Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Стабільнасць дзяржавы і спакой грамадства — найважнейшыя каштоўнасці нашага народа!”

- 9:26Інфармацыйная гадзіна

9 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб актуальных пытаннях развіцця краіны.

Прэзідэнт у пачатку нарады запатрабаваў далажыць яму аб супрацоўніцтве з Расіяй, асабліва з улікам нядаўна праведзенага ў Бішкеку міжурадавага пасяджэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. “Я, зразумела, у агульных рысах знаёмы. Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзве­дзева (Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.Заўв.БелТА.), — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нас, дарэчы, палохаць пачынаюць ужо, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх цэнах. Нібыта будзеце плаціць не $150, а $200. Гэта, ведаеце, падобна да таго, што намёк усім — у Расіі перш за ўсё і ў Беларусі, што мы з’яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак”.

“Я таксама не хачу ў дэталі ўнікаць, але Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць, як у Еўропе, то за сёе-тое яму таксама давядзецца заплаціць. І цана будзе неймаверна вышэйшай, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасць рускіх людзей і расіян думаюць і разумеюць, што нашы адносіны з Расіяй — гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносін”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“У іх аснове ляжыць нешта большае. Каб ацэньваць гэтыя адносіны, трэба звярнуцца да сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі мы трэцюю частку насельніцтва паклалі, ведаеце за што. А калі некаму хочацца нагнятаць сітуацыю і чарговы раз замест вырашэння пытанняў нас папракаць, не атрымаецца”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым абазначыў, чаго менавіта хоча Беларусь у пытанні ўрэгулявання нафтагазавых адносін. “Скажу вельмі коратка і дакладна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва брацкай Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз (адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць), то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам”, — сказаў прэзідэнт.

“Калі нехта з разумнікаў там думае, што нас можна пастаянна нахіляць і ставіць на калені, гэтага не будзе”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нарада абумоўлена тымі змяненнямі ў сусветнай эканоміцы і палітыцы, якія адбываюцца апошнім часам. “Усё выразней праяўляюцца новыя тэндэнцыі ў многіх краінах, пачынаючы з ЗША і Еўропы. Іх сутнасць у тым, што на змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Калі па-народнаму гаварыць, свет нацыяналізуецца”, — сказаў ён.

У эканамічнай сферы гэта праяўляецца ў імкненні абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваіх тэрыторыях, абмяжоўваючы доступ канкурэнтам. У палітыцы ўвага больш канцэнтруецца на ўнутраных праблемах, якія набы­ваюць усё большую вастрыню і напружанасць, аб чым сведчыць усплёск пратэсных на­строяў у грамадстве і рост папулярнасці правых партый і палітыкаў. “Вы бачыце, што адбываецца ў Германіі, асабліва рэльефна гэта адлюстравана ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў”, — прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка.

“Беларусь — краіна адкрытая, экспартна арыентаваная, таму нам трэба ўлічваць новыя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць. Як яны ўплываюць на нашу эканоміку”, — сказаў ён. Прэзідэнт адзначыў, што праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. “У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым памкненням — гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак негатыўны бок такога працэсу ў тым, што цяпер сур’ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар’еры. Што насцярожвае, нашы дружалюбныя, блізкія, родныя краіны гэтым таксама не грэбуюць. Таму нам трэба знахо­дзіць шляхі пераадолення гэтых перашкод, максімальна захоўваючы традыцыйныя гандлёва-эканамічныя сувязі, шукаць новыя нішы для беларускага экспарту”.

Перад удзельнікамі нарады прэзідэнт паставіў наступныя пытанні: “Як вядзецца работа па абароне ўнутранага рынку і наколькі поўна ён насычаны якаснай прадукцыяй?”, “Які эфект ад мер па імпартазамяшчэнні?”, “Што робіцца па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця айчыннага бізнесу?”, “Як выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзервы для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць?”.

“Дакладнага аналізу патрабуе і сацыяльна-палітычная сітуацыя ў краіне. Стабільнасць дзяржавы і спакой грамад­ства — найважнейшыя каштоўнасці нашага народа!” — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны нагадаў аб неабходнасці няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй зар­платы да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.

“Калі на працягу гэтага года не будзе выканана маё заданне па $500 сярэдняй зарплаты (там ужо ёрнічаць сёй-той пачынае…), крыўдуйце самі на сябе. Мы з вамі аб гэтым ужо дамовіліся. Калі мы выйдзем на гэтую лічбу, да нас прэтэнзій не павінна быць. Ні з боку сацыяльных утрыманцаў, ні з боку працуючых, інтэлігенцыі і іншых. Кроў з носа мы павінны вырашыць гэтую праблему — забяспечыць людзей работай і сярэднюю зарплату па краіне $500”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць падтрымання строгай выканальніцкай дысцыпліны. “Сказаў — больш не паўтараю. Калі гэта Мінская вобласць, то Шапіра (старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.Заўв.БелТА.) нікому два разы не павінен гаварыць. Ні рабочаму, ні селяніну, ні ўрачу, ні настаўніку. Я ўжо не кажу аб вертыкалі ўлады”, — сказаў ён.

