Малы і сярэдні бізнес — найважнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, перадае БелТА.
“Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных — прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу — ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб’ядноўвае нас усіх адно — дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес — гэта найважнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, існавання дзяржавы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы агляды, убачыў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур, нібыта іх не запрасілі на сустрэчу. “Што тычыцца скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы — дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдзячыся, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нікому не забараняецца ўдзельнічаць у палітыцы. “Я нават настойваю, каб бізнесмены ўдзельнічалі ў палітыцы. Але толькі вы помніце, каб потым не было крыўды: у палітыцы — іншыя законы і правілы. Пастарайцеся перабудавацца ў сваім жыцці з эканомікі на палітыку — і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе не трэба змешваць гэтыя паняцці і блытаць іх”, — падкрэсліў ён.
У гэтым годзе прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прадпрымальнікі па даручэнні прэзідэнта правялі маштабную работу па паляпшэнні бізнес-клімату і стымуляванні дзелавой актыўнасці. “Многія з прысутных у гэтай зале прынялі ў ёй самы актыўны ўдзел: выступалі з ініцыятывамі, абмяркоўвалі падрыхтаваныя дакументы, уносілі адпаведныя прапановы па іх дапрацоўцы”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Восенню Аляксандр Лукашэнка падпісаў цэлы пакет дакументаў — дэкрэт і сем указаў, прызначаных даць моцны імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на ўстараненне залішніх адміністрацыйных бар’ераў, якія, на думку бізнес-супольнасці, тармазілі дзелавую ініцыятыву.
“Сёння я хачу пачуць ад вас шчыры адказ на пытанне “Ці аптымальныя прынятыя меры?”. Каб мы ў новы год не ўвайшлі са старым багажом, які трэба было скінуць у гэтым годзе, — сказаў прэзідэнт. — Я гатовы вас пачуць. І калі мы нешта недапрацавалі і бачым гэта, мы павінны зрабіць гэтыя крокі. Палавінчатых рашэнняў быць не павінна, калі мы ведаем, куды ісці і як ісці. Я не прыхільнік гэтага. Зразумела, жыццё мяняецца. Мы нават у пачатку года не маглі гаварыць аб нейкіх там майнінгах, блокчэйнах і гэтай новай крыптавалюце. А ўжо сёння гэта становіцца рэальнасцю. Таму жыццё і, зразумела, нарматыўна-прававая база будуць мяняцца”.
Ён заўважыў, што некаторыя дзеячы папракалі ўлады ў тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца. Маўляў, яго звязалі па руках і нагах. “Вы ведаеце, калі ішла размова да прыняцця гэтых нарматыўных прававых актаў, дэкрэтаў, указаў, я гэта чуў таксама. Скажу адкрыта: я ў гэта ніколі не верыў, нават тады, калі мы пайшлі на прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў. Самае галоўнае сведчанне таго, што ў нас можна і трэба працаваць прадпрымальнаму чалавеку, — гэта вы. Вы пачалі свой бізнес у тыя “немагчымыя” гады і адбыліся”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, сучасная моладзь думае, што бізнес — гэта лёгка: прыйшоў, зарэгістраваўся — і заўтра будзеш багатым. “Вы, калі ласка, ім падказвайце, што гэта бяссонныя ночы і самая цяжкая праца. Асабліва калі ўкладваеш свае грошы, калі ў цябе сваё і табе за гэта давядзецца адказваць. Таму нічога адразу не з’яўляецца. Ну, камусьці, можа, пашанцуе, аднаму з тысячы. Але многім трэба будзе працаваць, ім давядзецца не толькі праз цяжкасці прайсці, але і праз расчараванне, банкруцтва. Гэта цяжкая, няпростая праца, таму не трэба думаць, што прынялі рашэнне — і заўтра пойдуць у нас новыя бізнесмены. Лепш пачынаць з кімсьці, хто ўжо гэтым бізнесам займаўся і ў каго ёсць вопыт, — перакананы прэзідэнт. — Прысутныя тут паспяховыя бізнесмены і ваша работа — доказ таго, што бізнес у Беларусі адбыўся. І той, хто хоча працаваць, можа працаваць”.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя краіны трацілі дзесяцігоддзі на тое, каб адвучыць розных дзялкоў вырашаць праблемы з дапамогай хабару і бандыцкіх разборак. “Мы гэтага не дапусцілі. І гэтага ў Беларусі ніколі не будзе”, — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва яму давялося разбірацца з дзейнасцю арганізаваных злачынных груповак. “Мы гэтае пытанне вырашылі за месяц, іх не стала”, — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа з прадпрымальнікамі ў Беларусі пачалася не сёння. Яшчэ ў 2009 годзе пачаўся новы этап адносін бізнесу і дзяржорганаў: Аляксандрам Лукашэнкам было даручана падрыхтаваць прапановы аб паступовай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Яны знайшлі адлюстраванне ў выдадзенай у 2010 годзе Дырэктыве аб развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Гэты канцэптуальны дакумент дзейнічае да гэтага часу. На яго аснове ўрад прыняў, змяніў або адмяніў амаль 200 прававых актаў.
