Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба так зрабіць, каб наш урач быў аснашчаны, як замежны”

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць урачоў самым сучасным медыцынскім абсталяваннем. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў, наведваючы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

“Галоўнае — аснасціць сучасным медыцынскім абсталяваннем і тэхнікай урачоў. Каб яны мелі самае сучаснае абсталяванне, як у Германіі, Ізраілі і гэтак далей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І не дай бог, у наступным годзе недзе будзе прастойваць якая-небудзь дарагая тэхніка”.

У той жа час прэзідэнт адзначыў: ён не асабліва азадачаны тым, што беларускія ўрачы будуць мігрыраваць у іншыя краіны. “Вазьміце, колькі прыязджае да нас у клінікі не толькі нашых суайчыннікаў з Ізраіля, а проста ўрачоў, якія там выраслі. Яны валодаюць пэўнымі навыкамі і прыязджаюць да нас на некаторы час. З Амерыкі вельмі шмат, асабліва па сардэчна-сасудзістых захворваннях”, — канстатаваў ён.

Як паведаміў міністр аховы здароўя Ула­дзімір Каранік, у Беларусі колькасць урачоў павялічваецца, таму патрэба айчыннай сістэмы аховы здароўя ў спецыялістах будзе закрыта ў найбліжэйшыя гады. “Па зарплаце тэндэнцыю пераламалі. Думаю, кадры мы ўтрымаем”, — заявіў ён. Міністр нагадаў аб праграме павышэння зарплат для медработнікаў.

“Не багатыя, але і не жывём бедна. Мы, вядома, будзем прытрымлівацца гэтай лініі, і да 2025 года ў нас будзе двайная зарплата ва ўрачоў”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Але ўсё ж, на яго думку, больш важная наяўнасць сучаснага абсталявання. “Трэба так зрабіць, каб наш урач быў аснашчаны, як замежны”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту далажылі аб развіцці ў краіне сістэмы аховы здароўя ў цэлым, а таксама аб стане і перспектывах развіцця РНПЦ анкалогіі. Паводле слоў міністра, у краіне ўдалося знізіць паказчыкі смяротнасці, што сведчыць аб эфектыўнасці работы сістэмы аховы здароўя. У той жа час уладу непакоіць зніжэнне нараджальнасці, прычынамі якога, на думку прэзідэнта, сталі дэмаграфічны крызіс і змяненні ў менталітэце: жанчыны сталі пазней нараджаць.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці даю ць прынятыя меры па падтрымцы многадзетных сем’яў эфект. “Мы баімся парушыць гэтую тэндэнцыю, але яна станоўчая. Колькасць многадзетных павялічваецца і даволі істотна”, — адказаў Уладзімір Каранік.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на неабходнасць зніжэння дзіцячай смяротнасці і клопату пра здароўе маці. “Смерць маці — гэта надзвычайная акалічнасць. Гэтага ў нашай краіне быць не павінна. Гэта абсалютны прыярытэт”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, абурыўся месячнымі чэргамі на правядзенне аперацый і даручыў разабрацца ў гэтым пытанні.

“Хіба гэта парадак, што па два-тры месяцы людзі стаяць на чарзе, і празрыстасці ў чарзе няма? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — У той жа час Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне, каб чарга тут і ўсюды была празрыстай”.

Паводле слоў прэзідэнта, напярэдадні яго наведвання РНПЦ тут пабывалі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю. У размове з урачамі і пацыентамі яны выявілі праблемы. “Сёння гэты цэнтр крытыкуюць: празрыстай чарговасці няма, як хто вырашыць па аперацыях, так і будзе, людзі месяцамі стаяць для таго, каб прааперыравацца”, — расказаў кіраўнік дзяржавы аб выніках праверкі.

Дырэктар РНПЦ Алег Суконка адзначыў, што аперацыйны дзень пачынаецца ў 9 раніцы. У дзень тут могуць зрабіць да 100 аперацый. Паводле яго слоў, ва ўстанове гатовы рабіць яшчэ больш аперацый, але не ўсё залежыць ад урачоў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з сітуацыяй. На яго думку, праблемы ва ўстанове з чэргамі ёсць. “Я прывык да дакладаў і рапартаў чыноўнікаў, а потым аказваецца зусім інакш. Я абсалютна не веру, што тут няма праблем”, — заявіў ён.

