Для Беларусі ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 чэрвеня на сустрэчы з міністрамі замежных спраў і кіраўнікамі нацыянальных дэлегацый краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы.
“Знешняя палітыка нашай краіны заснавана на шматвектарнасці і міралюбнасці. Мы імкнёмся выбудоўваць дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі. Для нашай краіны ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Аднак, заўважыў прэзідэнт, ёсць пэўныя сілы, якія прадаўжаюць спробы адрадзіць блокавую палітыку мінулага. “Хто, як не мы, прадстаўнікі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, разумеем, да якіх разбуральных і катастрафічных наступстваў яна можа прывесці”, — сказаў беларускі лідар.
Нагадвае пра гэта і дата 22 чэрвеня. Роўна 76 гадоў назад Беларусь апынулася пад страшэнным ударам фашысцкай Германіі. З гэтага дня Другая сусветная вайна ўступіла ў новы, найбольш кровапралітны этап, у якім загінулі дзясяткі мільёнаў еўрапейцаў. У Беларусі гэта кожны трэці жыхар.
“Думаю, што гістарычная памяць вымушае нас асабліва цаніць мір і дабрабыт”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве (ЦЕІ) — дадатковая магчымасць для Беларусі палепшыць узаемаразуменне з Еўрасаюзам праз прыкладное супрацоўніцтва, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы разглядаем сваё старшынства як унікальную магчымасць для эфектыўнага ўключэння Беларусі ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Немалаважна, што ЦЕІ цесна ўзаемадзейнічае з Еўрапейскім саюзам, удзельнічаючы ў рэалізацыі яго розных праграм і праектаў, у тым ліку стратэгіі рэгіянальнага развіцця. Для нас гэта дадатковая магчымасць палепшыць узаемаразуменне з Еўрасаюзам праз прыкладное супрацоўніцтва”.
Акрамя таго, Беларусь лічыць сваё старшынства ў ЦЕІ спрыяльным для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння з іншымі яе краінамі-членамі.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ) разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце.
“Існуючыя рэаліі такія, што дзяржавам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці. Тым больш што гэта часам нічога не каштуе ў матэрыяльным плане. Ад нас шмат у чым залежыць, стануць нашы краіны раздзяляльнай лініяй паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном. Цяпер трэба будаваць не новыя жалезныя заслоны, а разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Толькі праз раўнапраўны дыялог і паўнацэннае эканамічнае супрацоўніцтва можна стварыць сапраўды Вялікую Еўропу, гарантаваўшы нашчадкам мір, бяспеку і працвітанне, сказаў кіраўнік дзяржавы. “Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва павінна быць нацэлена на вырашэнне менавіта гэтай, вельмі складанай, няпростай задачы”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што з першых дзён свайго існавання арганізацыя прызначана развіваць узаемавыгадныя эканамічныя сувязі паміж краінамі Еўропы пасля халоднай вайны. За чвэрць стагоддзя работы ЦЕІ даказала сваю запатрабаванасць у якасці пляцоўкі для дыялогу і супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. У першую чаргу размова ідзе аб такіх сферах, як транспарт, энергетыка, рэгіянальнае развіццё, навука і тэхналогіі. Многае робіцца па лініі адукацыі і культуры.
Беларускае старшынства, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, павінна надаць дынаміку прадметнаму абмеркаванню праблем, вырашэнне якіх неабходна для поўнай рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу краін рэгіёна. “У іх ліку сінхранізацыя планаў па пашырэнні транспартнай інфраструктуры, збліжэнне стандартаў і працэдур для паскарэння гандлёвых патокаў, развіццё лагістычных паслуг. Хацелася б, каб гэтая сустрэча міністраў замежных спраў у Мінску максімальна садзейнічала вырашэнню такіх задач”, — заявіў ён.
Беларускі лідар заклікаў удзельнікаў сустрэчы да шчырай і адкрытай размовы, падкрэсліўшы, што гатовы выслухаць усе заўвагі і прапановы.