“Гэта вялікая работа. Атрымалі нядрэнны вынік. У рэйтынгу дзелавой актыўнасці Беларусь з другой сотні дзяржаў перамясцілася на 38-е месца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Прагрэс быў відавочны. Але з таго часу мінула 8 гадоў. Цяпер узнікла аб’ектыўная неабходнасць рабіць далейшыя, ужо не паслядоўныя, а рашучыя крокі, каб не адстаць ад тых трэндаў, якія сёння прапануюць сусветная эканоміка і развіццё глабальнага грамадства”.
У той жа час і з боку бізнесу павінна быць сумленная гульня, падкрэсліў прэзідэнт. “Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую грамадскасць. Злачынная дзейнасць — гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падпісаў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”.
Паводле слоў прэзідэнта, галоўная мэта дакумента — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.
“Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучыню. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з’явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шансы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія складаныя тэмы яны ні закраналі б. “Ёсць у нас прагрэсіўныя людзі, якія падумалі ўжо, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць”, — сказаў ён.
Больш за тое, заўважыў прэзідэнт, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету.
“Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен даць Беларусі магчымасць стаць на шлях апераджальнага развіцця”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі больш няма ніякіх перашкод для прадпрымальніцкай дзейнасці, адзначыў таксама прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на тэме развіцця гандлю і паслуг у вёсцы і павышэння самазанятасці грамадзян. Ён выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння сканцэнтраваўся ў асноўным у сталіцы і іншых вялікіх гарадах. “Калі гэта сфера паслуг, то яшчэ зразумела. Дзе больш людзей — там і гандаль, і іншы сэрвіс, — прадоўжыў прэзідэнт. — Але калі гаварыць пра вытворчасць, то яе лепш ствараць на перыферыі, дзе недарагая рабочая сіла, свабодная зямля, блізка рэсурсы. Акрамя таго, там дзейнічае рэжым прэферэнцый, уключаючы льготы па падатках, мытных пошлінах, паслабленні пры экспартным гандлі”.
На думку кіраўніка дзяржавы, не ўсё адназначна і ў невытворчай сферы. Апошнія гады назіраецца скарачэнне магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 год колькасць гандлёвых аб’ектаў зменшылася на 10 працэнтаў. Нізкая наведвальнасць аб’ектаў бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання робіць іх работу не толькі нерэнтабельнай, але і неапраўданай з эканамічнага пункту гледжання. У выніку там, дзе некалькі гадоў назад былі нармальна працуючыя магазіны, рэстараны або атэлье, сёння засталіся пустыя будынкі.
“Мы абавязаны больш сур’ёзна падумаць аб вяскоўцах і якасці іх жыцця”, — падкрэсліў прэзідэнт. Тым, хто жыве ў аграгарадках, гарантаваны цвёрдыя сацыяльныя стандарты, але гэта толькі мінімум. Сучасныя людзі маюць патрэбу ў якасным рамонце дамоў, бытавой тэхнікі, у стрыжцы, у шыцці адзення, у многім іншым. “Малы бізнес здольны гэта зрабіць, але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя цэны на паслугі ў сельскай мясцовасці”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў. Няма падатку на дабаўленую вартасць, а гэта прыкладна пятая частка цаны. Падатак на прыбытак — усяго 6 працэнтаў — у тры разы ніжэйшы за агульную стаўку. Падаткі на зямлю і нерухомую маёмасць наогул не спаганяюцца.
“Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім ільготным рэжымам будуць абласныя Саветы дэпутатаў, гэта значыць, на месцах. Тут патрэбны разумны падыход. Каб не атрымалася так: межы Мінска або абласнога цэнтра перасек, а там — падатковы рай. Не для таго прыняты такія значныя паслабленні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дарэчы, калі ў аддаленых раёнах імі скарыстаецца замежны бізнес, напрыклад, з прыгранічных Браншчыны, Смаленшчыны, літоўскіх або ўкраінскіх рэгіёнаў, то гэта толькі плюс. Важна захаваць вёску і даць ёй новае жыццё”.
