Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Сталічная вобласць павінна быць лідарам у сацыяльна–эканамічным развіцці”

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Мінскай вобласці прадставіў новага кіраўніка рэгіёна, растлумачыў прычыны нядаўняй кадравай ратацыі і вызначыў напрамкі развіцця Міншчыны на перспектыву.

“Што тычыцца пераводу Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі на іншую работу і назначэння на чале рэгіёна Аляксандра Генрыхавіча Турчына, яшчэ раз, каб пазбегнуць усялякіх домыслаў, растлумачу прычыны такой ратацыі, — сказаў ён. — Да работы Анатоля Міхайлавіча ў мяне практычна няма вялікіх прэтэнзій. Ён праявіў сябе ўмелым, патрабавальным кіраўніком за той перыяд, які адпрацаваў. Вобласць горшай не стала. Але што радуе, намецілася тэндэнцыя да нармалізацыі сітуацыі ў самой вобласці. Аднак вырашэнне новых задач, якія стаяць перад рэгіёнам, патрабуе вялікай самааддачы, інтэнсіўнасці і энергіі. Ёсць аб’ектыўная прычына, па якой мы не можам сёння грузіць Анатоля Міхайлавіча”.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што палічыў неабходным асабіста прысутні­чаць пры прадстаўленні новага губернатара ў тым ліку і для таго, каб падзякаваць былому кіраўніку рэгіёна за работу. “Анатоль Міхайлавіч, я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы згадзіліся ў свой час узначаліць гэтую махіну, і за тую ўвагу, якую вы ўдзялялі лю­дзям. Гэта кіраўнік чалавечны і ў той жа час патрабавальны. У яго можна многаму навучыцца і цяперашняму маладому губернатару”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Калі вы думаеце, што мы вас спісваем або адпраўляем некуды на адпачынак, вы памыляецеся, — прадоўжыў ён. — Проста работа будзе больш размераная”. Плануецца, што Анатоль Ісачанка будзе выконваць абавязкі ўпаўнаважанага прэзідэнта па Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта выключны выпадак, калі былы губернатар назначаецца на гэтую пасаду ў тым жа рэгіёне.

Прэзідэнт прызнаўся, што падбор кіраўніка Мінскай вобласці — “гэта цяжкі выпадак”. “Вобласць вялікая, вызначальная сярод рэгіёнаў нашай краіны”, — сказаў ён. Выбар прыпаў на кандыдатуру Аляксандра Турчына ў тым ліку і таму, што ён раней працаваў у аблвыканкаме, добра ведае людзей і праблемы рэгіёна. “Назначаючы яго сюды, я яму сказаў пра работу з кадрамі, гэта мой прынцып: кожны чалавек павінен мець шанс. Калі нават ён учора недзе дапусціў памылку, проста кажучы, усё роўна чалавек павінен мець шанс. Калі ён гэтым шансам не скарыстаўся, што ж, тады трэба яго пасылаць на меншую работу, на пенсію, яшчэ куды­небудзь. Але хачу, каб вы разумелі: паслабленняў ніякіх не будзе. Не таму, што я патрабую або прыйшоў новы чалавек. Проста сітуацыя так вакол краіны складваецца”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў новага губернатара як чалавека, падрыхтаванага да самастойнай кіруючай пасады. “Памылак дапускаць непажадана, — папярэдзіў прэзідэнт. — Важна, што новы губернатар — “чалавек ад зямлі”, ведае і гаспадарчую, і вытворчую сферу. У яго ёсць вопыт работы на рэгіянальным, у Мінскай вобласці, і на высокім урадавым узроўні, дзе, трэба аддаць належнае, ён сябе за­рэкамендаваў. На ўсіх даручаных участках праяўляў сябе ініцыятыўным і, галоўнае, дысцыплінаваным і адказным, чаго часам не хапае асобным кіраўнікам. На новай пасадзе яму не трэба будзе траціць час, каб увайсці ў курс справы. Усе праблемы Міншчыны вядомыя”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сярод кіраўнікоў, якія ў гады незалежнасці працавалі на пасадзе старшыні Мінаблвыканкама, былі вельмі моцныя кіраўнікі. “На гэтую пасаду заўсёды назначаліся адны з лепшых. Іх ратацыя была і застаецца галоўным напрамкам дзяржаўнай кадравай палітыкі, — сказаў ён. — Мы і ў далейшым будзем прытрымлівацца такіх падыходаў, таму што кожны новы кіраўнік прыносіць у рэгіён новыя ідэі, удасканальвае з пункту гледжання свайго вопыту стыль кіравання вобласцю”.

