Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ствараць саюз не горшы за ЕС”

- 10:05Інфармацыйная гадзіна

Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць не горшым за Еўрапейскі саюз. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Калегіі ЕЭК Тыгранам Саркісянам.

“У нас дарогі назад няма. Нам трэба ўдасканальваць Еўразійскі эканамічны саюз, ствараць саюз не горшы за ЕС. У адваротным выпадку мы перад нашымі людзьмі будзем выглядаць балбатунамі”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ЕАЭС, створаным за даволі кароткі прамежак часу, дастаткова поспехаў. “Але недахопаў і праблем, якія трэба вырашаць па аб’ектыўных, суб’ектыўных прычынах, вельмі шмат. Таму напружвацца давядзецца ўсім, ад камісіі ЕЭК да прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў, каб вывесці на высокі ўзровень функцыянавання Еўразійскі эканамічны саюз”, — сказаў прэзідэнт.
У 2015 годзе Беларусь старшынствавала ў ЕАЭС і прапанавала план дзеянняў па развіцці саюза. Многія пытанні па розных прычынах не ўдалося да канца вырашыць, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Часткова гэта было звязана з ратацыяй складу ЕЭК. “Дзесьці і мы сур’ёзна недапрацоўвалі, шмат было нявызначанасці. Уступленне Казахстана ў СГА таксама налажыла свой адбітак, нам давялося адаптавацца”, — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Нягледзячы на праблемы, Аляксандр Лукашэнка з аптымізмам глядзіць у будучыню ЕАЭС. “Жыццё нас прымусіць вельмі хутка рухацца ў плане станаўлення нашага саюза, выбудоўвання той формулы, аб якой мы заўсёды гаварылі. Каб у нас, у нашых нацыянальных граніцах была сапраўды свабода: і рынкаў, і капіталу, і рабочай сілы. Каб нашы нацыянальныя праблемы не перашкаджалі развіццю агульных інтарэсаў і вырашэнню тых пытанняў, якія перад намі стаяць”, — упэўнены прэзідэнт.
Тыгран Саркісян у сваю чаргу выказаў надзею, што праведзеная работа па стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, вялікі вопыт дапамогуць надаць новы імпульс інтэграцыйным працэсам. “Каб нашы грамадзяне, наш бізнес адчулі рэальную аддачу ад іх”, — адзначыў ён. Старшыня Калегіі ЕЭК звярнуў увагу на сур’ёзныя трансфармацыі ў свеце, новыя выклікі для еўразійскай інтэграцыі. “Сумесна будзе лягчэй пераадольваць усе гэтыя выклікі, якія сучаснае жыццё нам выстаўляе”, — лічыць Тыгран Саркісян. Ён выказаў упэўненасць, што вызначаныя ў час беларускага старшынства прыярытэты не страчваюць сваёй актуальнасці, пры гэтым вельмі многае яшчэ трэба будзе зрабіць.