Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Усё, што залежыць ад дзяржавы, для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена”

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць уборку збожжавых каласавых максімум да 20 жніўня. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на Рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе.

“Уборку ў асноўнай масе трэба завяршыць у першай палове, у крайнім выпадку — да 20 жніўня”, — даручыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая — з-за ўмоў надвор’я, іншых фактараў зрушыліся тэрміны як вясенняй пасяўной, так і выспявання ўраджаю. “На 8—10 дзён мы ўжо спазняемся”, — канстатаваў ён.

“Ускладняе сітуацыю і высокая ўшчыльненасць работ. Разам з уборкай збожжавых неабходна весці церабленне лёну, другі ўкос шматгадовых траў (першага, як вы разумееце, практычна не было), сяўбу паржышчавых культур і многае іншае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога нам неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не страціўшы ніводнага зярнятка, з іншага — пачаць падрыхтоўку да пасяўной азімых культур”.

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер тэмпы ўборкі збожжавых вельмі нізкія — за дзень убіраецца не больш як 2—3 працэнты плошчаў. “Адразу адзначу: усё, што залежыць ад дзяржавы, для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай (прынамсі, ніхто не ставіць пытанняў па тэхніцы), па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэнне”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш у шэрагу рэгіёнаў дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, у тым ліку стаяць амаль 7—8 працэнтаў няспраўных уборачных камбайнаў, не адрамантаваны некаторыя зернесушылкі, у шэрагу гаспадарак адчуваецца недахоп механізатараў. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымы страты рабочага часу.

“Нельга дапусціць, каб, як гэта нярэдка бывае, механізм уборачнай кампаніі працаваў у запаволеным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі, якіх дапусціць у гэтым годзе нельга”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся ў адказных за ход уборачнай кампаніі, чаму дрэнна падрыхтавана тэхніка да ўборкі, і папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні тэхналогіі ўборкі з улікам асаблівасцей бягучага года, максімальна эфектыўнага выкарыстання зернесушыльнай гаспадаркі. “Марудзіць з уборкай і, як у нас у вёсцы кажуць, дапускаць выспяванне збожжа да стану 12—13 працэнтаў вільготнасці злачынна. Таму 20 працэнтаў — і трэба пачынаць уборку неадкладна. Трэба запускаць усе зернесушылкі і дасушваць збожжа да патрэбных кандыцый”, — сказаў прэзідэнт.

Яшчэ адно важнае пытанне — людзі, якія заняты на ўборачнай кампаніі. “Іх трэба накарміць, напаіць і г.д. Прафсаюзы галавой за гэта адказваюць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Даручэнні праваахоўным органам аб строгім кантролі за ходам уборачнай кампаніі на мінулым тыдні мною дадзены. Кантроль будзе самым сур’ёзным на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Захаванасць ураджаю — гэта пытанне харчовай бяспекі краіны. Мы не можам дапусціць ніякіх страт”.

Адначасова з уборкай грамадскіх пасеваў прэзідэнт даручыў аказаць неабходную дапамогу і прыватнаму сектару, у тым ліку, калі неабходна, фермерскім гаспадаркам.

“Яшчэ адна з мэт сённяшняй нарады — забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю”, — сказаў прэзідэнт.

“Асабліва падкрэслю, я хачу, каб гэта засвоілі ўсе, і перш за ўсё тыя, каму я адрасую гэты тэзіс: рашэнні старшыні райвыканкама да 1 кастрычніка 2017 года, звязаныя з уборачнай кампаніяй, канчатковыя і абскарджанню не падлягаюць. Калі старшыні райвыканкама трэба ажыццявіць тыя ці іншыя дзеянні, значыць, ён іх будзе ажыццяўляць. Ніхто не мае права ўмешвацца ў яго распарадча-арганізацыйныя функцыі. Паправіць яго можа, калі ён згодзіцца, толькі губернатар, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я гэта гавару для таго, каб потым не было спасылак, што ў некага не хапіла паўнамоцтваў, каб убраць збожжа”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў параўнаць колькасць псаванняў айчыннай сельгастэхнікі і лепшых замежных аналагаў. “Чаму няякасную тэхніку прадаяце сельскай гаспадарцы?” — звярнуўся з пытаннем кіраўнік дзяржавы да віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі.