Сталічная вобласць павінна быць лідарам у сацыяльна­эканамічным развіцці, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Мінская вобласць — важны стратэгічны рэгіён. Маё прынцыповае патрабаванне вы ведаеце — сталічная вобласць павінна быць лідарам у сацыяльна­эканамічным развіцці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ад вырашэння абазначаных вострых пытанняў залежыць не проста якасць жыцця людзей, але і ўзровень даверу народа да ўлады.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што не толькі губернатар, але і ўсе члены выканкама, актыў вобласці разумеюць ступень сваёй адказнасці. Ён павіншаваў новага губернатара з назначэннем на пасаду, пажадаў поспехаў, здароўя і ўручыў яму службовае пасведчанне.

“Усюды павінен быць парадак і дысцыпліна, — адзначыў прэзідэнт. — Так, павінна быць канкурэнцыя, але сумленная. Так, усе мы розныя. Таму нехта мае патрэбу ў дапамозе. Як чалавек нейкі, так і нейкія прадпрыемствы, арганізацыі. Толькі нельга дапускаць, каб яны, прызвычаіўшыся да гэтай кармушкі, пастаянна хадзілі і, як я кажу, нагой дзверы адчынялі ў выканкамах або ва ўрадзе. Гэта недапушчальна. Кожны павінен варушыцца”.

У пачатку свайго выступлення прэзідэнт абазначыў галоўную мэту нарады — па­ставіць задачы, якія патрабуюць павышанай увагі. “Я не прэтэндую на вычарпальны характар гэтых задач. Акцэнт будзе зроблены на самых вострых пытаннях, якія трэба будзе вырашаць пад кіраўніцтвам новага губернатара”, — удакладніў ён.

У ліку такіх пытанняў кіраўнік дзяржавы назваў праблемы ў кадравай палітыцы рэгіёна. Нягледзячы на наяўнасць рэзерву з 209 чалавек, у вобласці застаюцца 47 вакансій на пасады кадравага рэестра аблвыканкама і райвыканкамаў. Сярод іх намеснікі старшынь райвыканкамаў — начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіруючыя работнікі камітэтаў эканомікі, па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, структурных падраздзяленняў райвыканкамаў па архітэктуры і будаўніц­тве, адукацыі. “На які станоўчы вынік можна разлічваць, калі на гэтых участках адсутнічаюць кіраўнікі? І навошта вам такі рэзерв? Трыццаць вакансій кіраўнікоў у арганізацыях сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — гэта падобна ўжо да правалу ў кадравай рабоце. Напрыклад, як можа працаваць ААТ “Вілейскі райаграсэрвіс”, калі пасада дырэктара не занята з 2015 года?” — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, толькі за гэты год па дыскрэдытуючых падставах звольнена 12 кіраўнікоў, трое з якіх былі першымі асобамі раёнаў. Усяго за пяць мінулых гадоў 69 кіраўнікоў рознага ўзроўню скампраментавалі сябе і вызвалены ад пасад, якія займалі. “Я хацеў бы звярнуць увагу новага губернатара на гэтыя праблемы і патрабую вельмі сур’ёзна навесці парадак у рабоце з кадрамі! Не будзе людзей, моцных кіраўнікоў — нічога не зможам зрабіць у вобласці і вырашыць тыя задачы, якія сёння перад намі стаяць. Тым больш што эканамічнае развіццё рэгіёна залежыць непасрэдна ад якаснага складу кіруючай вертыкалі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што амаль на трэць знізіўся аб’ём прамых замежных інвестыцый у рэгіён. “А без індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і таго больш. Вы ўсе ведаеце, што бюджэтных грошай на будаўніцтва прадпрыемстваў не будзе. Гэтыя сродкі прызначаны для людзей”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

