Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вітаем тое, што Еўропа цяпер убачыла Беларусь, ацаніла Беларусь і мы можам наладжваць нармальнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва”

- 9:42Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Еўрапейскага саюза па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам выказаў задавальненне тым, што Беларусь і ЕС адышлі ад лабавога процістаяння.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ён “рады таму, што ўсё ж такі мы прайшлі свой шлях, Еўрапейскі саюз прайшоў свой шлях, і мы адышлі ад гэтага лабавога процістаяння”. Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што ў свой час ЕС і Беларусь “пабудавалі незразумелую сцяну паміж сабой і спрабавалі праз гэтую агароджу нават не размаўляць, а абменьвацца фразамі”. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэты перыяд адышоў у нябыт.
“Мы вітаем тое, што Еўропа цяпер убачыла Беларусь, ацаніла Беларусь і мы можам наладжваць нармальнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва”, — сказаў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта абавязкова прывядзе да сур’ёзных зрухаў і па іншых напрамках. “Я не адрываю гуманітарныя праблемы ад эканамічных. Вырашэнне гуманітарных праблем непасрэдна залежыць ад эканомікі. Па меры яе пашырэння і росту самі па сабе адпадуць многія пытанні гуманітарнага характару, у тым ліку правоў чалавека, як гэта разумеецца ў Еўрапейскім саюзе”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што не крытыкуе Еўропу за тое, як яна разумее правы чалавека. “Еўрапейскі саюз — гэта “дарослая” арганізацыя, там разумныя людзі, яны ўмеюць фармуляваць тое, што яны хочуць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Але ў нас ёсць сваё разуменне гуманітарных праблем, у тым ліку праблем правоў чалавека”, — звярнуў увагу прэзідэнт і падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі залежыць не толькі ад яго асабістага разумення ці разумення з боку беларускіх улад. Калі гэта было б так, то ўсе гэтыя праблемы ў Беларусі ўжо хутка вырашылі б, дадаў прэзідэнт.
“Вырашэнне гэтых праблем ляжыць у плоскасці жыцця людзей, і перш за ўсё матэрыяльнага. Мы так гэта разумеем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым ён падкрэсліў, што Беларусь развівае гэты напрамак і бачыць, у які бок ідзе свет, як вырашаюцца такія праблемы ў Еўрапейскім саюзе, ЗША, Расіі, Кітаі і іншых дзяржавах. “Мы людзі мабільныя, мы вучымся. Мы многае ў вас задзейнічалі і прыстасавалі да таго жыцця, якое ў нас ёсць. Я думаю, так будзе і ў далейшым”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. У той жа час і Еўрапейскі саюз цяпер больш разумее Беларусь, адзначыў прэзідэнт і выказаў упэўненасць, што гэты працэс будзе і далей ісці ў тым жа рэчышчы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў такой тонкай праблеме, як правы чалавека, не ўдасца разабрацца за кошт асобных, разавых мерапрыемстваў. “Патрэбны пастаянны дыялог, пастаянныя кантакты, таму што гэта праблема эканамічнага і глыбока псіхалагічнага характару. І адыходзіць ад пастаяннага дыялогу нельга, таму што нічога ў выніку не атрымаецца”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт разлічвае, што ў час візіту спецпрадстаўніка ЕС у Беларусь у бакоў будзе магчымасць разабрацца ў праблемах, якія ўзнікаюць у двухбаковых адносінах у гуманітарнай сферы, вызначыцца па некаторых разыходжаннях у тэрмінах і паняццях.
У сваю чаргу Стаўрас Ламбрынідзіс запэўніў Аляксандра Лукашэнку, што ў ЕС, як і ў Беларусі, не разглядаюць тэму правоў чалавека асобна ад эканамічных пытанняў. “Мы лічым, што зрухі ў гэтай галіне будуць звязаны непасрэдным чынам, напрыклад, з замежнымі інвестыцыямі і з узаемадзеяннем у гандлёва-эканамічнай сферы”, — адзначыў спецпрадстаўнік ЕС. Еўрасаюз, паводле слоў Стаўраса Ламбрынідзіса, разлічвае істотна нарасціць узаемадзеянне з Беларуссю ва ўсіх сферах.
Стаўрас Ламбрынідзіс падкрэсліў, што нядаўняе зняцце санкцый з Беларусі ў Еўрапейскім саюзе разглядаюць “як магчымасць прымножыць, істотна нарасціць наша ўзаемадзеянне ва ўсіх без выключэння сферах, як у палітычнай, так і ў эканамічнай, у сферы правоў чалавека”.
Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за сустрэчу і за магчымасць наведаць краіну.
Пасада спецпрадстаўніка ЕС па правах чалавека заснавана ў 2012 годзе. Асноўная задача — павышэнне эфектыўнасці і знешняе прадстаўленне палітыкі Еўрасаюза ў сферы правоў чалавека. У 2012 годзе на гэтую пасаду быў назначаны былы міністр замежных спраў Грэцыі Стаўрас Ламбрынідзіс.