Ён у сваю чаргу далажыў, што па факце 2016-га і першай паловы 2017 года адзначана зніжэнне дэфектнасці тэхнікі, як гарантыйнай, так і постгарантыйнай. Віцэ-прэм’ер таксама паведаміў, што ўсе заданні па забеспячэнні тэхнікай сёлетняй уборачнай кампаніі выкананы. Выраблены ў дастатковай колькасці новыя збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, аднак не ўсе з іх аплачаны. “Таму праблема за гаспадаркамі, за абласцямі. Выкупляць трэба”, — сказаў Уладзімір Сямашка.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву МУС і Камітэта дзяржкантролю пачынаючы з 1 жніўня дакладваць аб выпадках выхаду са строю гарантыйнай тэхнікі. “Не дай бог выйдзе гарантыйная тэхніка са строю — факты мне гэтыя ўсе далажыць па краіне. І не дай бог туды больш як за суткі не з’явіцца гарант”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Адпаведныя паказчыкі Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць у параўнанні з колькасцю псаванняў тэхнікі замежных вытворцаў, прызнаных у свеце марак. “Возьмем колькасць псаванняў у іх. Калі Сямашка на гэтым узроўні працуе, да яго прэтэнзій няма. Калі хоць на адну адзінку горш, няхай крыўдуюць самі на сябе. Хопіць з імі цацкацца. За няякасную тэхніку адказвае персанальна Сямашка”, — заявіў прэзідэнт.

Што датычыцца паставак вырабленай тэхнікі, кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна вырашыць гэтае пытанне. “Усю тэхніку, якая заказана, адправіць у гаспадаркі. Калі не аплачана — пад гарантыі губернатараў. Няхай з Сямашкам вызначаюцца прамыслоўцы, да якога часу яны могуць пацярпець з аплатай у гэтым годзе. Які толк ад таго, што выраблены камбайны, і яны сёння стаяць на заводзе. Грошай няма… Ну, заўтра з’явяцца. А камбайны ўжо не патрэбны будуць заўтра. Таму неадкладна адправіць пад гарантыі губернатараў і Кабякова (прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. — Заўв. БелТА.) па аплаце”, — распарадзіўся беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуўся да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова: “Чаму вы прынялі рашэнне ўрада да 20 ліпеня ўсю тэхніку падрыхтаваць і не пракантралявалі, што тэхніка гатова? Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы? Чаму КДК не задзейнічалі за паўгода? Трэба было прэм’ер-міністра паклікаць у рэзідэнцыю прэзідэнта, каб спагнаць і задачы паставіць?”

Андрэй Кабякоў адказаў, што цяпер гаспадаркі да ўборкі ўраджаю ў асноўным гатовы, аднак у 30 працэнтах арганізацый праблемы маюць хранічны характар. “Дык якое ж “у асноўным”? Вы не ўяўляеце, што такое 30 працэнтаў гаспадарак? Калі вы сабраліся 8 млн т збожжа сабраць, адкіньце 30 працэнтаў… Вы што, 3 млн т збожжа не збіраецеся сёння збіраць? — задаў пытанне прэзідэнт. — Пара ўраду вылазіць з кабінетаў. А вы, як у бухгалтэрыі працуеце, расказваеце пра статыстыку нейкую. Вось яна, статыстыка, калі паехалі і паглядзелі непасрэдна”.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў адказных за ўборачную кампанію членаў урада, кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады аб адказнасці за выкананне пастаўленых задач.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць своечасовай выплаты заработнай платы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. “Ніхто бясплатна працаваць у калгасе, саўгасе не будзе. Таму вяскоўцам трэба заплаціць зарплату, калі ёсць запазычанасць. І трэба ўстанавіць нармальныя тарыфы, каб людзі зарабілі нармальныя грошы ў гэтыя месяцы”, — сказаў прэзідэнт.

Прэзідэнт даручыў праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі. “Калі мы гэта не зробім, гэта будуць проста размовы, і на месцах махнуць рукамі — пагаварылі і забылі. Я не забуду. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці”, — падкрэсліў ён.