“Па працаўладкаванні беспрацоўных — я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) — п’яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх — адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады, аказаць дапамогу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Але людзі павінны разумець, што яны перш за ўсё павінны шукаць сабе работу, а мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — І запомніце: у якое б я месца ў раён ні прыехаў, мой памочнік вые­дзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог пасля 1 мая такія людзі будуць”.

Гаворачы аб стварэнні рабочых месцаў, прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Мінску часам на работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплуатацыйныя і амартызацыйныя расходы на якую значна перавы­шаюць кошт ручной працы. “Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсці людзі па работу, стварыць брыгады, групы, якія бу­дуць лес высадж­ваць, агароджы будаваць, фарба­ваць, прыбіраць тэрыторыю, ка­паць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх лю­дзей”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Няпраўда, што ў нас няма магчымасцей працаўладкаваць людзей, якія сёння на біржы працы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў рашэнне аб тым, што Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” адмяняць не стануць, але на працягу года не будуць спаганяць адпаведны збор.

“На працягу сакавіка, калі неабходна, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў”, — заявіў беларускі лідар.

“Я, зразумела, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю ўсялякую пісаніну ў СМІ — і апазіцыйных, і праўладных. Ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ, тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэты дэкрэт не з’яўляецца эканамічным і фінансавым. “Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна — прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта галоўнае”, — адзначыў прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў дрэннае і безадказнае выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў. “Не знайшлі там (у рабоце з насельніцтвам па выкананні дэкрэта. — Заўв.БелТА.) сваё месца і нашы дэпутаты. Прычым розных узроўняў, асабліва мясцовых саветаў”, — сказаў ён.

“Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый — гэта іх перш за ўсё работа. А кантроль — за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць. А сумленных людзей не трэба было кра­наць наогул. Мы не павінны крыўдзіць лю­дзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння па 200—500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды. Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаны, якім мы ні з таго ні з сяго паслалі гэтыя паведамленні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў да 1 красавіка вызна­чыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта № 3. “Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх — дэпутатаў мясцовых саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы. Усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і Мінску. А Адміністрацыя прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць у рамках дэкрэта № 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. “Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы”, — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

“Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!” — падкрэсліў прэзідэнт.

“І самае галоўнае — кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх саветаў павінен даць справаздачу да капейкі, на якія мэты ён патраціў гэтыя грошы. Або гэта дзіцячы сад, або дзіцячы дом, або каму-небудзь дапамаглі, купілі нешта, накармілі, напаілі і г.д. Выключна на дзяцей. І не дай бог хоць адна капейка пойдзе на іншыя мэты — рамонт дарог, кватэр”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі неабходна стварыць усе ўмовы для цывілізаванага дыялогу ўлады з грамадствам, у тым ліку ў пытанні правядзення масавых мерапрыемстваў, адзначыў на нарадзе прэзідэнт.

“У краіне павінен быць наведзены ідэальны парадак. Некаторыя заяўляюць: “Я прыходзіў на плошчу і яшчэ прыйду”. На плошчу чалавеку нельга забараніць ха­дзіць. Падключыцеся да гэтай работы, паколькі гэтая работа правалена ў Мінску, абласных, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады”, — зая­віў Аляксандр Лукашэнка.

“Але ніякай перашкоды нармальна жыць працоўным быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы “майданутыя” паехалі ў Кіеў шукаць там “майданутых” арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях.Заўв.БелТА.) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300—400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, — яны бу­дуць правакаваць. Яны знойдуць 10—20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэ­джанне. Я гавару гэта публічна”, — сказаў прэзідэнт.

“Мы павінны навучыцца весці дыялог з людзьмі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы не супраць шэсцяў, дэманстрацый. Мы і на дзяржаўным узроўні гэта праводзім (нядаўна да Дня міліцыі правялі). Людзям для выказвання сваіх меркаванняў таксама павінна быць адведзена сваё месца, як у развітых краінах Захаду. Няхай туды прыходзяць і выказваюць уласнае меркаванне, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І калі яны пазвалі туды начальніка, значыць, ён там павінен быць. І не дай бог гэтага начальніка нехта там зняважыць. Міліцыя павінна адфіксаваць такую знявагу і прыняць самыя строгія меры”.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць жорсткую адказнасць за парушэнні. “Спыняць усялякія спробы (гэта не тычыцца людзей, якія хочуць звярнуць на сябе ўвагу і якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю). Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць правакатараў. І адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона”, — заявіў беларускі лідар.

“Майдана ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма, але заўсёды трэба працаваць на далёкіх подступах да той ці іншай праблемы”, — дадаў ён.