“Сур’ёзна займіцеся замежнымі інвестыцыямі! Не выпускайце з поля зроку завяршэнне значных інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца на тэрыторыі вобласці”, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта тычыцца будаўніцтва горна­абагачальнага комплексу, завода па выпуску спецмашын, арганізацыі вытворчасці цеплаабменнікаў, электрааўтобусаў, тралейбусаў і аўтобусаў павышанай камфортнасці, фармацэўтычных субстанцый, развіцця інжынернай інфраструктуры ў “Вялікім камені”.

“Усё гэта новыя кропкі ўмацавання абласнога патэнцыялу і яго пастаноўкі на інавацыйныя рэйкі. Удзельная вага вытворчасцей пачатковых тэхналагічных перапрацовак (III—IV уклады) пакуль вельмі высокая. Доля інавацыйнай прадукцыі ў выпуску вобласці — крыху больш за 11 працэнтаў. Гэта ніжэй, чым у сярэднім па краіне, і ўсяго чацвёртае месца ў рэспубліцы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу на работу са зваротамі грамадзян.

“Па маім даручэнні Адміністрацыя прэзідэнта трымае гэтае пытанне на асаблівым кантролі. На жаль, да Мінскай вобласці ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі. Па колькасці і змесце зваротаў на сённяшні дзень можна сказаць, што службовыя асобы на месцах не ўсведамляюць у поўнай меры важнасць работы з насельніцтвам. Таму і грамадзяне, не знаходзячы разумення ў мясцовых органах улады, вымушаны шукаць справядлівасць і абарону, звяртацца ў вышэйстаячыя органы”, — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, звыш 70 працэнтаў пытанняў, што паступаюць з Мінскай вобласці ў адрас кіраўніка дзяржавы, Адміністрацыі прэзідэнта, Савета Міністраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, — гэта пытанні, якія могуць і павінны своечасова вырашацца на месцах.

“Кожны зварот — гэта паказчык абыякавасці мясцовых органаў улады да праблем людзей. Вы ведаеце маё стаўленне да такіх фактаў і такіх кіраўнікоў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Шматлікія звароты грамадзян Мінскага рэгіёна прыцягваюць асаб­лівую ўвагу да нявырашаных праблем у сферы адукацыі, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе.

“Мной неаднаразова давалася даручэнне навесці парадак у школах. Ва ўстановах, дзе вучацца дзеці, павінны быць створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У той жа час, згодна з існуючай інфармацыяй, у шэрагу школ Мінскай вобласці ў аварыйным стане знаходзяцца цепласеткі, захламлены падвальныя памяшканні, не працуюць пажарныя апавяшчальнікі. “А гэта бяспека дзяцей! — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Неабходна звярнуць увагу на работу з сем’ямі. Прымусіць, калі на тое пайшло, сем’і адказваць за ўласнае дзіця. Мы аддалі гэта ўсё на водкуп. У савецкі час так не было. Адказнасць за выхаванне дзіцяці не толькі на настаўніку, але і на бацьках. Пакуль дарослыя высвятляюць, хто павінен ім займацца — сям’я або школа, яно прадастаўлена само сабе”.

“У выніку дзяцей выхоўвае або вуліца, або інтэрнэт. А няўвага да іх вельмі дорага нам абыходзіцца (як гэта было ў Стаўбцоўскім раёне)”, — адзначыў прэзідэнт.

