Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба прадугледзець дзейсныя меры аздараўлення фінансавай сітуацыі як на канкрэтных прадпрыемствах, так і ў галінах эканомікі”

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Недапушчальна пастаянна перакладваць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб прапануемых новых інструментах рэструктурызацыі даўгавых абавязацельстваў у эканоміцы.

“Мы сабе не можам дазволіць пастаянна перакладваць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Нам трэба сістэмна вызначыцца з гэтым пытаннем. Неабходны больш актыўны ўдзел банкаў у гэтых працэсах. Але самым актыўным павінен быць той, хто браў грошы. Нам трэба прадугледзець дзейсныя меры аздараўлення фінансавай сітуацыі як на канкрэтных прадпрыемствах, так і ў галінах эканомікі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нараду вынесена пытанне работы з праблемнымі даўгамі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Узровень накопленай крэдытнай запазычанасці ў некаторых арганізацыях вялікі, і гэта не дае ім магчымасці эфектыўна працаваць і развівацца. Тут выяўляюцца недапрацоўкі мінулых гадоў, пралікі ў бізнес-планаванні і дарагоўля грошай у банкаўскай сістэме.

Паводле слоў прэзідэнта, толькі ў 2015 і 2016 гадах быў прыняты дзясятак рашэнняў па шэрагу прадпрыемстваў і галін на агульную суму $1,8 млрд. Былі рэструктураваны іх даўгі, прадастаўляліся адтэрміноўкі, растэрміноўкі пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдаваліся бюджэтныя пазыкі. “Тады ўрад абяцаў, што калі мы дапаможам нашым прадпрыемствам, то гэта будзе апошні раз. Патрэбны быў, з пункту гледжання ўрада, нейкі штуршок, і яны (прадпрыемствы.Заўв. БелТА.) пачнуць эфектыўна працаваць, вернуць даўгі, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Цяпер настаў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: заклінанні, стагнанні, плач”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў падрыхтаваных прапановах не бачыць адказнасці тых, хто браў даўгі. “А для тых, хто атрымліваў крэдыты і пазыкі, рашэннем прэзідэнта быў асобны пункт, хто за гэта адказвае”, — заўважыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён выказаў нараканні ў адрас кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта і КДК, у тым ліку за адсутнасць аператыўнага інфармавання па гэтых пытаннях і неўнясенне адпаведных кадравых прапаноў, рух толькі ў фарватары прапаноў урада. “Вы плецяцеся ў хвасце падзей”, — папракнуў кіраўнік дзяржавы.

“Урад і Нацбанк падрыхтавалі прапановы, якія змяшчаюць нібыта шэраг навацый. З майго пункту гледжання, гэта навацыі толькі па тэрміналогіі”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы пачуць адказы на наступныя пытанні: што прадугледжваецца зрабіць для скарачэння аб’ёмаў праблемнай запазычанасці, наколькі хутка механізм работы з праблемнымі даўгамі, які прапануюць урад і Нацбанк, дазволіць выйсці прадпрыемствам з даўгавой ямы, які эфект ад навацый будзе для рэальнага сектара эканомікі, бюджэту і банкаў.

“Чакаю дакладных адказаў на пытанні аб наступствах прыняцця прадстаўленых прапаноў”, — сказаў прэзідэнт.

Як расказаў па выніках нарады першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, у цэлым кіраўнік дзяржавы праект падтрымаў. “Мы крыху з Адміністрацыяй цяпер дапрацуем шэраг фармулёвак — тое, што звязана з распараджэннем дзяржаўнай уласнасцю. А ў цэлым прапанаваная канцэпцыя кіраўніком дзяржавы падтрымана”, — сказаў ён.

Пры гэтым сам праект указа мае агульны характар. “Мы не гаварылі аб канкрэтных прадпрыемствах, а разважалі аб стварэнні даўгавога рынку. Напэўна, ні для каго не сакрэт, і экспертная супольнасць крытыкуе ўрад за тое, што мы не ўдзяляем увагу праблеме накопленых даўгоў у рэальным сектары эканомікі, у першую чаргу дзяржаўных і камунальных арганізацый, — сказаў Васіль Мацюшэўскі. — Гэта не так. Мы вельмі ўважліва працуем з гэтым пытаннем. І гэта адзін з першых крокаў па стварэнні цывілізаванага даўгавога рынку ў Беларусі”.

Вынесены на абмеркаванне праект дакумента ў мэтах комплекснага рэгулявання пытанняў праблемнай запазычанасці прадпрыемстваў прапануе шэраг фінансавых інструментаў магчымай рэструктурызацыі даўгоў. Рэалізацыя адпаведных норм, як чакаецца, дасць магчымасць знізіць аб’ёмы праблемнай запазычанасці ў рэальным сектары эканомікі, палепшыць фінансавы стан крэдытаатрымальнікаў, а таксама ўключыць банкаўскую сістэму ў непасрэдную работу з праблемнымі пазычальнікамі.

Прэзідэнт на нарадзе яшчэ раз акцэнтаваў увагу, што разам з дапамогай прадпрыемствам і арганізацыям павінна быць дакладна прадугледжана і адказнасць за ўзятыя абавязацельствы. Ён таксама даручыў прааналізаваць сітуацыю па тых праектах і прадпрыемствах, якім у папярэднія гады прадастаўляліся пазыковыя сродкі і крэдыты.