Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павінны быць пад’ёмнымі для народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэспубліканскім семінары “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”.
“Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У сувязі з гэтым ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года павышаюцца тарыфы на ЖКП на $5 у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва. “Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8 працэнтаў, і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10 працэнтаў. І гэта пры тым, што з лістапада ўсе аб’ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што, безумоўна, выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І нездарма будзе гэты рэзананс. Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею: вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць — сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?”
Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стапрацэнтным пакрыцці кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня. “Гэтае пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальна. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стапрацэнтную аплату. Я ўпэўнены: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт пакрыцця будзе вельмі высокім. Можа, і 90 працэнтаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі — гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур”, — сказаў прэзідэнт.
“Без навукі нельга абысціся ні ў адной галіне, і ЖКГ у гэтым плане не выключэнне. Але рэальнасць такая, што навука не ўдзельнічае ў гэтым працэсе ўжо многія гады. Гэта адзіная сфера, у якой склаўся такі стан спраў. Фактычна спецыялісты ЖКГ вырашаюць праблемы навобмацак, выкарыстоўваючы свой асабісты вопыт работы. Гэта нядрэнна, але навука павінна штурхаць нас наперад, падказваць шляхі, па якіх мы павінны ісці”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што працэсы, якія адбываюцца сёння ў галіне ЖКГ, не павінны ініцыіравацца спантанна. Кожны крок неабходна дэталёва падлічваць загадзя. “Мы не можам сабе дазволіць выкідваць грошы на сумніўныя эксперыменты. Кіраўнікам трэба ўсведамляць, што за кожны ўкладзены ў вытворчасць дзяржаўны рубель давядзецца даць справаздачу”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
“Наша багацце — людзі, кваліфікаваныя кадры. І я не магу зразумець, чаму сёння лепшыя з іх — я маю на ўвазе вучоных — не задзейнічаны ў развіцці ЖКГ. Думаю, і кіраўніцтву нашай Акадэміі навук трэба заняцца гэтым пытаннем. Гэта датычыцца ўсіх праблем: і тарыфнай палітыкі, і фінансавання, і тэхнічных мерапрыемстваў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму б не ініцыіраваць сумесныя праекты, не выкарыстоўваць асобныя прадпрыемствы ў якасці эксперыментальных навуковых пляцовак? Прыдумалі больш эканамічны кацёл — праверце яго на практыцы, вынайшлі новы матэрыял — прапануйце апрабаваць”.
“Вы, Леанід Васільевіч Анфімаў (старшыня КДК. — Заўв. БелТА.), выявілі ў камунальнікаў рэзервы зніжэння затрат па жыллёва-камунальных паслугах. Але вялікі ўплыў на іх кошт аказваюць энергетыкі. Вы глядзелі, як яны фарміруюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія ўстаноўлены ім зарплаты, за што яны ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго! І калі такія факты будуць выяўлены да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую работу. Ён быў туды назначаны, каб без ведамаснага падыходу вырашыць гэтыя пытанні, раскласці затраты свайго ведамства і зняць усё лішняе. Пакуль гэтага не адбываецца”.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не вырашана пытанне заключэння прамых дагавораў на цеплазабеспячэнне і гарачае водазабеспячэнне паміж пастаўшчыкамі (энергетыкамі) і спажыўцамі гэтых паслуг (перш за ўсё насельніцтвам). Міністэрства энергетыкі настойвае на заключэнні дагавораў паміж энергазабяспечвальнымі арганізацыямі і арганізацыямі ЖКГ раёнаў, не жадаючы працаваць з насельніцтвам з-за магчымага зніжэння эканамічных паказчыкаў. “Відавочны канфлікт інтарэсаў двух міністэрстваў з-за вузкаведамаснага падыходу. Кабякову і Анфімаву вырашыць гэтае пытанне неадкладна, адназначна, без ведамаснага падыходу”, — запатрабаваў беларускі лідар.
“Патрабую да 2020 года ўвесь ліфтавы фонд прывесці ў належны тэхнічны стан. Спасылкі на недахоп сродкаў не прымаюцца. Наш завод у Магілёве вырабляе выдатныя сучасныя ліфты. Дагаворвайцеся”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і прамыслоўцы павінны паклапаціцца аб якасці сваёй прадукцыі. “Тэхналогіі ўдасканальваюцца з кожным днём, а тэрміны, напрыклад, эксплуатацыі па-ранейшаму 25 гадоў. Можа, пара падумаць над іх павелічэннем, над павышэннем эксплуатацыйных характарыстык? Бо размова ідзе аб даволі дарагім абсталяванні, якое павінна апраўдваць сваю цану. Вы не толькі пра ўласны прыбытак павінны думаць, але і пра вырашэнне дзяржаўных задач, і пра бяспеку грамадзян”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Міністэрству прамысловасці і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях кіраўнік дзяржавы даручыў заняцца гэтым пытаннем і разам унесці рацыянальныя прапановы.
“Асабліва падкрэсліваю: бяспека нашых людзей вышэйшая за ўсё. І для прамыслоўцаў, і для камунальнікаў гэта задача нумар адзін. Работа камунальнай гаспадаркі арыентавана не толькі на стварэнне камфорту, але і на бяспеку нашых людзей. Недагледзеў, не прадухіліў — вінаваты павінен адказваць”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі штогод капітальна рамантуецца больш за 2 працэнты жыллёвага фонду, не за гарамі дасягненне жаданых 3 працэнтаў. “Нібыта нядрэнна. Аднак прыкрывацца статыстыкай не трэба, таму што асобныя негатыўныя моманты могуць звесці на нішто ўсе заслугі. Людзі павінны ведаць, што яны абавязаны рабіць сваімі рукамі і што яны павінны рабіць разам з прадстаўнікамі ЖКП і дзяржавай, і што яны не будуць рабіць наогул”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“У нас у рэспубліцы забяспечана стапрацэнтная даступнасць насельніцтва да пітной вады. У той жа час захоўваецца праблема яе якасці. 26 працэнтаў проб вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі ачысткі вады ад прымесей жалеза — 42 працэнты. Гэта апытанне неабходна вырашыць да 2025 года”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт назваў недапушчальным, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і да гэтага часу адходы збіраюцца на палях фільтрацыі. “Ёсць самыя сучасныя формы ачысткі — укараняйце. Гэтую праблему трэба было вырашаць учора. Таму сёння неадкладна трэба вырашыць гэтыя пытанні. Выкарыстоўвайце перадавы сусветны вопыт, навуку прыцягвайце, шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце”, — даручыў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, таксама актуальная ў гэтай сферы праблема замены зношаных сетак. “Ад гэтага і звышнарматыўныя страты вады. Некаторыя разумнікі ў рэгіёнах спрабуюць гэтыя страты ўключыць у сабекошт, беручы грошы і з насельніцтва, і з бюджэту. Ад гэтага ж церпіць якасць самой вады. Таму гэтую праблему таксама стаўце сабе як прыярытэтную”, — сказаў прэзідэнт.
Беларускі лідар бачыць неабходнасць у распрацоўцы доўгатэрміновай праграмы па рэкультывацыі і закрыцці палігонаў, а таксама ўкараненні новых падыходаў да выкарыстання адходаў.