Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, у выбудоўванні дыялогу паміж рознымі народамі і дзяржавамі, у аб’яднанні людзей могуць і абавязаны адыграць рэлігійныя канфесіі”

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прыезд у Мінск высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства ў тым ліку з’яўляецца прызнаннем беларускай палітыкі міру і згоды. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Сёння Беларусь не проста геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта прадвызначана Госпадам. Мы на працягу многіх стагоддзяў з’яўляемся той краінай, дзе гарманічна суседнічаюць розныя рэлігіі. Іх узаемадзеянне шмат у чым паўплывала на фарміраванне беларускай нацыі, яе культурнае і духоўнае развіццё”.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што правядзенне пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы ў Беларусі менавіта ў гэты перыяд у многім сімвалічнае. У гэтым годзе адзначаецца 500-годдзе выдання беларускім асветнікам і гуманістам Францыскам Скарынам першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове, якой стаў Псалтыр. Працы першадрукара зрабілі Слова Божае яшчэ больш даступным для ўсходнеславянскіх народаў. “Акрамя таго, мы сустракаемся ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам. Перакананы, наша супрацоўніцтва з каталіцкай царквой будзе і далей плённа развівацца на карысць міру і стварэнню”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у адрозненне ад многіх іншых пунктаў планеты разнастайнасць рэлігій у Беларусі не стала падставай для канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе, а, наадварот, служыць умацаванню ўзаемнага разумення і павагі. “Існуючая ў нас сістэма неканфліктных адносін паміж дзяржавай, рэлігіяй і грамадствам можа і павінна быць прыкладам для іншых краін”, — упэўнены беларускі лідар.

“У Беларусі разумеюць важнасць рэлігіі ў жыцці грамадства. У нас устанавіліся вельмі цвёрдыя, традыцыйна моцныя, думаю, на стагоддзі, традыцыі ўзаемаадносін і ролі царквы ў нашым грамадстве”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, напрыклад, штогадовае ўручэнне прэмій “За духоўнае адраджэнне” свяшчэннаслужыцелям, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый з’яўляецца адным са сведчанняў высокага прызнання заслуг служыцеляў царквы. “Усведамляючы значэнне духоўнай асветы, фарміравання маральных асноў беларускага народа і захавання яго культурнай спадчыны, мы аказваем усямерную падтрымку ў аднаўленні святынь і будаўніцтве храмаў, сумесна рэалізуем праекты духоўна-маральнай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Мы не падзяляем людзей па нацыянальнасці і веравызнанні. Кожны можа сам выбіраць свой шлях да храма. Гэта закон нашага грамадства. Мы стараемся праз дружбу, узаемаразуменне і цярпенне распазнаваць веліч і прыгажосць. Гэта тое, да чаго сёння заклікае не толькі яго Святасць Папа Рымскі, якога я бязмерна паважаю, але і духоўныя лідары практычна ўсіх сусветных канфесій”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

“Сёння ў свеце назіраецца вострая патрэба ў адкрытым і даверным дыялогу. Няма агульнасці падыходаў у вырашэнні выклікаў і праблем, якія хвалююць і закранаюць усіх нас”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тым больш важкім становіцца статус Мінска як важнай перагаворнай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых складаных рэгіянальных і сусветных праблемах.

“Цяперашні ваш савет — сведчанне таго, што царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб хаця б наблізіцца да вырашэння тых цяжкіх застарэлых і новых канфліктаў, якія існуюць сёння ў свеце, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Тое, што вы прыехалі ў Мінск і вырашылі правесці тут савет, — вы зрабілі правільна. Мы гэта цэнім, і гэта лішні раз пацвярджае, што мы тая краіна, якая адобрана вамі як міралюбівая, бяспечная дзяржава і тая краіна, якая можа служыць прыкладам спакою і нармальнага жыцця чалавека, дзе спакойна ўжываюцца розныя рэлігіі і нацыянальнасці. Мы гэта цэнім. І ваш сход тут абавязвае нас да яшчэ большай адказнасці ў плане яднання нацыянальнасцей і рэлігій”.

“Перакананы, што важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, у выбудоўванні дыялогу паміж рознымі народамі і дзяржавамі, у аб’яднанні людзей могуць і абавязаны адыграць рэлігійныя канфесіі. Настаў час, каб ваш голас быў настойлівым і яго пачулі ўсе палітыкі і дзяржаўныя дзеячы, ад якіх залежаць мір і бяспека на нашай планеце”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Сёння мы бачым, што многія краіны перажываюць духоўны крызіс. Гэта пагроза страшнейшая за любыя эканамічныя выклікі. Ды і ўсе эканамічныя выклікі менавіта ад гэтага. У іх аснове ляжыць бездухоўнасць. Крызіс — у галовах. Гэта першапрычына любых эканамічных крызісаў, — заявіў прэзідэнт. — Дабро, міласэрнасць, любоў, вера — вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці, якія заўсёды служылі апорай для людзей, разбураюцца на вачах”.

“Нельга дапусціць, каб людзі страцілі маральныя арыенціры, той унутраны компас, які закладзены ў кожным з нас Госпадам і які дае нам магчымасць адрозніваць дабро ад зла”, — заклікаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што слова прадстаўнікоў духавенства павінна быць яркім, магутным і напорыстым, што, можа, і не ўласціва для царквы. “Але сёння трэба, час такі. І я заклікаю вас, каб гэты ваш голас з геаграфічнага цэнтра Еўропы прагучаў не толькі для еўрапейцаў, але і для ўсіх народаў свету”, — сказаў прэзідэнт.