Акрамя таго, па­ранейшаму не вырашана праблема забяспечанасці месцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па месцы жыхарства. У дзіцячых садах Мінскага раёна не хапае амаль 5 тысяч месцаў. Аднак ужо рэалізуецца праграма па будаўніцтве школ і дзіцячых садоў. “Трэба абавязкова вырашыць гэтую праблему. Не трэба для дзяцей нечага шкадаваць. Гэта наша будучыня”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу і на безгаспадарчасць у дзіцячых установах у некаторых пытаннях. Напрыклад, няма рэгулятараў у сіс­тэме ацяплення, каб пры цёплым надвор’і стварыць камфортныя ўмовы для вучняў. Кіраўнік дзяржавы даручыў паглядзець на адпаведныя праблемы ў разрэзе краіны.

Кіраўнік дзяржавы даручыў новаму губернатару Мінскай вобласці Аляксандру Турчыну звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя пытанні, а таксама на стан спартыўных аб’ектаў (у тым ліку баз падрыхтоўкі нацыянальных каманд) і якасць работы спартыўных школ, іх аснашчэнне сучасным інвентаром і абсталяваннем. “Што тычыцца развіцця зімовых відаў спорту, мы дамовіліся аб тым, што ўсе базы для лыжных гонак, біятлона будуць забяспечаны ратракамі і снегагенератарамі айчыннай вы­творчасці”, — нагадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт у гэтым плане падкрэсліў, што заняткі спортам, у тым ліку зімовымі відамі, садзейнічаюць умацаванню здароўя і развіццю фізічнай актыўнасці моладзі. Няхватку такога выхавання відаць, у прыватнасці, на этапе адбору ў армію. “Калі дзіця займаецца зімовым відам спорту, яно ніколі хварэць не будзе”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба звярнуць увагу і на крымінагенную сітуацыю ў Мінскай вобласці. Па ўзроўні злачыннасці на адзінку насельніцтва яна займае першае месца па рэспубліцы (сярэдні ўзровень злачыннасці на 10 тысяч чалавек па краіне складае 70 злачынстваў, у Мінскай вобласці — 85).

Ёсць статыстыка зніжэння колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аднак пракуратура дакладвае, што ў шэрагу выпадкаў гэта не з’яўляецца вынікам прафілактычнай работы з сем’ямі. “Часцей за ўсё яна тлумачыцца павярхоўным вывучэннем даных і неналежным правядзеннем сацыяльных расследаванняў. Гэта значыць, інфармацыя аб праблемах у сем’ях часта ігнаруецца. Як вынік, своечасова не выяўляюцца пагрозы здароўю і жыццю дзіцяці, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Я хачу, каб вы пачулі тое, што я сказаў. Не так шмат у раёне гэтых нядобранадзейных сем’яў. Гэтыя сем’і павінны быць у вас на кантролі. І з імі размова павінна быць да двух, нават не да трох. Запатрабуйце па поўнай”.

“Мы прымалі строгія рашэнні ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі. Недапушчальна аслабляць патрабаванні да іх выканання. Лёсы дзяцей — будучыня краіны. Пытанні абароны падрастаючага пакалення павінны быць на пастаянным кантролі кіраўнікоў мясцовай улады любога рангу”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе з актывам Мінскай вобласці кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Мы стварылі першую ў гісторыі незалежную дзяржаву. Але трэба яе захаваць”.

Ён выказаў упэўненасць, што ў будучыні будуць важныя не столькі прыродныя рэсурсы, якімі валодае тая ці іншая краіна, колькі інтэлектуальны патэнцыял, узровень адукацыі. “Нафта і газ адыходзяць. Мазгі будуць галоўнымі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаўся за тое, каб да ўлады прыходзіла новае пакаленне. “Каб мы спакойна маглі, гледзячы на сваіх дзяцей, якія будуць кіраваць гэтай краінай (я не пра сваіх дзяцей гавару, мае дзеці не будуць кіраваць краінай, гэта я вам паабяцаў)… Каб нашы дзеці жылі ў гэтай краіне і радаваліся, што мы ім падарылі гэтую суверэнную і незалежную краіну”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што пэўныя сілы часам спрабуюць рознымі метадамі расхістаць краіну. “Мы гэтага не павінны дазволіць. І гэтыя парламенцкія выбары паказалі, што мы гаспадары ў краіне”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.