Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў”

- 10:25Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у ААЭ.

“У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на розныя праблемы і перашкоды, склаў больш за $3 млрд, напэўна, недзе $3,5 млрд будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі, упэўнены беларускі лідар, дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі.

“Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас наогул праблем няма. Мы абсалютна прытрымліваемся таго курсу, па якім дамовіліся ісці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават на вялікай адлегласці ад сваіх краін прэзідэнты знайшлі магчымасць сустрэцца і разгледзець праблематыку адносін. “Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія, магчыма, маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе з нашага боку. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі абавязковымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я хачу гэта вам гарантаваць і на будучыню”, — заявіў беларускі лідар.

Пётр Парашэнка адзначыў актыўную работу па рэалізацыі раней дасягнутых дамоўленасцей, пачынаючы ад пытанняў дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. “Я гэтае пытанне трымаю на кантролі”, — падкрэсліў Прэзідэнт Украіны. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што бакі пашыраюць узаемадзеянне па розных напрамках, уключаючы эканоміку і сацыяльную сферу.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. У час паездкі адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў.

З рабочым візітам у ААЭ 1—2 лістапада знаходзіўся і Пётр Парашэнка. Напярэдадні ён зрабіў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію.