Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас людзі разумныя, яны разумеюць, як трэба жыць, як працаваць, і мы гэта ў людзях павінны падтрымліваць”

- 9:43Інфармацыйная гадзіна

Парламент павінен адыгрываць больш прыметную ролю ў грамадстве. Такое меркаванне выказаў 3 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, у верасні ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары. На думку кіраўніка дзяржавы, парламент павінен адыгрываць больш прыметную ролю ў грамадстве, каб людзі бачылі работу тых, каго яны выбіраюць.
Прэзідэнт яшчэ раз папрасіў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады ўважліва ставіцца да кадраў, падбіраючы на адказныя ўчасткі работы прафесіяналаў, на якіх можна абаперціся.
Аляксандр Лукашэнка просіць кіраўнікоў не забываць, што кожны чалавек мае права на выказванне ўласнага меркавання.
“У нас усё ж такі ўлада строгая, вельмі строгая. Людзі гэта адчуваюць. Але гэта не азначае, што мы людзей павінны пастроіць, як у арміі, і строем або, не дай бог, статкам некуды вадзіць і забараняць: крок улева, крок управа, слова не скажы, рот зашый. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга, — падкрэсліў прэзідэнт. — Таму права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам адкрыта ў вочы — гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на работу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. Своечасова прыйшоў, зрабіў па тэхналогіі справу — ідзі. Бачыш нешта не так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй. Але вось гэтае права чалавека гаварыць, абмяркоўваць, прапаноўваць — я вас прашу, вы помніце аб гэтым”.
“Пераціскаць нельга. У нас людзі разумныя, яны разумеюць, як трэба жыць, як працаваць, і мы гэта ў людзях павінны падтрымліваць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь займае выгаднае геапалітычнае становішча, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, аднак у той жа час адкрыта з усіх бакоў. “Падстройвацца нікому ні пад што не трэба, трэба мець на ўвазе перш за ўсё свае нацыянальныя інтарэсы. Але трэба бачыць свет вакол, у якім напрамку ён рухаецца. І мы нікуды не дзенемся ад гэтага руху, недзе дашліфоўваючы, рэфармуючы, можа, удасканальваючы тую сістэму, якая ў нас створана”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Час, вядома, у нас няпросты, — канстатаваў прэзідэнт. — Ну, што рабіць, час выбраў нас. Таму нам давядзецца ў гэты час жыць і справай займацца, выдаваць вынік”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтых вельмі складаных умовах трэба паспяхова правесці ўсе веснавыя палявыя работы. “Перабольшваць праблему не раю вам. Проста трэба ўсюды мець сістэму і навесці парадак. Парадак павінен быць ва ўсім! Не трэба залішне заціскаць людзей, няхай працуюць, паказваюць сябе. Але тэхналагічную дысцыпліну ніхто не адмяняў. І гэта жалезна павінна быць, уся ваша работа павінна быць падпарадкавана гэтаму, і ўсе павінны круціцца вакол гэтых тэхналогій”, — сказаў прэзідэнт.
“Я не разумею, чаго не хапае? Угнаенні ёсць, насенне ёсць, — дадаў ён. — Усё ёсць. Тэхнікі, ужо вёска кажа, не трэба больш. Але патрэбны парадак”.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прадпрыемствам вырабіць у неабходным для вёскі аб’ёме ўгнаенні, каб не вывозіць валюту з краіны, закупляючы за межамі Беларусі тое, што можна вырабіць самім.
“Інакш кажучы, трэба заняцца вырашэннем элементарных пытанняў. Вырашыўшы іх, вы знойдзеце тыя 25 працэнтаў сабекошту, аб якіх я гаварыў. А ў сельскай гаспадарцы, я вам скажу, гэта не 25 працэнтаў сабекошту, мы там вялікія грошы можам знайсці”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх цвяроза ацэньваць неабходнасць рэалізацыі на месцах тых ці іншых ініцыятыў. На думку прэзідэнта, перш чым штосьці рабіць, неабходна задаваць пытанне аб мэтазгоднасці і своечасовасці крокаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сам кіруецца такім жа прынцыпам пры прыняцці рашэнняў дзяржаўнага ўзроўню. На падставе гэтага, напрыклад, быў адкладзены разгляд пытання з перадачай Нацыянальнаму банку паўнамоцтваў па рэгуляванні страхавой дзейнасці і рынку каштоўных папер. Тэма атрымала шырокае абмеркаванне ў СМІ. Прэзідэнт звярнуў увагу, што існуючая ў Беларусі сістэма нармальна функцыянуе і не выклікае нараканняў з боку грамадзян. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы не выключае, што ў перспектыве ў Беларусі з’явіцца неабходнасць надзяліць Нацбанк функцыямі мегарэгулятара. “Але сёння ў яго вельмі шмат праблем. Для Нацбанка найважнейшая задача — кошт рэсурсаў”, — сказаў прэзідэнт, дадаўшы, што перш неабходна адрэгуляваць усе праблемы ў грашова-крэдытнай палітыцы.
Назначаючы паслом у Таджыкістане і Афганістане па сумяшчальніцтве Алега Іванова, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў больш актыўна развіваць супрацоўніцтва Беларусі з Афганістанам.
На думку прэзідэнта, Афганістан з’яўляецца дзяржавай з вялікімі магчымасцямі. “Там мы можам атрымаць для нашай краіны выгадныя прапановы і дывідэнды. Краіна вельмі багатая, яна развіваецца, насельніцтва нямала, вельмі выгадны ў стратэгічных адносінах рэгіён, ён кінуты не будзе. Таму трэба вельмі сур’ёзную ўвагу звяртаць на гэтую краіну, вядома, не забываючы і пра Таджыкістан”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў адносінах Беларусі і Таджыкістана няма ніякіх праблем, у Беларусі моцныя пазіцыі ў гэтай краіне, вельмі добрыя адносіны з кіраўніцтвам Таджыкістана.
Узгадняючы назначэнне рэктараў ВНУ (Ігара Войтава — рэктарам установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт” і Андрэя Зяневіча — рэктарам установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі” ў выніку пераўтварэння навучальнай установы ў акадэмію. — Заўв.рэд.), кіраўнік дзяржавы спыніўся на праблемах практычнага ўкаранення навуковых распрацовак. У іх ліку адзначаўся недастатковы ўзровень узаемадзеяння паміж работнікамі вытворчасці і вучонымі. Першыя часта неахвотна ідуць на змяненні тэхрэжымаў, якія вядуць да ўкаранення навацый. Другія праяўляюць у гэтым пытанні недастаткова настойлівасці і актыўнасці і не заўсёды ўлічваюць тэхнічныя магчымасці прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адказным па пытаннях укаранення навуковых дасягненняў з’яўляецца старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. “Ён прыйшоў, даў заданне прамыслоўцам. І няхай толькі не зробяць, — сказаў прэзідэнт. — А інакш як? Кіраўнік не хоча, вучоны не можа ці баіцца — і будзем цялёпкацца”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што НАН павінна вызначаць і прапаноўваць прадпрыемствам прарыўныя, выгадныя для дзяржавы тэхналогіі.