Прэзідэнт хацеў бы пачуць ад удзельнікаў сустрэчы, што яшчэ, акрамя выдадзенага ўказа, трэба, каб прадпрымальнік актыўней ішоў у малыя гарады і сельскую мясцовасць. “Пры гэтым, можа, не трэба чалавеку адразу рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, браць на сябе сур’ёзныя абавязацельствы. Цалкам верагодна, што спачатку дастаткова папрацаваць проста так, на сябе, паглядзець, ці будуць карыстацца попытам яго паслугі. Для гэтага выдадзены ўказ аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кантралюючых органаў і мясцовай улады не абмяжоўваць ініцыятыву людзей, дапамагаць і аказваць належнае садзейнічанне прадстаўнікам бізнесу.
“Калі чалавек хоча штосьці рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі ён чагосьці не ведае, растлумачце. Толькі такім стаўленнем мы зможам забяспечыць максімальную самазанятасць людзей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што з улікам запытаў насельніцтва павялічаны пералік відаў дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай. Тым, хто гэтым займаецца, дастаткова раз у квартал унесці невялікую суму і накіраваць пісьмо ў падатковую інспекцыю.
“Галоўнае — не абмяжоўваць ініцыятыву людзей. Хоча чалавек булачкі пячы і прадаваць — няхай займаецца, калі попыт на выпечку ёсць”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, спажывец сам павінен вырашаць, падстрыгчыся яму ў дарагім салоне або ў 2—3 разы танней у цырульні дома. Кожны ў залежнасці ад сваіх даходаў вызначыць, якімі паслугамі яму карыстацца.
“Маё патрабаванне да службовых асоб усіх узроўняў — ад старшыні сельскага Савета да міністра: выконвайце не толькі літару, але і дух прынятых рашэнняў. Усё ў законах не прапішаш, — сказаў прэзідэнт. — Кожны кіраўнік, які прадстаўляе дзяржаўную ўладу, пры ажыццяўленні кантактаў з бізнесам павінен кіравацца адзінай формулай. Калі закон дае магчымасць дапамагчы — дапамажы! Калі закон не дае магчымасці дапамагчы — не перашкаджай! Калі закон патрабуе ўмяшацца — дзейнічай”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсе прынятыя рашэнні ў частцы лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу неабходна рэалізаваць у максімальна кароткія тэрміны. “А нам вельмі важна выпрацаваць сістэму кантролю выканання нарматыўна-прававых актаў”, — сказаў ён. Адпаведныя даручэнні дадзены кіраўніцтву Адміністрацыі прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю. “Калі патрэбны нейкія падзаконныя акты, іх трэба прыняць. І не трэба расцягваць на першую палову наступнага года. Трэба зрабіць гэта хутчэй”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў прэзідэнта, выдадзеныя новыя дакументы заклалі аснову для перагляду заканадаўства ва ўсіх сферах, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцтва. “Усю работу неабходна поўнасцю завяршыць на працягу 2018 года. Але спачатку органы ўлады павінны забяспечыць належнае інфармаванне людзей аб новых умовах работы, — даручыў беларускі лідар. — І вас прашу падключыцца да гэтай работы. Выкарыстоўвайце ўсе даступныя спосабы камунікацыі, праводзьце сустрэчы з людзьмі, нагружайце СМІ і не забывайце пра патэнцыял інтэрнэту. Растлумачце кожную літару новых рашэнняў”.
“Прадстаўнікі бізнесу павінны разумець: у нас адна эканоміка, задачы, якія ставяцца ўраду, адносяцца і да вас”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён дадаў, што дзяржава кардынальна знізіла патрабаванні да ўмоў вядзення бізнесу. Аднак цяпер уся паўната адказнасці за стан спраў на прадпрыемствах ускладаецца на кіраўнікоў і ўласнікаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што органы ўлады практычна не ўмешваюцца ў цэнаўтварэнне. “Таму, калі прыбытку для развіцця хапае, не завышайце, трымайце нармальныя цэны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Майце на ўвазе, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю я не адмяняў, я ўзмацніў гэтае міністэрства. І кантраляваць, назіраць за цэнаўтварэннем (і Камітэт дзяржкантролю), не ўмешваючыся ў вашу дзейнасць, яно будзе заўсёды”.
Прэзідэнт таксама папрасіў памятаць аб людзях і плаціць ім дастойную зарплату, забяспечваць занятасць.
“Апірайцеся на гэтыя тры простыя правілы, і вы заўсёды будзеце мець у асобе дзяржавы надзейнага партнёра і памочніка. Гэта я вам гарантую”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама разлічвае, што прынятыя рашэнні прывядуць да павышэння актыўнасці ў ІТ-сферы. “Прычым важна, каб і капіталы, і людзі, і тэхналогіі працавалі для ўсёй краіны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.