Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вельмі важна захаваць сістэмнасць у палітычным дыялогу і асабісты кантроль за выкананнем прынятых намі рашэнняў”

- 9:58Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь і Пакістан маюць намер выходзіць на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках перагавораў з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам.

“Дасягнута разуменне, што Беларусь і Пакістан выйдуць на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Прыклад гэтага — кітайска-пакістанскі эканамічны калідор”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, бакі абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энергетыкі, пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “І Беларусь, і Пакістан — прыхільнікі развіцця мірнага атама”.

У час сустрэчы было адзначана, што Беларусь і Пакістан павінны больш актыўна развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэтымі днямі ў Ісламабадзе быў адкрыты Беларуска-пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. “У час перагавораў дасягнута разуменне, што мы ўзмоцнім сумесную работу ў напрамку сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі. У найбліжэйшы час абмяняемся візітамі спецыялістаў для пашырэння супрацоўніцтва па гэтых напрамках, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — У найбліжэйшай перспектыве мы зробім канкрэтныя захады па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у лёгкай (пераважна тэкстыльнай) прамысловасці, у лясной гаспадарцы, мытнай справе, стандартызацыі і сертыфікацыі. Мы прапанавалі пакістанскім сябрам паслугі беларускіх кампаній па будаўніцтве”.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што наспела неабходнасць адкрыць паміж Беларуссю і Пакістанам прамыя паветраныя зносіны для павелічэння ўзаемнага пасажыра- і грузапатоку.

“Гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якія мы абмяркоўвалі ў час візіту. Іх далейшае вырашэнне запатрабуе новых сустрэч і кантактаў, таму я з вялікім задавальненнем запрасіў майго сябра — прэм’ер-міністра Наваза Шарыфа — чарговы раз наведаць Беларусь у любы зручны для яго час. Для нас вельмі важна захаваць сістэмнасць у палітычным дыялогу і асабісты кантроль за выкананнем прынятых намі рашэнняў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф адзначыў, што чарговы візіт Прэзідэнта Беларусі з’яўляецца яркім знакам гатоўнасці краіны развіваць дружалюбныя адносіны з Пакістанам. “Я ўдзячны вам за асабісты ўклад у інтэнсіўнае развіццё нашага двухбаковага супрацоўніцтва. Абмен візітамі на вышэйшым узроўні прывёў да росту супрацоўніцтва і вывеў яго на якасна новы ўзровень”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, у час плённых перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам бакі дасягнулі дамоўленасцей аб далейшым развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферах адукацыі, культуры, навукі і тэхналогій. “З радасцю заяўляю, што мы падпісалі сумесную заяву па выніках сустрэчы, якая сведчыць аб цвёрдым намеры бакоў працягваць супрацоўніцтва ў многіх сферах”, — дадаў Наваз Шарыф.