Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба бліжэй да жыцця рыхтаваць студэнтаў”

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 мая ўзгадніў назначэнне рэктараў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі.

Вячаслаў Шуцілін, які працаваў першым прарэктарам БДЭУ, стаў рэктарам гэтай вышэйшай навучальнай установы. Кіраваць Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміяй будзе Віталь Веліканаў. Да гэтага часу ён быў прарэктарам па выхаваўчай рабоце Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Узгадняючы назначэнне новых рэктараў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сарыентаваў установы вышэйшай адукацыі краіны на больш практыка-арыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў, а таксама з акцэнтам на асаблівасці развіцця той ці іншай сферы ў Беларусі.

“У нас усюды недахопаў у ВНУ хапае. Трэба бліжэй да жыцця рыхтаваць студэнта. А самае галоўнае, каб яны пасля заканчэння вучобы прыходзілі туды, куды трэба — для чаго яны атрымлівалі гэтую адукацыю, а не ехалі незразумела куды і не прасіліся ўсе працаваць дзесьці там сакратарамі, рэферэнтамі і саветнікамі пасля студэнцкай лаўкі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на развіцці названых ВНУ і даў канкрэтныя даручэнні па ўдасканаленні іх работы. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу Віталя Веліканава, які ўзначаліў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, што гэта не проста ВНУ, а фактычна асобны горад: “Я калі першы раз туды прыехаў, наогул быў уражаны. Я не думаў, што ў Беларусі ёсць такія месцы”.

У апошнія гады была праведзена значная работа па абнаўленні і добраўпарадкаванні тэрыторыі сельгасакадэміі, і трэба будзе ўсё гэта падтрымліваць у належным парадку, даў наказ прэзідэнт.

У час размовы высветлілася, што ВНУ пакуль яшчэ не вярнулі вучэбную гаспадарку, як гэта абмяркоўвалася раней. Пачуўшы гэта, Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца ў сітуацыі і вырашыць пытанне ў першым паўгоддзі бягучага года. “Я так думаў, што вучгас ужо вярнулі. Але згадзіцеся, што ён патрэбны”, — заў­важыў беларускі лідар.

“Абавязкова патрэбны. У першую чаргу гэта практычная падрыхтоўка студэнтаў. Гэта сваё. І там жа і выкладчыкі, і вучоныя, ёсць база, дзе працаваць”, — пацвердзіў Віталь Веліканаў.

“У першым паўгоддзі бягучага года пытанне павінна быць закрыта. Калі там ёсць нейкія новыя супраць гэтага матывы, дык вы далажыце. Але я не бачу, якія могуць быць матывы супраць. Як вучыць студэнтаў на зямлі, на жывёлагадоўчых комплексах, калі гэтага няма свайго… І я ўпэўнены, што гэтая гаспадарка горшай не будзе ў яго”, — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца БДЭУ, нягледзячы на тое, што новы рэктар Вячаслаў Шуцілін прыходзіць з пасады першага прарэктара, Аляксандр Лукашэнка разлічвае на новы струмень у развіцці ВНУ: “Важна, каб у вас было што-небудзь сваё, і вы маглі ў гэтым універсітэце рэалізаваць абавязкова. Усё нібыта нядрэнна, але вы збоку павінны былі бачыць і недахопы гэтага ўніверсітэта”.

Прэзідэнт расказаў, што ў свой час пры наведванні ВНУ звярнуў увагу, што студэнты ў бібліятэцы вывучалі замежную эканамічную літаратуру. “І пасылаючы туды Шымава (ранейшы рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў. — Заўв. БелТА.), я яму сказаў: калісьці ты меў дачыненне да выпрацоўкі эканамічнай стратэгіі Беларусі, і нам студэнтаў трэба рыхтаваць для нашай эканомікі, а не так, як нам хтосьці там рэкамендуе”, —  адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, часта атрымлівалася так, што студэнтаў рыхтавалі ў адным напрамку, а калі яны ўжо ў якасці спецыялістаў прыходзілі на прадпрыемства, акуналіся ў нюансы айчын­най эканомікі, іх даводзілася на месцы перавучваць. “Таму яму была пастаўлена задача вярнуць адукацыю для нашай эканомікі. Спадзяюся, што вы гэта зрабілі”, — заўважыў Аляксандр Лукашэн­ка.

“Я вельмі спадзяюся, што вы недахопы бачылі і зробіце ўсё для таго, каб узняць на больш высокую ступень развіццё гэтага ўніверсітэта. І асабліва якасць выкладання. Для гэтага ва ўніверсітэце ёсць усе магчымасці”, — дадаў прэзідэнт.

Разам з тым ён звярнуў увагу і на неабходнасць выкарыстання вопыту папярэдняга рэктара Уладзіміра Шымава: “У яго вялікі вопыт работы ў сектары эканомікі, ва ўрадзе. Такіх спецыялістаў няшмат. Але вы павінны ад яго ўзяць тое, што вам трэба, і больш шырока паглядзець на развіццё гэтага ўніверсітэта. Вельмі спа­дзяюся, што так і будзе”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на некаторыя асаблівасці студэнцкага асяроддзя. “Не забывайце, студэнты заўсёды ў нас ужо не тое што парахавая бочка, — нам проста пашанцавала, што ў нас студэнты ў ВНУ не такія, як недзе. Прыстойныя, добрыя людзі. Але, тым не менш, гэта свабодалюбівыя, свавольныя лю­дзі. Таму з імі трэба працаваць. І дзве палітычныя кампаніі — яны проста як лакмусавая паперка пакажуць, як вы там спрацуеце. А без вас нікуды”.

“У сельгасакадэміі, напэўна, я дакладна пабуду. Ва ўніверсітэце, можа, у наступным годзе. Поспехаў вам!” — рэзюмаваў беларускі лідар.