфармацыйная гадзіна

Беларускі народ перажыў нямала бед і няшчасцяў, але ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на свяце “Александрыя збірае сяброў”.

“Нездарма кажуць, што рай для кожнага чалавека там, дзе знаходзіцца яго сэрца. Не толькі маё, але і сэрцы ўсіх, хто тут сабраўся. Маё сэрца канчаткова і беспаваротна аддадзена гэтай зямлі і гэтым людзям. Усім белару­сам. Нашаму мудраму і моцнаму народу. Народу, які за многія стагоддзі сваёй гісторыі перажыў нямала бед і няшчасцяў, але ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. Народу, які выдатна ведае цану словам і справам. Які выпакутаваў права жыць у сваёй дзяржаве і самастойна выбіраць і вызна­чаць сваю будучыню”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што 2020 год завяршае трылогію малой радзімы. “Азірніцеся вакол. Паглядзіце, колькі добрага, патрэбнага зроблена намі на гэтай роднай зямлі. Успомніце, якой яна была яшчэ два-тры гады назад. А пяць, дзесяць, чвэрць стагоддзя? Ваша вялікая заслуга ў тым, што ўжо не адно пакаленне беларусаў расце ў паспяховай, чыстай, мірнай і прыгожай краіне. Краіне, якую стварылі мы з вамі практычна з нуля, на абломках вялікай імперыі, імя якой — Савецкі Саюз”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта было нялёгка, нешта атрымалася на выдатна і нават лепш, чым некалі ўяўлялі, нешта — на добра, а над нечым трэба яшчэ нямала папрацаваць. “Мы з вамі дакладна ведаем: каравай свежага, духмянага, натуральнага хлеба — гэта вынік доўгай, упартай і карпатлівай працы. І ніяк інакш. Так і ў дзяржаве. Працаваць на вынік, аб’ядноўвацца перад любымі выпрабаваннямі, пераадольваць усе цяжкасці — вось адзіны спосаб стварыць найлепшую будучыню для сваёй краіны і свайго народа. І — абавязкова — толькі ўсім разам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт успомніў, як гаварылі ў савецкі час: перш чым спытаць, што Радзіма зрабіла для цябе, спытай, а што я зрабіў для Радзімы, свайго народа. “Сапраўдная любоў да Айчыны — стваральная. Таму давайце і ў далейшым разам будаваць нашу Беларусь справядлівай, бяспечнай і моцнай краінай. Цяпер гэта вельмі актуальна, калі ўладныя людзі спрабуюць перадзяліць свет, зламаць асновы, навязаць больш слабым свой склад мыслення і свой спосаб жыцця. І самае галоўнае: у такі час трэба слухаць сваё сэрца, яно заў­сёды пакажа самы надзейны і правільны шлях у будучыню”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, свята ў Александрыі вяртае да вытокаў нацыянальных традыцый. “У многім дзякуючы ім, гэтым вытокам, мы былі, ёсць і застанёмся беларусамі — самабытным і незалежным народам”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пад’язджаючы да канцэртнай пляцоўкі, задумаўся над пытаннем: што самае важнае, цяжкае і непрыемнае ў жыцці? “Гэта не хвароба, гэта штосьці іншае. Самае галоўнае тое, што час няўмольна рухаецца наперад. Зусім нядаўна мы з вамі праводзілі тут першае свята, а сёння — ужо больш за дзясятак на гэтай багатай, добрай зямлі, на беразе гэтай цудоўнай ракі (Днепр. — Заўвага БелТА.), якая аб’ядноўвае лёсы трох славянскіх народаў: нашых расіян, нашых украінцаў і беларусаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Рады, што мы сёння сабраліся тут разам. Паглядзелі адзін аднаму ў вочы, пагаварылі са старэйшымі і старымі таварышамі, набылі новых сяброў. Мы ўдыхнулі на поўныя грудзі летняе, напоўненае водарам мёду і спеючага калосся паветра беларускіх палёў. Мы пачулі спеў птушак, убачылі зорнае неба без гарадскіх агнёў. Мы маем магчымасць зноў паглыбіцца ў тое, што было самым звычайным у нашым басаногім дзяцінстве, але стала для многіх у сучасным свеце сапраўднай раскошай”, — заўважыў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу на тое, што такую цудоўную магчымасць вось ужо больш за 10 гадоў дае гэты народны фестываль у Александрыі з вельмі цёплай, добрай і светлай атмасферай. Паводле яго слоў, сотні тысяч гледачоў, гаспадары рамесных і фермерскіх падворкаў, беларускія і замежныя артысты, якія імкнуцца прыехаць на свята (і гэты няпросты год не стаў выключэннем), не проста сталі сябрамі, а амаль парадніліся. “Паколькі шчырая дружба, жаданне сустрэцца заўсёды былі мацнейшыя за любыя перашкоды і адлегласці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.