Прэзідэнт строга папярэдзіў і аб недапушчальнасці карупцыі ў медыцыне, падкрэсліўшы, што даравання за такія факты не будзе.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб будаўніцтве і аснашчэнні ў Мінскай вобласці медыцынскіх устаноў, мерах па забеспячэнні жыллём медработнікаў, будаўніцтве дзіцячых садоў і школ.

У час наведвання ўстановы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у адкрыцці ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава пансіяната для пацыентаў і асоб, якія іх суправаджаюць.

Усяго ў пансіянаце 118 аднамесных і двухмесных нумароў. Тут ёсць сталовая і кафетэрый, пральня, спартыўны комплекс.

У пансіянаце будуць размяшчацца грамадзяне, якія прыязджаюць на абследаванні, і пацыенты на амбулаторным лячэнні, якім не патрабуецца спецыяльная медыцынская дапамога. З імі тут таксама могуць знаходзіцца асобы, якія іх суправаджаюць. Акрамя таго, у пансіянаце змогуць пражываць замежныя ўрачы-анколагі, якія прыязджаюць на навучанне ў адукацыйны цэнтр пры РНПЦ.

Першы паверх будынка плануецца прадаставіць пацыентам, у тым ліку людзям з абмежаванымі магчымасцямі, другі — іх сваякам, трэці — слухачам.

Плануецца, што з лістапада ў РНПЦ анкалогіі будзе функцыянаваць і лячэбна-дыягнастычнае аддзяленне з палатамі павышанай камфортнасці. Тут знаходзіцца 10 палат, у якіх можа размясціцца не толькі сам пацыент, але і сваяк, які яго суправаджае. У палатах ёсць душавая і невялікая кухня. У пражываючых ёсць магчымасць атрымліваць індывідуальнае харчаванне і догляд.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты пансіянат у першую чаргу задумваўся і будаваўся як месца, дзе могуць на некаторы час спыніцца сваякі пацыентаў, якія маюць патрэбу ў доглядзе. Раней ім даводзілася шукаць і наймаць нятаннае жыллё ў Мінску або прыгарадзе, што для многіх фінансава складана. “Драць шкуру з людзей, якія трапілі ў бяду, нельга. Трэба зрабіць для людзей. Так, гэта не павінна быць на страту, акупляць будынак трэба. Але не за іх кошт”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што, калі будзе неабходнасць, такія аб’екты будуць ствараць і ў далейшым. Пры гэтым яны павінны быць даступны для людзей у частцы кошту пражывання і харчавання. “Трэба зрабіць усё, каб людзі разумелі, што ёсць справядлівасць. Гэта аб’ект справядлівасці”, — сказаў А.Р.Лукашэнка.

Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі пражывання ў пансіянаце, агледзеў сталовую, пацікавіўся арганізацыяй харчавання будучых гасцей пансіяната і ўрачоў. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы, змяніўшы маршрут наведвання, даведаўся пра ўсе дэталі, пагутарыў з абслуговым персаналам, кухарамі.

У Мінскім раёне Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў пабудаваны нядаўна комплекс інтэрнатаў для супрацоўнікаў РНПЦ анкалогіі і іншых медустаноў раёна. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з планіроўкай кватэр, умовамі пражывання, агледзеў некалькі дапаможных памяшканняў.

Пазней, у час размовы з журналістамі, прэзідэнт назваў гэтыя інтэрнаты шыкоўным жыллём, прычым недарагім. “Тут квадратны метр, па-мойму, крыху больш за $500. І трэба будаваць такія так званыя інтэрнаты для ўрачоў, медсясцёр, для тых, хто працуе ў бальніцах. Гэта будзе вельмі моцна прывязваць чалавека да гэтай зямлі”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Комплекс інтэрнатаў разлічаны амаль на 350 сем’яў. З яго ўводам у эксплуатацыю раённая чарга медыкаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, скароціцца на 40 працэнтаў.