Маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці ў дэмакратычнай і спакойнай атмасферы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства.
“Народнае волевыяўленне, паводле існуючай практыкі, павінна прайсці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасферы і, самае галоўнае, на найвышэйшым арганізацыйным узроўні, як гэта ў нас заўсёды было”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць фарміраванню выбарчых камісій, у склад якіх павінны ўвайсці дастойныя прадстаўнікі працоўных калектываў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. “Па традыцыі ў краіну прыедуць і міжнародныя наглядальнікі. Абмяжоўваць іх колькасць нам не трэба”, — заявіў прэзідэнт. Ён адзначыў, што запрашэнні замежным партнёрам трэба накіраваць пасля таго, як будуць назначаны даты правядзення выбараў.
На нарадзе таксама абмяркоўваліся прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, у тым ліку на аснове рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, выпрацаваныя міжведамаснай экспертнай групай, якая была створана па даручэнні прэзідэнта. “Асобныя, напэўна, могуць быць рэалізаваны цяпер, іншыя — у далейшым, пры карэкціроўцы норм Выбарчага кодэкса”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў неабходнасць дакладна вызначыць тыя з рэкамендацый міжнародных наглядальнікаў, якія можна ўзя ць пад увагу ў першачарговым парадку, і не ўлічваць прапановы, якія будуць ісці ўразрэз з інтарэсамі беларускага народа. “Нельга забываць, што ў выбарчай кампаніі мы абавязаны кіравацца перш за ўсё ўласным заканадаўствам”, — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларускае выбарчае заканадаўства адпавядае міжнародным прынцыпам і ўлічвае правілы і традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў Беларусі. “Прынамсі, наша заканадаўства не горшае, чым у іншых дзяржаў, дзе праходзілі адпаведныя выбары, якія былі прызнаны міжнароднымі структурамі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як расказала па выніках нарады журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, прэзідэнт згадзіўся з датай 11 верасня для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
“Абмяркоўвалася пытанне аптымальнай даты выбараў. Прэзідэнт згадзіўся, што гэта 11 верасня. Выбарчая кампанія павінна пачацца не пазней за 10 чэрвеня. Аднак кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што выбары павінны быць назначаны (павінен быць падпісаны адпаведны ўказ аб назначэнні даты выбараў. — Заўв. Бел ТА.) крыху раней. Таму плануецца, што выбарчая кампанія будзе пачата на тры дні раней за гранічны тэрмін, а менавіта 7 чэрвеня гэтага года. А 8 чэрвеня Цэнтральная камісія плануе зацвердзіць план арганізацыйных мерапрыемстваў, бюджэт выбараў, межы выбарчых акруг”, — паведаміла Лідзія Ярмошына.
“Да гэтага (афіцыйнага назначэння даты выбараў. — Заўв. БелТА.) мы стрыманы ў сваіх дзеяннях, і адзінае мерапрыемства, якое плануе Цэнтральная камісія, — гэта зацвярджэнне метадычных рэкамендацый, на аснове якіх будуць працаваць участковыя, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Усё гэта мы плануем зрабіць у сярэдзіне мая, каб да пачатку выбарчай кампаніі ўсе арганізатары выбараў, патэнцыяльныя кандыдаты ўжо мелі дакументы, якімі будзе рэгулявацца выбарчы працэс”, — расказала Лідзія Ярмошына.
“У тым ліку ў гэтых дакументах будуць часткова ўлічаны прапановы АБСЕ, выпрацаваныя пасля назірання за выбарамі Прэзідэнта Беларусі”, — дадала яна.
Што тычыцца выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прадугледжваецца, што яны пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года. Яны праводзяцца паэтапна ў трохмесячны перыяд. “Кожная вобласць і горад Мінск вызначаюць самастойна даты правядзення сходаў дэпутатаў, дзе будуць выбірацца члены Савета Рэспублікі. Супадае толькі перыяд, які вызначае закон, на працягу якога ажыццяўляюцца выбары на тэрыторыі кожнага рэгіёна”, — растлумачыла кіраўнік ЦВК.
Чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання адлічваецца ад іх першых пасяджэнняў і заканчваецца 17 кастрычніка 2016 года для Палаты прадстаўнікоў (першае пасяджэнне адбылося 18 кастрычніка 2012 года) і 18 кастрычніка 2016 года для Савета Рэспублікі (першае пасяджэнне адбылося 19 кастрычніка 2012 года).
Выбары новага складу палат парламента назначаюцца не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання.